Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Суд у справе Пцічкіна: сьведка ў клетцы, падсудны — у залі


У Маскоўскім судзе аднавіўся працэс у справе аб сьмерці на «Валадарцы» вязьня Ігара Пцічкіна.

Судзяць фэльчара Аляксандра Крылова, якому пагражае да 4 год зьняволеньня за неаказаньне дапамогі хвораму, што спрычынілася да ягонай сьмерці.

Аляксандр Крылоў віны не прызнае і спасылаецца на службовыя інструкцыі, паводле якіх ён нібыта дзейнічаў дакладна.

Сёньня, 22 верасьня, у судзе будуць дапытаныя чарговыя сьведкі, у тым ліку сукамэрнікі Ігара Пцічкіна. Першым у суд даставілі сьведку Ігара Кулаковіча, які адбывае пакараньне ў Оршы. Сьведку Кулаковіча трымаюць у жалезнай клетцы, абвінавачаны Аляксандр Крылоў знаходзіцца ў судовай зале. Кулаковіч пачаў даваць паказаньні.

Паводле сьведкі, які сядзеў з Пцічкіным у адной камэры, той быў «не ў сабе». «Нечага баяўся, не разумеў, дзе знаходзіцца, пацеў — а я таксама курыў наркотыкі і ведаю, што гэта, магчыма, празь іх. Ён казаў, што курыць спайс недзе 4 гады. Такія ў мяне ўражаньні склаліся, але дэталяў я ня памятаю. Памятаю, што азіраўся ўвесь час, некага баяўся», — прыгадаў пра Пцічкіна сьведка, які сядзеў зь ім разам у 50-й камэры.

Паводле сьведкі, паводзіны Пцічкіна перашкаджалі спаць усю ноч, а на наступны дзень яго забралі з камэры. Забіралі Пцічкіна з камэры двойчы. Першы раз забралі і далі таблеткі, але ці выпіў ён іх, сьведка ня ведае. «Бо адразу Пцічкін пайшоў у прыбіральню». Паводле сьведкі, агрэсіўна да Пцічкіна сукамэрнікі ня ставіліся, але ён «напружваў, бо ніхто ня мог ведаць, чаго ад яго чакаць». Таксама сьведка Кулаковіч згадаў, што Пцічкін шмат піў вады і адразу пацеў.

Праз гадзіну Пцічкіна зноў павялі з камэры і больш не вярнулі. Гэта было да абеду. Ён добра запомніў, бо была прагулка, і адразу пасьля яе Пцічкіна забралі. За час паміж двума вывадамі з камэры Пцічкіну лепш ня стала, сказаў сьведка. Сьведка Кулаковіч прыгадаў, што калі другі раз Пцічкіна забіралі з камэры, па яго прыйшлі шмат міліцыянтаў. «У калідоры былі кантралёры, афіцэры. Было шмат, але колькі, я ня ведаю», — сказаў сьведка Кулаковіч. (Дакладны час і абставіны, пры якіх забіралі Ігара Пцічкіна з 50-й камэры, пацярпелыя лічаць вельмі важнымі, бо іншыя сьведкі кажуць, што Пцічкіна забіралі з камэры ў іншы час. Таксама ёсьць разыходжаньні ў колькасьці міліцыянтаў, якія забіралі Пцічкіна з камэры). Сьведка Кулаковіч сказаў, што Пцічкін быў «фізычна здаровы, натрэніраваны, сыты, худзізны не было». «Усю ноч Пцічкін ня спаў, хадзіў па камэры». Паводле сьведкі, Пцічкіна перавялі ў іх 50-ю з камэры № 48. Сёньня чакаецца допыт сьведкі Барткевіча, сына «песьняра» Леаніда Барткевіча, асуджанага на 12 гадоў паводле артыкулу аб наркотыках. Той сядзеў з Пцічкіным у 2013 годзе ў адной камэры.

XS
SM
MD
LG