Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Керы заявіў, што Лаўроў знаходзіцца ў паралельным сусьвеце


Джон Керы
Джон Керы

Дзяржсакратар ЗША Джон Керы заявіў, што для аднаўленьня замірэньня ў Сырыі неабходна спыніць палёты вайсковых самалётаў над ключавымі раёнамі краіны.

«Я думаю, што для аднаўленьня даверу да працэсу мы павінны прыняць захады для неадкладнага спыненьня палётаў над гэтымі ключавымі раёнамі, каб зьнізіць напружанасьць і даць шанец на бесьперашкодную дастаўку гуманітарнай дапамогі, — сказаў Керы на нарадзе Рады Бясьпекі ААН. — І калі гэта адбудзецца, то ёсьць шанец аднавіць давер да гэтага працэсу».

Паводле яго слоў, такая забарона «перашкодзіць Сырыі рабіць тое, што яна рабіла ў мінулым, а менавіта — наносіць ўдары па цывільных аб’ектах на падставе барацьбы з «Фронтам ан-Нусра».

«Фронт ан-Нусра» і так званая «Ісламская дзяржава» — тэрарыстычныя групоўкі, на якія замірэньне не распаўсюджваецца. Мяркуецца, што ЗША і Расея павінны супрацоўнічаць у барацьбе зь імі.

Керы выказаў імкненьне прадэманстраваць Расеі, што Вашынгтон усё яшчэ выступае за пошук дыпляматычнага рашэньня.

«Злучаныя Штаты па-ранейшаму лічаць, што ёсьць шлях наперад, які, нягледзячы на перашкоды, складанасьці і нявызначанасьць, можа даць найбольш рэальны шанец спыніць кровапраліцьце», — сказаў ён.

Керы дадаў, што тыя, хто лічаць, што пагаршацца крызіснай сытуацыі ў Сырыі ўжо няма куды, «у корані памыляюцца», і што, нягледзячы на недасканаласьць пляну замірэньня, узгодненага амаль два тыдні таму ў Жэнэве Расеяй і ЗША, няма ніякай «хоць колькі-небудзь рэалістычнай» альтэрнатывы, здольнай «даць лепшыя вынікі».

Паралельны сусьвет

Кіраўнік амэрыканскай дыпляматыі раскрытыкаваў кіраўніка МЗС РФ Сяргея Лаўрова, адзначыўшы, што часам яму здаецца, што той знаходзіцца ў «паралельным сусьвеце» адносна таго, што адбываецца ў Сырыі.

Па словах Керы, хоць Вашынгтон у суботу прызнаў, што выпадкова нанёс удар па сырыйскіх вайскоўцах, у выніку чаго загінулі і пацярпелі дзясяткі чалавек, Расея неаднаразова мяняла паказаньні пра ўдар па канвоі гуманітарнай дапамогі, які забраў 20 жыцьцяў. Урэшце было заяўлена, што канвой проста загарэўся. Відавочцы сьцьвярджаюць, што па канвоі ўдарыла каля 20 ракет, хутчэй за ўсё, з самалётаў або верталётаў.

«Грузавікі, прадукты і мэдыкамэнты бяз дай прычыны самазагарэліся, — абурана адзначыў Керы. — Гэта ня жарты, гаворка ідзе пра сур’ёзныя рэчы. Бо мы ж можам сумленна прызнаць: так, выпадкова адбыўся ўдар, мы павінны панесьці нейкую адказнасьць».

Прэтэнзіі расейскага боку

Лаўроў выступіў да Керы, заявіўшы, што забесьпячэньне бясьпекі гуманітарных работнікаў — абавязак усіх бакоў у Сырыі, а ня толькі рэжыму Асада і Расеі.

Паводле яго слоў, сябры Міжнароднай групы падтрымкі Сырыі павінны выкарыстоўваць свой уплыў на сілы, якія дзейнічаюць у краіне, каб забясьпечыць захаваньне рэжыму спыненьня агню, які некаторыя ўзброеныя групоўкі парушылі больш як 300 разоў.

Сяргей Лаўроў
Сяргей Лаўроў

«Па-ранейшаму перакананыя, што не існуе альтэрнатывы палітычнаму працэсу, які абапіраецца на ўзаемапаважлівы, інклюзіўны, без папярэдніх умоваў міжсырыйскі дыялёг, — сказаў Лаўроў. — Спробы асобных удзельнікаў ставіць папярэднія ўмовы, ультыматумы, сабатаваць рэзалюцыю 2254 Рады Бясьпекі ААН непрымальныя».

У гэтай рэзалюцыі выкладзеная дарожная мапа палітычнага пераходу ў Сырыі.

Лаўроў таксама заявіў, што спэцпасланьнік ААН па Сырыі Стафан дэ Містура не павінен «паддавацца гэтаму шантажу».

На пасяджэньні таксама выступіў генэральны сакратар ААН Пан Гі Мун, які падкрэсьліў, што ў Сырыі наступіў «вырашальны момант».

«Мы павінны захоўваць цьвёрды намер аднавіць замірэньне», — дадаў ён.

Паводле яго слоў, за час канфлікту, які цягнецца ўжо амаль шэсьць гадоў, загінулі «больш 300 000 сырыйцаў».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG