Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Служба бясьпекі Ўкраіны: Расея ўтрымлівае на сваёй тэрыторыі 9 украінскіх закладнікаў


Васіль Грыцак.

Васіль Грыцак.

Кіраўнік Службы бясьпекі Ўкраіны Васіль Грыцак заявіў, што на тэрыторыі гэтак званых Луганскай і Данецкай народных рэспублік утрымліваецца 102 украінскія закладнікі і яшчэ 9 знаходзяцца на тэрыторыі Расеі.

«На тэрыторыі асобных раёнаў Данецкай і Луганскай абласьцей застаецца яшчэ 111 закладнікаў (зь іх 9 на тэрыторыі Расеі), зьніклых бязь вестак — 499», — паведаміў Васль Грыцак сёньня на брыфінгу ў Кіеве.

Паводле яго, за ўвесь часы дзейнасьці Аб’яднанага цэнтру ў пытаньнях пошуку месцаў знаходжаньня закладнікаў і зьніклых без вестак вызваленыя 3082 асобы, у тым ліку 1484 — цывільных і 1484 — вайскоўцаў, супрацоўнікаў праваахоўных органаў і байцоў добраахвотніцкіх батальёнаў.

Кіраўнік СБУ сёньня абнародаваў сьведчаньні вызваленых закладнікаў, якія распавядалі пра катаваньні і зьдзекі з боку прадстаўнікоў незаконных тэрарыстычных груповак, а часам і непасрэдна вайскоўцаў Расеі. «Мы зьбіраем сьведчаньні людзей аб гэтых жудасных катаваньнях пастаянна. Катуюць ня толькі вайскоўцаў, але і цывільных — нават сьвятароў. Увогуле мы сабралі ўжо 124 сьведчаньні. Але абнародуем іх толькі пры згодзе пацярпелых», — падкрэсьліў ён.

Васіль Грыцак дадаў, што ў часе працы ўстаноўленае месца знаходжаньня васьмі вязьніц, у тым ліку 6 — на тэрыторыі Данецкай і 2 — на тэрыторыі Луганскай абласьцей. «У час знаходжаньня ў закладніках, нашы суайчыньнікі былі цалкам пазбаўленыя права на любую юрыдычную абарону, да іх фактычна не дапускалі прадстаўнікоў міжнародных праваабарончых арганізацый, а ўмовы іх бесчалавечнага ўтрыманьня не асьвятлялі СМІ», — паведаміў кіраўнік СБУ і заклікаў міжнародныя праваабарончыя арганізацыі дапамагчы ў пошуках украінскіх закладнікаў.

Кіраўнік Службы бясьпекі Ўкраіны паведаміў, што ўсе дадзеныя пра закладнікаў перададзеныя ў офісы канцлера Нямеччыны Ангелы Мэркель і прэзыдэнта Францыі Франсуа Алянда.

Напярэдадні, 22 верасьня, стала вядома, што самаабвешчаныя ўлады гэтак званых «ДНР» і «ЛНР» пацьвердзілі гатоўнасьць перадаць Украіне 47 закладнікаў у абмен на 618 сваіх палонных. У той жа час у Службе бясьпекі Ўкраіны адзначылі некарэктнасьць такой формулы абмену. «Мы будзем перадаваць тых, каго можам перадаць законна», — паведаміў дарадца кіраўніка СБУ Юры Тандзіт, адзначыўшы, што раней была дасягнутая дамоўленасьць пра формулу абмену «ўсіх на ўсіх».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG