Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Нехта сказаў актывісту Глебу Вайкулю, што яго выклікаюць у міліцыю


Глеб Вайкуль

Глеб Вайкуль

Актывіст Задзіночаньня беларускіх студэнтаў Глеб Вайкуль атрымаў зранку 22 верасьня тэлефанаваньне ад некага, хто «выклікаў» яго ў Маскоўскі РУУС за ўдзел у акцыі «Праспэкт нацыянальнага сьцяга» 19 верасьня.

«Позва зь міліцыі так і не прыйшла, як я не жадаў яе выбіць, — кажа „Свабодзе“ Вайкуль. — Мне сказалі, што ў іх звычайная практыка бяз позвы выклікаць, складаць пратакол (нават калі не зьяўлюся) і потым у суд.

На звычайныя тэлефонныя паведамленьні рэагаваць няма сэнсу, пакуль няма ніякага пісьмовага пацьверджаньня. Вядома, я нікуды не зьбіраюся».

У час акцыі на Вайкуля, як і на іншых удзельнікаў, міліцыя не складала пратаколаў ні за якія правапарушэньні, але людзі ў цывільным фільмавалі ўдзельнікаў акцыі. Вайкуль кажа, што пытаў іншых, ці выклікалі іх у міліцыю, але падобна, што тэлефанавалі толькі яму.

«Я ўпэўнены, што будзе складзены пратакол сёньня і высланы па пошце, — мяркуе актывіст. — Ня ведаю, чым я ім так спадабаўся, але толькі мяне і выклікалі. Сам зьдзіўлены, бо калі Дашкевічу нічога не зрабілі, да чаго тут я? Але нічога страшнага, гэта жыцьцё».

XS
SM
MD
LG