Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Працяг суду за сьпяваньне гімну «Магутны Божа» — 26 верасьня


Георгі Станкевіч, праваабаронца Павал Левінаў, Тацяна Севярынец, Алена Шабуня

Георгі Станкевіч, праваабаронца Павал Левінаў, Тацяна Севярынец, Алена Шабуня

Судзьдзя Кастрычніцкага райсуду Ўладзімер Царыкаў абвясьціў перапынак у судовым працэсе над Тацянай Севярынец, Аленай Шабуняй і Георгіем Станкевічам.

Актывістаў, якія падчас зьбіраньня подпісаў за вылучэньне кандыдатамі ў дэпутаты парлямэнту сьпявалі песьні, вінавацяць у правядзеньні несанкцыянаванай вулічнай акцыі.

Відаць, што судзьдзя Ўладзімер Царыкаў рыхтаваўся да працэсу сур’ёзна: загадзя нават быў запрошаны перакладчык зь веданьнем беларускай і расейскай моваў, прычым не абы-хто, а кандыдат філялягічных навук зь Віцебскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту.

Аднак пратаколы, напісаныя «пад капірку», не адлюстроўвалі сутнасьці падзеяў 27 ліпеня. У той дзень Тацяна Севярынец, Алена Шабуня і Георгі Станкевіч ладзілі супольны пікет па зборы подпісаў, падчас якога заадно віншавалі мінакоў з гадавінай прыняцьця Дэклярацыі аб дзяржаўным сувэрэнітэце Беларусі. І прасьпявалі гімн «Магутны Божа», а «бард Свабоды» Георгі Станкевіч выканаў і ўласную песьню «Сьцяг».

На суд Георгі Станкевіч таксама прыйшоў з гітарай

На суд Георгі Станкевіч таксама прыйшоў з гітарай

«У пратаколе напісана, што кожны з нас выражаў „грамадзка-палітычныя меркаваньні, трымаючы бел-чырвона-белы сьцяг“ і сьпяваючы песьні. Але я сьцяга ня меў, толькі сьпяваў. І ўжо шкадую, што выканаў занадта мала песень, раз усё адно дайшло да суду», — сказаў на працэсе Георгі Станкевіч.

«Я ўвогуле не сьпявала, толькі трымала сьцяг. У пратаколе напісана мана. Гэта ня лічачы таго, што абвінавачаньне ў несанкцыянаваным пікетаваньні — поўная бязглузьдзіца. Паводле выбарчага заканадаўства мы ня мусім прасіць дазволу ў раённай адміністрацыі. Наш абавязак толькі — каб мы не зьбіралі подпісы ў месцах, дзе гэта забаронена выканкамамі. Гэтага абавязку мы прытрымліваліся пільна», — сказала Алена Шабуня.

Дэталёвае тлумачэньне інцыдэнту дала Тацяна Севярынец:

«Як асобы, якія прэтэндавалі на ўдзел у выбарах у якасьці кандыдатаў, мы мелі права праводзіць пікеты па зборы подпісаў. І вырашылі рабіць гэта супольна. Сабраўшыся на вуліцы Леніна на баку гандлёвага цэнтру „Марка-сіці“, мы зразумелі, што размаўляць зь мінакамі нам перашкаджае гук рэклямных ролікаў, якія трансьлююцца побач на вялікім экране. І мы дамовіліся, каб перайсьці на другі бок вуліцы. Але там мінакоў было значна менш. Не ўдалося прыцягнуць увагу людзей нават тым, што мы пачалі сьпяваць. Адзінае, чаго мы дамагліся, — гэта пільнай увагі з боку міліцыі».

Каля Кастрычніцкага райсуду

Каля Кастрычніцкага райсуду

Судзьдзя Ўладзімер Царыкаў перапытаў, ці атрымлівалі актывісты заўвагі ад прысутных супрацоўнікаў міліцыі за свае сьпевы.

«Нам не сказалі ніводнага слова, толькі моўчкі ўсё здымалі на відэакамэры. А праз колькі дзён нас выклікалі ў Кастрычніцкі РАУС, бо палкоўнік Ігар Скарыновіч, намесьнік начальніка міліцыі грамадзкай бясьпекі Віцебскага аблвыканкаму, напісаў на нас рапарт. Мы далі тлумачэньні, а пасьля напісалі скаргу на спадара Скарыновіча — што ён ня ведае выбарчага заканадаўства, раз у пікеце па зборы подпісаў бачыць парушэньне правапарадку», — сказала Алена Шабуня.

На яе думку, менавіта скарга на міліцэйскага начальніка прывяла да таго, што ўсіх трох экс-кандыдатаў у дэпутаты сёньня судзяць. Бо справу за сьпевы ўжо былі скасавалі, аднак пасьля скаргі на Ігара Скарыновіча аднавілі.

Пасьля таго як судзьдзя абвясьціў перапынак да 16-й гадзіны 26-га верасьня, «каб разабрацца ў акалічнасьцях, якія не знайшлі адлюстраваньня ў пратаколах», актывісты хадайнічалі, каб спадара Скарыновіча таксама выклікалі на працэс. А яшчэ — старшыняў акруговых камісіяў, бо пікет 27 ліпеня быў не адзіны, дзе актывісты сьпявалі, і ні разу яны не атрымалі ніводнай заўвагі за такія дзеяньні.

Тацяну Севярынец, Алену Шабуню і Георгія Станкевіча кансультуе праваабаронца Павал Левінаў. Падтрымаць актывістаў у судзе прыйшлі іхныя аднадумцы з аргкамітэту па стварэньні партыі БХД і іншых партыяў ды грамадзкіх арганізацыяў.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG