Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кангрэсмэны-дэмакраты абвінавачваюць Расею ў хакерстве на шкоду ЗША


Вядучыя кангрэсмэны з Дэмакратычнай партыі ЗША на пасяджэньні камітэтаў па выведцы абвінавацілі Расею ў спробе паўплываць з дапамогай кампутарнага хакерства на заплянаваныя на 8 лістапада прэзыдэнцкія выбары ў Злучаных Штатах.

Сэнатар Даян Файнштэйн і сябра Палаты прадстаўнікоў Кангрэсу ЗША Адам Шыф заявілі, што «на падставе атрыманых паведамленьняў мы прыйшлі да высновы, што расейскія спэцслужбы прыкладаюць сур’ёзныя і ўзгодненыя намаганьні для ўплыву на выбары ў ЗША».

«Мы ня бачым ніякага іншага абгрунтаваньня паводзінаў расейцаў», — дадалі кангрэсмэны і заклікалі прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна «загадаць спыніць гэтую дзейнасьць».

Паводле паведамленьня Reuters, адміністрацыя Абамы лічыць, што дзьве расейскія спэцслужбы, вайсковае Галоўнае выведнае ўпраўленьне і Фэдэральная служба бясьпекі стаяць за апошнімі кібэратакамі, якія сталі больш частымі і больш нахабнымі.

Разнастайнасьць хакерскіх нападаў, мэтай якіх зьяўляецца як Нацыянальны камітэт Дэмакратычнай партыі, так і арыентаваныя на рэспубліканцаў былыя дыпляматы, прымусіла амэрыканскіх чыноўнікаў зрабіць выснову, што мэта Расеі заключаецца ня проста ў прасоўваньні якога-небудзь з кандыдатаў на выбарах 8 лістапада, але ў дыскрэдытацыі выбараў і дэмакратыі, адзначае Reuters.

XS
SM
MD
LG