Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Спакусы ўлады і Біблія


Як вядома, усякая ўлада «ад Бога», хочаш згаджайся, хочаш не. Але прынамсі царкоўнікі ў гэтым упэўненыя. Іх навучыла так лічыць чытаньне Бібліі.

Мяркуючы па паводзінах некаторых вялікіх начальнікаў, яны таксама паступова пачынаюць уваходзіць у ролю «боскіх намесьнікаў», калі сядаюць «усур’ёз і надоўга» і нікуды не зьбіраюцца сыходзіць. Аднак тэма гэтая ня надта распрацаваная ў літаратуры, кіно і сцэнічным мастацтве. Можна прыгадаць хіба народную драму «Цар Ірад», але гэта крыху зь іншай опэры.

Калісьці трупа Ігната Буйніцкага езьдзіла па Беларусі, каб людзі ў правінцыі пабачылі спэктаклі на роднай мове. Штось рамантычнае ці сьмешнае. Затым існавала разьязная трупа Ўладыслава Галубка. Пакуль ня быў створаны дзяржаўны вандроўны тэатар (1926). У савецкія часы акторы абавязаныя былі выступаць у працоўных калектывах, далучаць насельніцтва да прыгожага мастацтва. І тэма ўлады, можа гэта прагучыць даволі нечакана, сяк-так прысутнічала. Самадур старшыня калгасу з аднаго боку і прынцыповы, крыштальна чысты сакратар партбюро, які гарой за справядлівасьць, за народ — з другой.

Сёньня мы маем асаблівы прыклад: напалову аматарская тэатральная сябрына зь Менску ў асьветных мэтах паказвае ў правінцыі адзін канкрэтны спэктакль — «Біблія князя Радзівіла». У Горадні сёлета яго прывозілі двойчы. Пастаноўка на беларускай мове, прысьвечаная недастаткова вядомаму шырокім масам дзеячу Вялікага княства Літоўскага Мікалаю Радзівілу Чорнаму. Ён пакінуў вельмі адметны сьлед у нашай гісторыі.

Задума нарадзілася ў пратэстанцкім асяродку. Таму рэлігійна-адукацыйная мэта відавочная. Януш Радзівіл быў значнай постацьцю Рэфармацыі. П’еса была напісаная гісторыкам Андрэем Унучкам, беларускія пісьменьнікі драматургічных твораў аб ім не стваралі. Апроч маральнай, этычнай, у спэктаклі вельмі моцна гучыць тэма ўлады. Калі разважыць: што сёньня можа быць больш цікавым? Калі ў самой Беларусі, навокал яе і ў краінах менш блізкіх пастаянна адбываюцца драмы ўлады, фарсы, трагікамэдыі. Тэма заўсёды надзённая, ва ўсе часы.

Тэма ўлады ў Беларусі, уласна кажучы, ці не на першым месцы. Ніхто не аспрэчыць. Вось чаму прыклад былых дзяржаўных дзеячаў варта сёньня асэнсоўваць, папулярызаваць. Параўноўваць. Бо цяпер увесь вопыт дзяржаўнага кіраваньня абмяжоўваюць праўленьнем Лукашэнкі. З гэтай нагоды апошняе начальства адсунула на пэрыфэрыю нават Машэрава, які пакінуў пэўны сьлед у народнай сьвядомасьці. Якога памяталі нават праз трыццаць год пасьля гібелі. Цікава: спачатку пры Лукашэнку Машэрава ўшаноўвалі, у Горадні нават сход урачысты адбыўся ў драмтэатры, успаміналі першага сакратара ЦК КПБ і хвалілі. Але пазьней ягонае імя «вымазалі» з назвы сталічнага праспэкта, далі наўзамен звычайную вуліцу. Рукой галоўнага начальніка. Быў яшчэ Мазураў, гэтае прозьвішча затрымалася на нейкі час у галовах. Але калі? Пры Хрушчове! Астатнія першыя сакратары ЦК КПБ былі, як той казаў, на адно аблічча.

А што было да вайны, у кароткі час беларусізацыі і контрнаступу на яе — ці хто памятае? Тым больш калі тагачасных кіраўнікоў зрабілі «ворагамі народу», каго расстралялі, каго замучалі. Ці, калі пашэнціла, перавялі на іншую працу ў Расею. У выніку застаецца на сёньня адзін Лукашэнка на ўсе апошнія пяцьсот гадоў. Такі афіцыйны погляд на рэчы. Няхай можа ня вымаўлены, але сфармуляваны.

