Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хакеісты менскага «Дынама» загаварылі па-беларуску ВІДЭА


На афіцыйным сайце хакейнага клюбу «Дынама-Менск» зьявіліся відэаролікі, на якіх хакеісты каманды чытаюць творы клясыкаў беларускай паэзіі.

Артур Гаўрус («Мой родны кут», Якуб Колас):

— Беларуская мова — дзяржаўная, нароўні з рускай. Паважаю яе, стаўлюся станоўча. Ведаю не сказаць, што на 100%, але досыць добра. У школе беларускую вывучаў, асаблівых складанасьцяў з гэтым прадметам у мяне не было. Калі зараз сустрэну беларускамоўных людзей, без праблемаў змагу зь імі паразмаўляць. Уступ з «Новай зямлі» Коласа дагэтуль ведаю амаль на памяць, яшчэ са школьных часоў, таму прачытаў, здаецца, упэўнена.

Сяргей Дрозд («Па-над белым пухам вішняў» Максім Багдановіч):

— Прачытаў верш лёгка. Праўда, трапляліся словы, сэнс якіх не зусім разумеў, але з чытаньнем па-беларуску ў мяне цяжкасьцяў няма. Калі шчыра, з роднай мовай у мяне ёсьць праблемы. Справа ў тым, што школу я скончыў ў Яраслаўлі, дзе, натуральна, ніякай беларускай мовы мы не вывучалі. Літаральна толькі першыя тры клясы вывучаў беларускую. Але з творам Максіма Багдановіча быў знаёмы і да здымкаў. Адкуль? Пэўна, усё ж нешта запомніў з малодшых клясаў.

Яўгені Лісавец («Трэба дома бываць часцей», Рыгор Барадулін):

— Беларуская мова вельмі прыгожая. Негледзячы на тое, што ў мяне даўно ўжо не было практыкі — то часу няма, то паездкі, дый англійская мова зараз у нашай камандзе больш актуальная, з асалодай узяў удзел у гэтым праекце. У школе родная мова давалася лёгка, можа нават лепей, чым маім аднаклясьнікам. Ведаў яе добра, праўда, адзнакі ўсё ж былі сярэднія. Карыстацца мовай даводзіцца рэдка. У асноўным дома, у Горадні. Таму што бабулі і дзядулі размаўляюць на сумесі беларускай і расейскай. Больш, бадай што, з неабходнасьцю размаўляць па-беларуску не сутыкаўся. Верш Барадуліна, які мне прапанавалі прачытаць, крыху памятаў, мабыць, са школьнай праграмы. А вось купалаўская «Спадчына», якую чытаў у мінулым годзе на КХЛ-ТБ, была добра знаёмая, ледзь не на памяць ведаў.

Далей клюбны сайт піша, што «Праект далёка ня скончаны! Мы яшчэ пачуем Гусоўскага ў выкананьні Аляксандра Паўловіча, Дубоўку ад Ільлі Шынкевіча і Броўку з вуснаў Аляксандра Кулакова».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG