Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Жлобінскім раёне змагарку з прыпіскамі звольнілі і абвінавацілі ў крадзяжы камбікорму


Ніна Кароль

Ніна Кароль

Сельгаспрадпрыемства «Чырвонабярэскі» Жлобінскага раёну праз суд спрабуе спагнаць з былой начальніцы жывёлагадоўчага комплексу Ніны Кароль 972 рублі 87 капеек — за нястачу камбікорму.

Пазоў у суд падпісаў дырэктар саўгасу Карэн Мурадзян. У сваю чаргу, Ніна Кароль, звольненая ў жніўні нібыта за прагул, таксама праз суд патрабуе ад дырэкцыі аднаўленьня на працы і выплаты маральнай шкоды. Судовыя спрэчкі выкрылі шмат якія рэчы пра стан сельгаспрадпрыемстваў і службовыя стасункі.

Ціхая-няціхая прыстань

Чатыры гады таму, калі Ніна Кароль перабіралася з мужам з Мазыршчыны ў аграгарадок Чырвоны Бераг Жлобінскага раёну, гаспадарка тут трымалася яшчэ на добрым узроўні. Па сутнасьці, перабіралася сям’я ў ціхае месца, бліжэй да дачкі.

Муж Ніны, Аляксандар, кіраваў на Мазыршчыне калгасам, займеўшы ад таго кіраўніцтва праблемы з сэрцам.

І хоць уладкаваўся ён у КСУП «Чырвонабярэскі» на цішэйшую працу — намесьніка дырэктара, але ў хуткім часе яго ня стала: сэрца ўсё ж ня вытрымала.

Чырвонабярэскі комплекс

Чырвонабярэскі комплекс

Ніна Васілеўна на той час была галоўным эканамістам чырвонабярэскай гаспадаркі. Некаторым спэцыялістам не падабалася, што яна надта ж нармавала іхную працу, патрабуючы ўраджаю, кармоў, малака, мяса. Хоць, зь іншага боку, жывёлаводы, напрыклад тыя ж даяркі, радаваліся, атрымліваючы ў летні пэрыяд за добрыя надоі да 12 мільёнаў недэнамінаваных рублёў.

Сытуацыя зьмянілася, калі на гаспадарку раённыя ўлады паставілі Ўладзімера Кебікава.

«Новы кіраўнік, які адбыў пакараньне за сваё папярэдняе дырэктарства ў Чачэрскім раёне, — згадвае Ніна Кароль, — адразу запатрабаваў забясьпечыць яму 16-мільённы заробак, намесьніку — 10-мільённы. Як эканаміст я павінна была абгрунтаваць такія памеры. Адсюль усё й пачалося — прычэпка за прычэпкай. Урэшце я зьлягла ў шпіталь з інсультам».

Толькі праз чатыры месяцы, у лютым 2015 году, Кароль вярнулася на працу, але ўжо не галоўным эканамістам, а лябаранткай на жывёлагадоўчы комплекс. Так распарадзіўся дырэктар. Але й на новым месцы Ніна Кароль ня стала патураць кіраўніку, асабліва калі даведвалася, што той танна збывае з галоўным заатэхнікам жывёлу камэрсантам ці проста не паказвае рэальную сытуацыю. Пісала ў пракуратуру, АБЭЗ, Адміністрацыю прэзыдэнта.

У сьнежні Ніну Васілеўну абвінавацілі ў прагулах і звольнілі, але праз два дні аднавілі. А дырэктарам Кебікавым урэшце заняўся міліцэйскі АБЭЗ, прад’явіў яму, наколькі вядома, нанясеньне гаспадарцы фінансавай шкоды ў буйным памеры.

Павышэньне і чарговае звальненьне

На пачатку студзеня 2016 году новы дырэктар саўгасу Карэн Мурадзян перавёў Ніну Кароль на пасаду загадчыцы жывёлагадоўчага комплексу. Але што зробіць начальніца без дастатковых і разнастайных кармоў? Як без збалянсаваных кармоў утрымаць прадукцыйнасьць тых жа кароў, тым больш калі іх у гаспадарцы тысяча?

Валавы збор збожжавых у «Чырвонабярэскім» скарачаецца, пагалоўе зьмяншаецца, а сьледам і ўсе астатнія паказчыкі паўзуць уніз. Рэнтабэльнасьць рэалізаванай прадукцыі мінусавая альбо ледзь перавышае адзін адсотак. І крэдытных пазык у «Чырвонабярэскага» вышэй галавы.

«У лютым празь бяскорміцу вымушаны былі выганяць кароў на папас на азімыя пасевы, — кажа Ніна Кароль. — А тут яшчэ дырэктар Мурадзян распарадзіўся купіць за вялікія грошы 4 тоны кармавых дабавак „Біялякт“ і „Энэргалякт“. Заяўляе: дзеля падвышэньня надояў. Адкрываю інтэрнэт, чытаю. Дабаўкі гэтыя для сьвіней і курэй, можна яшчэ малым цялятам, але не для дойнага статку».

На думку Ніны Васілеўны, усе беды ў іхнім саўгасе, і ня толькі ў ім, з тае прычыны, што прызначаюць кіраўнікамі выпадковых людзей, без адпаведнай адукацыі, часьцяком прагных на грамадзкае дабро. Быццам у Беларусі няма добрых спэцыялістаў, арганізатараў вытворчасьці. Але ж не, кажа Кароль, — прызначаюць тых, хто згаворлівы, хто ўмее нізка нахіліцца: «Загадвайце!»

«Гляньце, што ў нашым саўгасе робіцца. Дырэктар Карэн Мурадзян ня мае вышэйшай адукацыі. Галоўная заатэхніца Натальля Сазончык — аграном зь сярэдняй адукацыяй. Я сама працавала галоўным эканамістам, хоць скончыла толькі тэхнікум і па адукацыі заатэхнік. Вядома, мы вывучалі эканоміку і арганізацыю вытворчасьці, і эканамічныя курсы скончылі, але ж я таксама ня профільны спэцыяліст у эканоміцы. І такіх прыкладаў хоць адбаўляй», — самакрытычна кажа Кароль.

«Камбікорм ня крала»

Ад вясны да пачатку лета КСУП «Чырвонабярэскі» правярала ўпраўленьне ведамаснага кантролю Гомельскага аблвыканкаму. Была й выбарачная інвэнтарызацыя кармоў. На комплексе выявілася нястача — бракавала 3,1 тоны камбікорму.

Як па дакумэнтах бухгальтэрыі, дык камбікорм нібыта быў завезены на комплекс 30 студзеня. Але Ніна Кароль сьцьвярджае, што яго не атрымлівала.

У судзе жанчына патлумачыла, што бухгальтарка Сьвятлана Жураўлёва ўгаварыла яе паказаць у справаздачы за травень наяўнасьць гэтых трох тон камбікорму: «Ну пакажы ты гэты камбікорм, а потым сьпішам і забудзем пра яго, як пра кашмарны сон».

«Я й падпісала прыходна-расходную ведамасьць, не зьвярнуўшы ўвагі, што гэтыя тры тоны паказаныя як нястача. Шэсьцьсот кіляграмаў зь нечым сьпісалі на быкоў. Астатнія дзьве тоны чатырыста пяцьдзесят шэсьць кіляграмаў, зафіксаваныя кантралёрам, „павесілі“ на мяне, быццам я іх украла. А я ня крала. У мяне няма каму той камбікорм скарміць — не трымаю жывёлы ў хатняй гаспадарцы пасьля сьмерці мужа. У саўгасе нашым крадуць іншыя, а мяне падстаўляюць, бо я ім перашкаджаю красьці», — кажа Кароль.

Жлобінскі раённы суд пасьля рамонту

Жлобінскі раённы суд пасьля рамонту

Судзьдзя Іна Шаршнёва, якая разглядае пазоў КСУП «Чырвонабярэскі» да Ніны Кароль, запытала ў прадстаўніцы гаспадаркі, юрысконсульта Алены Мядзьведзевай, ці прапаноўвалася адказчыцы добраахвотна сплаціць суму шкоды.

Мядзьведзева: «Так, прапаноўвалася, але яна адмовілася. Сказала, што яна не вінаватая і на яе нічога вешаць ня трэба. І паколькі сума кошту камбікорму (972 рублі 87 капеек), якога бракуе, перавышае трохмесячны заробак адказчыцы, то паводле дэкрэту № 5 і быў падрыхтаваны пазоў у суд».

Юрысконсульт пры гэтым зачытала дакладныя запіскі бухгальтара і кіроўцы Юрыя Патапенкі, які нібыта перавозіў камбікорм са складу на жывёлагадоўчы комплекс. Вонкава ўсё выглядала гладка й бездакорна.

Аднак судзьдзя пачала скрупулёзна, крок за крокам дасьледаваць справу.

Патрабаваньне-накладная № 13 на камбікорм было выпісана 30 студзеня на вуснае распараджэньне галоўнай заатэхніцы Натальлі Cазончык. Ёсьць подпіс кладаўшчыцы Тамары Гарэлік, што камбікорм адпушчаны, але няма подпісу Ніны Кароль, што яна атрымала гэты камбікорм.

Ёсьць дарожны ліст на імя кіроўцы Патапенкі на перавоз камбікорму, але няма подпісу начальніцы жывёлагадоўчага комплексу Кароль, што груз дастаўлены на комплекс. Дакладней, подпіс нейкі на пуцёўцы ёсьць, але Ніна Васілеўна рашуча заяўляе: «Гэта ня мой». І дадае, што па суботах кіроўца Патапенка звычайна езьдзіць на падпрацоўку ў Бабруйск. І зь непрыхаванай іроніяй раіць юрысконсульту: «Падпісацца за мяне трэба было даць (імярэк) — яна ўмее лепей падрабляць».

«Хачу зьвярнуць увагу суду, — кажа Кароль, — што дастаўка камбікорму на комплекс не абыходзіцца без трактарыста Ўладзімера Ціханава. Ён запіхвае мэхлапатай камбікорм у склад. І яму я мусіла б падпісаць дарожны ліст за выкананую працу, калі б камбікорм прывозілі».

За судом — суд

20 верасьня на суд выклікалі дадатковых сьведак «камбікормавай справы». Судзьдзя запатрабавала й арыгіналы пуцявых лістоў.

Высьветлілася, што кіроўца Патапенка, паводле транспартных дакумэнтаў, 30 студзеня рамантаваў аўтамашыну.

«Дык калі ж вазілі камбікорм на комплекс, раз машына стаяла ў рамонце? — пыталася судзьдзя.

«У другой палове дня», — сказаў кіроўца.

«Я запхнуў камбікорм у склад у першай палове дня», — сьведчыў у судзе трактарыст Ціханаў.

Галоўная заатэхніца Натальля Сазончык на суд не прыехала, бо яна ў шпіталі. Разгляд справы мае быць працягнуты 30 верасьня.

А 27 верасьня судзьдзя Іна Шаршнёва мае разглядаць пазоў самой Ніны Кароль да дырэкцыі КСУП «Чырвонабярэскі» — на аднаўленьне на працы кіраўніцай жывёлагадоўчага комплексу. Судовае пасяджэньне плянуецца на выезьдзе — непасрэдна ў аграгарадку Чырвоны Бераг. Бо суд мае дапытаць шмат каго зь мясцовых сьведак.

«Мне крыўдна, бо на комплексе я працавала па 14 гадзін у суткі — безь лябаранта, без памочніка. На вытворчасьці людзей бракуе, затое поўная кантора супрацоўнікаў — і ўсе пры акладах. Мяне абвінавацілі, што 15 жніўня я прагуляла. Але я дзевяць гадзін адрабіла, а ў перапынку паехала ў Жлобін у пракуратуру, бо дырэктар Карэн Мурадзян пасьля адпачынку не дапускаў мяне да працы — наракаў, што я ствараю яму праблемы».

У заяве ў суд на аднаўленьне на працы з 30 жніўня Ніна Кароль ніша, што сапраўдная прычына непрыязі — яе незгаворлівасьць:

«Я адмаўляюся займацца прыпіскамі прыбаўленьня жывёлы ў вазе, адмаўляюся налічваць павышаны заробак мужу Натальлі Сазончык — ён працуе на комплексе сьлесарам. З тае прычыны заатэхніца і піша на мяне дакладныя, каб зьняславіць мяне як спэцыяліста».

На комплексе

На комплексе

Кароль дадае, што тэхніка часта ламаецца, і таму гнойную жыжу на комплексе не заўсёды прыбіраюць своечасова. Каровы, бывае, па самае вымя стаяць у нечыстотах: «А каманды ідуць адна за адной: давай малако найвышэйшага гатунку, давай гатунку экстра».

...Пакуль гутарым зь Нінай Васілеўнай каля яе былога малочнатаварнага комплексу, падрульвае легкавік. Зь яго выходзяць галоўны аграном Рыгор Мядзьведзеў і выканаўца абавязкаў дырэктара Вольга Навоева. Дырэктара Мурадзяна не было — зьехаў на вучобу ў Рэчыцу.

Камэнтаваць пазоў у суд і звальненьне Ніны Кароль ні Навоева, ні Мядзьведзеў не схацелі. І толькі ва ўнісон сказалі: «Яна атрымала тое, чаго жадала для іншых».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG