Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рассельгаснагляд абмежаваў увоз беларускай «Дружбы»


З 23 верасьня Рассельгаснагляд увёў часовыя абмежаваньні на ўвоз у Расею прадукцыі беларускай птушкафабрыкі «Дружба», што вырабляе каўбасы, сасіскі, паштэты, вяндліну і вэнджаніну, курынае мяса, паўфабрыкаты, пітную ваду і газаваныя напоі.

Як паведамляецца на сайце Рассельгаснагляду, абмежаваньне ўведзенае з прычыны «неаднаразовых перавышэньняў мікрабіялягічных паказьнікаў бясьпекі, а таксама выяўленьня рэштак забароненых лекавых і шкодных сродкаў».

Абмежаваньні могуць быць скасаваныя пасьля расьсьледаваньня зь беларускага боку і перадачы Рассельгаснагляду яго вынікаў. Пры гэтым дазваляецца ў звычайным рэжыме пропуск грузаў з прадпрыемства, што былі адгружаныя да даты ўвядзеньня забароны.

Рэгулярныя выяўленьні парушэньняў і забароны на беларускую прадукцыю «Рассельгаснаглядам» часам называюць «малочнымі войнамі» (забараняецца ўвоз ня толькі малочнай, але і мясной прадукцыі, у тым ліку сасісак). Паралельна зь імі ідуць «нафта-газавыя войны», якія міністар замежных спраў Беларусі Ўладзімер Макей прасіў ня зьвязваць са спробай нармалізацыі стасункаў Беларусі з Эўразьвязам.

XS
SM
MD
LG