Але ж, дарагія таварышы, быў яшчэ Мікалай Радзівіл Чорны!

Вільня, 1552 год, Мікалай Радзівіл Чорны прыяжджае да свайго брата Яна. Смутны брат сядзіць зь Бібліяй у руках. Ён вельмі хворы. Мікалай настроены непрыхільна, ваяўніча. Чаму? Паміж братамі было суперніцтва. Больш маёмасьці, больш улады хацелася, тытулаў. Злосьць і сваркі былі. У прадчуваньні блізкай сьмерці Ян хоча памірыцца. Але ж калі маёмасьць дзялілі, «ты пакляўся мне й гузіка лішняга не пакінуць!» — кідае яму Мікалай. І яшчэ закід — што Ян «падаўся да нейкіх эвангелікаў», такія «ўчынкі» могуць адбіцца на службе Мікалая. «Я канцлер, на маіх плячах цэлая краіна, а брат у мяне эвангелік!»

Раз мірыцца ня хоча, Ян перадае яму сваю Біблію, надрукаваную Скарынам. Мікалай грэбліва адмаўляецца і рэзка сыходзіць. Ян застаецца сядзець з працягнутай рукой, у якой кніга.

Ня толькі барада ў яго чорная, але й душа, пляткараць людзі пра Мікалая. Дык няхай і для Радзівіла Чорнага настануць чорныя дні, кажа хтосьці...

Хуткая сьмерць брата, скарынаўская Біблія ў руках Мікалая.

Праз нейкі час навіна ўразіла шляхту: Мікалай Радзівіл Чорны сам стаў эвангелікам, «бязь Бібліі нікуды». Сам ён ходзіць па сцэне ды ўголас зачытвае кавалкі. Захацеў жыць праведным жыцьцём. Зьвяртаецца да Бога: хачу жыць для цябе... Хоча пайсьці за Богам. «Як мяне запомняць людзі гэтае зямлі, што я пакіну будучым пакаленьням?» Калі працуючы на радзіму, ён працуе на сябе і свой род...

Некаторыя народы зьмяняюць лад жыцьця, кажа Радзівіл магнатам, шляхце. І краіны некаторыя не пазнаць. Біблія стане асновай майго жыцьця і трэба, каб так сталася з усёй краінай, ён да гэтага прыкладзе сілы. Каб стаць самым цывілізаваным, адукаваным і свабодным народам Эўропы. Само сабой, з божай дапамогай, кажа ён. Радзівіл адкрывае малітоўныя сходы ў палацы, на якія запрашае шляхту. На супольную малітву. І запрасіў вялікага князя Жыгімонта Аўгуста.

Дык значыць, ён хоча ўвесьці ў краіне новую веру? Ня новую, але абноўленую —удакладняе ён. І зь яе дапамогай зьмяняць краіну.

За дванаццаць год ён заснаваў дзьве друкарні — берасьцейскую і нясьвіскую. Правёў удалую зямельную рэформу, умацаваў ВКЛ. Час Мікалая Радзівіла Чорнага адрозьніваўся культурным і палітычным ўздымам.

Яму пашанцавала на паплечніка, Яўстаха Валовіча, асобу таксама вельмі вядомую ў гісторыі. Але памёр наш Мікалай, і ўсё вярнулася назад, а дзеці родныя — у каталіцтва. Абазнаны глядач таксама адчувае стрэмку: герой спэктаклю, прыняўшы Біблію Скарыны (няхай гэта толькі прыдумка аўтара) з рук братавых, на роднай тагачаснай мове, пакінуў па сабе на польскай, якую ў Берасьці надрукаваў. Такая праўда.

Прэзыдэнты прысягаюць на канстытуцыі, некаторыя кладуць руку на Біблію. Але не адразу: абедзьве рукі на кніжках — гэта перабор. Існуе думка, што й беларусам нядрэнна было б пераняць. Наогул, каб адразу так было б, то пераможца ня стаў бы перавышаць два тэрміны, зацьверджаныя ў канстытуцыі. Біблія ёсьць Біблія! Але ў беларусаў непазьбежнае пытаньне паўстае: які пераклад браць? Якой канфэсіі? Тым больш, як днямі высьветлілася ў Крынках на Беласточчыне, дзе адбыўся «Беларускі трыялёг», што «ранейшыя пераклады Бібліі — Станкевіча, Сёмухі, Чарняўскага — кожны паасобку не выконвае ўсіх патрабаваньняў, у тым ліку патрабаваньняў часу». Каб мяне спыталі, я б параіў Біблію Скарыны. Урэшце клятва на Бібліі — справа сымбалічная.

Цяперашняя ўлада, нібы далёкая ад боскіх справаў, пайшла ў царкву, выступы Лукашэнкі ў храме сталі звычайнай рэччу. Назаўсёды ў гісторыі застанецца і кароткі дыялёг паміж чыноўнікам і прэзыдэнтам. Чыноўнік Лукашэнку: «Вы выше Бога». Сьціплы адказ: «Спасибо». Спачатку слухач слупянее. Але сяк-так намацвае ў галаве кантэкст. Справа ў славутым габэлене!

Вось што напісаў аб гэтым у сваіх «Знаках прыпынку» Уладзімір Някляеў. Мастаку Аляксандру Кішчанку заманулася стварыць беларускі «габэлен веку». Уверсе засталося месца для Бога. Кішчанка спытаў у яго: каго побач з Богам можна зьмясьціць? У Някляева адказу не знайшлося... На прэзэнтацыі мастак паказваў асабіста Лукашэнку, што ён на габэлене «Побач з Госпадам. Нават трошкі вышэй»...

Адзін з рэжысэраў спэктаклю «Біблія князя Радзівіла» Павал Харланчук прызнаецца:

«Я адчуваю, што зараз як ніколі патрэбныя гістарычныя спэктаклі. Наша справа зацікавіць людзей гісторыяй, каб яны перасталі спаць, каб пачалі капацца і глядзець: хто мы ёсьць. Мы павінны ведаць: хто мы і адкуль. І раней былі цікавыя людзі. Мне здаецца, што без гісторыі няма з чым параўноўваць, на што абапірацца. Гэта як дом без падмуркаў».

Прыклад дзяржаўніка ў мінулых часах — Мікалая Радзівіла Чорнага, у прыватнасьці — важны для беларусаў. Хаця, калі браць Радзівілаў, трэба ведаць, што сярод іх былі і самадуры, ня вартыя перайманьня. Павал Харлачук гэта ўсьведамляе: «Я не кажу, што трэба з Радзівілаў сьвятых рабіць. Не. Трэба ведаць і кепскія прыклады, і добрыя. І зважаючы на іх, рабіць сваю будучыню. Бо зь нічога нічога й ня будзе. Мне асабіста шкада, што далей за сваіх бабуль і дзядуль я нікога ня ведаю. Аднойчы нашым бацькам сказалі — што ня варта ведаць. І я так разумею, што для краіны гэта такое ж самае пытаньне. Калі краіна забываецца на сваё мінулае, у яе сапраўды няма будучыні, і гэта ж не мае словы».

Гісторыя не бывае аднаго колеру, хоць далёкая мінуўшчына, хоць цяперашні час. «Я не кажу, што за апошнія дваццаць год нічога добрага не было — разважае Павал Харланчук. — Вяртаецца і памяць аб Радзівілах. Кнігі выдаюцца, музэі ствараюцца. Але кнігу можна не набыць, у музэй не схадзіць. А школы беларускія закрываюцца. Мне будзе вельмі шкада, калі мы страцім сваю існасьць, калі беларусаў ня будзе. Калі зьмяшаемся зь іншымі. Таму што гэта народ, які я люблю, і люблю яго гісторыю. Мне вельмі хочацца, каб мы не забываліся хто мы ёсьць, каб у будучыні мы існавалі».

Што ж, Мікалай Радзівіл Чорны, начальствам, можна сказаць, прызнаны, постэры з партрэтам стаяць у гарадах і ўздоўж дарог. З чаго можна зрабіць выснову: цяперашняя Беларусь прайшла шлях ад Радзівіла да Лукашэнкі. А што будзе далей? Нікому не вядома.

Між іншым, і цяпер бязь Бібліі не абышлося. Перавыдаецца спадчына Францішка Скарыны. Але гэта проста супадзеньне, начальства тут ні пры чым. Скарынаўскую Біблію перавыдавалі ўжо 25 год таму. Тады да 500-годзьдзя самога першадрукара, сёньня —ягонага першадруку. І яна сёньня зусім ня тое, чым была пры Мікалаі Радзівіле Чорным — проста літаратурны помнік.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG