Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Прызнаеш віну, будзеш на волі!», — магілёўскі прадпрымальнік расказаў Свабодзе пра турэмны досьвед


Сяргей Гаравы

Сяргей Гаравы

Магілёўскі прадпрымальнік Сяргей Гаравы пасьля больш чым гадавога зьняволеньня выйшаў на волю са сьледчага ізалятару магілёўскай турмы № 4.

Бізнэсовец адмовіўся пісаць прашэньне аб памілаваньні на імя Аляксандра Лукашэнкі. Сваёй віны ён не прызнаў і зьбіраецца на волі дамагацца справядлівасьці.

Гісторыя са зьняволеньнем Сяргея Гаравога стала вядомая дзякуючы ягонай жонцы Сьвятлане Скібе. Яна распавяла Свабодзе пра тое, з чым сутыкнуўся яе муж і як выжывае ягоная сям’я, пазбаўленая падтрымкі.

Кастрычніцкі суд Магілёву прызнаў Сяргея Гаравога вінаватым ва ўхіленьні ад выплаты падаткаў у асабліва буйным памеры і асудзіў на 4 гады калёніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасьці. Сяргей аплаціў вызначаную судом шкоду 185 мільёнаў недэнамінаваных рублёў, але гэта не ўратавала бізнэсоўца ад турмы.

Сьвятлана Скіба

Сьвятлана Скіба

Калегія абласнога суду перагледзела пакараньне. Гаравы застаўся вінаватым, аднак пакараньне яму зьмякчылі да 2 гадоў і шасьці месяцаў без накіраваньня ў папраўчыя ўстановы адкрытага тыпу. З улікам часу, які ён правёў у няволі, яго вызвалілі пад падпіску аб нявыезьдзе. Яму забаронена на працягу пяці гадоў займаць пасады, зьвязаныя з адміністрацыйна-гаспадарчымі і арганізацыйна-распарадчымі функцыямі.

Магілёўскі бізнэсовец, які адмовіўся прасіць памілаваньня ў Лукашэнкі, выходзіць на волю

У дзень вынясеньня новага выраку, 22 верасьня, пасьля 19 гадзінаў бізнэсовец выйшаў на свабоду. Яго сустрэла жонка ды сябры. Сяргей Гаравы быў у майцы з фатаздымкам сваёй сям’і. Пакуль Сяргей сядзеў у турме, у яго нарадзілася дачка. Яе ён бачыў толькі на фатаздымках.

Пазнаёмлюся з дачкой

«Першае, што я зраблю, калі прыйду да хаты, то абдыму сваіх дзяцей. Жонку ўжо абняў. Пазнаёмлюся з дачкой», — першымі словамі ў гутарцы з журналістам сказаў Сяргей Гаравы.

Што дапамагала выжыць у турме?

«Выжыць у турме дапамагалі родныя і блізкія, — казаў ён. — Іхняя ўвага. Сам я лічу сябе чалавекам з моцным духам і целам. Безумоўна, турма для мяне была выпрабаваньнем, і я яго адолеў. Спадзяюся, што адолеў годна.

Сустрэча на волі

Сустрэча на волі

Ці было патрэбна такое выпрабаваньне? Мяркую, што так. Значыць, так было трэба. Значыць, я яго заслужыў. Можа трэба было недзе спыніцца, агледзецца ў сваіх справах. Але ў кожным разе гэта досьвед. Няхай ён і нэгатыўны. Цяпер я буду ведаць, як я буду дзейнічаць у бізнэсе. Спыняцца, аднак, не зьбіраюся. Буду ісьці наперад».

Прадпрымальнікі ў турме

«Больш за палову тых, хто са мной сядзеў, праходзілі абвінавачванымі альбо былі асуджаныя за эканамічныя злачынствы», — адзначыў Сяргей Гаравы.

«Вызвалілі людзей пасьля таго, як яны прызнавалі сваю віну, нават калі яны і не былі вінаватымі і выплачвалі прысуджаную шкоду. Выйсьці іначай з турмы не было як. Але галоўнае пасьля выплаты шкоды было прызнаньне віны. Аднак ня многім, як мне, пашанцавала. Адзінкам».

Просьбу аб памілаваньні не напісаў, бо не вінаваты

«Пра памілаваньне не прасіў, бо не лічыў сябе вінаватым», — даводзіў вызвалены бізнэсовец.

«Я ішоў да канца і пайду да канца. Яшчэ ёсьць у мяне Вярхоўны Суд. Навошта мне атрымліваць эканамічны артыкул? А пагатоў, як мне давалі паперы падпісваць, яшчэ з канфіскацыяй маёмасьці. За што?

Ля турмы, на волі

Ля турмы, на волі

Яны зрабілі так, што я выйшаў на свабоду, час, які я адседзеў у турме мне залічаны і цяпер яны могуць спакойна прыходзіць і забіраць маю маёмасьць. Спадзяюся, што ў Вярхоўным Судзе мяне пачуюць. Я застаюся быць вінаватым. Нават, калі і хатняя хімія, але гэта ўсё роўна пакараньне».

Ці проста весьці бізнэс у Беларусі?

«Я ў бізнэсе з 2001 году. Было ў мяне рознае, але такога самаўпраўства, зь якім я сутыкнуўся, што выраблялі сьледчыя цяпер, што яны зьляпалі супраць мяне (я не кажу пра дзеяньні супраць тых асобаў, якія праходзілі па маёй справе, я адказваю толькі за сябе) — гэта самаўпраўства. Яны самаўпраўнічаюць беспакарана. Але я ўсё роўна буду дамагацца справядлівасьці», — заяўляе Сяргей Гаравы.

Чаму апынуўся ў турме

«Я не ішоў на зьдзелку са сьледзтвам, не прызнаваў віны, бо яе не было, — даводзіў журналісту Свабоды суразмоўца. — Сьледчы страшыў мяне: „Як не прызнаеш віну, паедзеш у турму. Як прызнаеш яе — будзеш пешшу хадзіць у суд“. Я настойваў, што прызнаваць сябе вінаватым не зьбіраюся, бо я чысты быў перад законам.

Спачатку ў межах адміністрацыйнай справы мне прызначалі вялікую суму штрафу і ён ня быў сплачаны цалкам. Частковая выплата штрафу прывяла да банкруцтва прадпрыемства. У мяне не было грошай на штраф. Я заяўляў, што ня буду плаціць са сваіх асабістых сродкаў. Настойваў, каб бралі з прадпрыемства».

Сьледзтва: удзельнічаў у фінансавых махінацыях

Сяргей Гаравы быў дырэктарам фірмы «Элеста», якая займалася пастаўкай электраабсталяваньня. Паводле вэрсіі сьледзтва, фірма Гаравога супрацоўнічала з падкантрольнымі арганізацыямі галоўнага фігуранта справы Пятра Акулава, якія займаліся незаконнымі фінансавымі апэрацыямі: пераводзілі безнаяўныя грошы ў гатоўку і наадварот. Суд палічыў, што Гаравы ўхіляўся такім чынам ад выплаты падаткаў.

Адвакат: падабароннага абгаварылі

Адвакат на разглядзе касацыйнай скаргі настойваў на адсутнасьці складу злачынства ў дзеяньнях Сяргея Гаравога і прасіў вызваліць яго. Сваю пазыцыю абаронца аргумэнтаваў тым, што яго падабаронны, па сутнасьці, стаўся ахвярай абгавору Акулава. Гаравы ня быў знаёмы з Акулавым, даводзіў адвакат.

«Чаму, — зьвяртаўся ён да судовай калегіі, — сотням кіраўнікоў арганізацыяў, зь якімі супрацоўнічаў Акулаў, сьледзтва паверыла, а Гаравому — не?». Паводле адваката, галоўны фігурант справы быў 13 разоў дапытаны, і тады ён «ня змог нават успомніць, хто такі Гаравы». «І раптам за месяц да сканчэньня папярэдняга расьсьледаваньня і перакваліфікацыі яму абвінавачаньня на больш мяккае Акулава прарвала, — даводзіў адвакат.

Сустрэча на волі

Сустрэча на волі

«19 чэрвеня 2015 году ён прыгадвае, хто такі Гаравы, а 24 чэрвеня дае абвінаваўчыя паказаньні супраць майго падабароннага. Іх затым пацьвярджае на вочнай стаўцы з Гаравым і разьвівае ў ходзе допыту 9 ліпеня. І гэта першыя абставіны, якія нельга не заўважыць ацэньваючы паказаньні Акулава ў ракурсе іх пасьлядоўнасьці».

Жонка: галоўны фігурант прызнаўся, што абгаварыў мужа

Сяргей Гаравога, па словах ягонай жонкі, арыштавалі ў ліпені 2015 году. Сьвятлана сьцьвярджае, што ў апошнім сваім слове Пётар Гаравы прызнаўся, што абгаварыў яе мужа.

Галоўны фігурант: 45,7 мільярда шкоды

Паводле сьледзтва, Пётра Акулаў займаўся незаконнымі апэрацыямі да 2013 году, прыносячы ўладальніку даход у асабліва буйным памеры. Ён асуджаны да шасьці гадоў зьняволеньня. Суд пастанавіў спагнаць зь яго 45,7 мільярда рублёў незаконна атрыманага даходу. Калегія абласнога суда пакінула вырак Кастрычніцкага суда Магілёву ў сіле.

Тым часам калегія абласнога суду зьмякчыла прысуд яшчэ аднаму фігуранту справы — Дзьмітрыю Максімкову — зь пяці год калёніі ўзмоцненага рэжыму да трох.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG