Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Аляксандр Лукашэнка заклікаў Расею вызначыцца з будучыняй сумесных інтэграцыйных праектаў і заявіў, што Беларусь аптымізуе ў іх свой удзел. Пра што сьведчыць заява Лукашэнкі?

Ці сапраўды Беларусь можа адклікаць сваіх прадстаўнікоў з інтэграцыйных з Расеяй ворганаў?

Віталь Цыганкоў: 20 верасьня Аляксандар Лукашэнка выступіў з крытыкай дзеяньняў расейскіх уладаў, якія ніяк ня могуць дамовіцца з Беларусьсю па цане на газ і скарацілі пастаўкі нафты для Беларусі.

«Мы целяпаемся (інакш ня скажаш) і ўжо некалькі месяцаў ня можам дамовіцца па цане на газ. У сувязі з гэтым Расея зьнізіла пастаўкі нафты ў Беларусь. Мы гэта ўспрымаем як ціск на Беларусь, але ціску я не пацярплю, і беларусы таксама», — заявіў Лукашэнка

Аляксандар Лукашэнка дадаў, што пры пастаўках у Расею блякуюцца некаторыя беларускія тавары, асабліва прадукты харчаваньня:

«У Расеі яны чамусьці „няякасныя“. Але зразумела: калі мы пастаўляем якасны тавар і па прымальных цэнах у Расею, мы бʼём па кішэнях алігархаў ад сельскай гаспадаркі ў Расеі.. Ідзе непрыхаваны ціск. Я чаму адкрыта пра гэта кажу? Таму што ўжо надакучыла, гэта ўжо цераз край, далей так працягвацца ня можа».

Нагадаем, што яшчэ 12 верасьня Лукашэнка даў віцэ-прэм’еру Сямашку два дні на тое, каб дамовіцца з Расеяй пра цану на газ. Але сёньня ўжо 21-га верасьня, але дамова дагэтуль не заключаная, то бок даручэньне кіраўніка дзяржавы Сямашка не выканаў.

Лукашэнка пачынае апэрыраваць палітычным шантажом у мэтах дабіцца пэўных эканамічных саступак ад Расеі.

Як мы і прагназавалі раней, калі не атрымліваецца дамовіцца на ўзроўні адпаведных міністраў і ведамстваў, — тады ў бой уваходзіць цяжкая «палітычная артылерыя». А менавіта сам Аляксандар Лукашэнка пачынае апэрыраваць палітычным шантажом у мэтах дабіцца пэўных эканамічных саступак ад Расеі.

На гэты раз Лукашэнка заявіў наступнае — «Тое, што я сказаў, ні ў якім разе не азначае, што мы будзем у нейкім пляне згортваць інтэграцыйныя праекты, але свой удзел у гэтых праектах мы будзем аптымізаваць. Я даў такое распараджэньне ўраду і Адміністрацыі прэзыдэнта. Мы цяпер вельмі ўважліва аналізуем наш удзел, перш за ўсё ў Эўразійскім эканамічным саюзе. Калі так будзе працягвацца — навошта нам там трымаць кучу чыноўнікаў?.. Парушаецца ўсё, пра што дамовіліся».

Расея ведае пра 100 працэнтную залежнасьць Беларусі ад расейскага газу і таму паводзіць сабе з пазыцыі сілы.

Ці паддасца Масква на гэты палітычны шантаж? Мне падаецца гэта вельмі малаверагодным. У пытаньні цану на газ Расея паводзіць сябе даволі жорстка, хаця ў пэўным сэнсе рацыя і лёгіка на баку афіцыйнага Менску. Бо сусьветныя цэны на газ за апошнія два гады радыкальна зьменшыліся, і Менск натуральна патрабуе зьменшыць іх і для Беларусі. Але Расея ведае пра 100 працэнтную залежнасьць Беларусі ад расейскага газу і таму паводзіць сабе з пазыцыі сілы. Заўважым, дарэчы, што Лукашэнка адмыслова нагадаў, што ня так далёка ўжо ў Расеі прэзыдэнцкія выбары, і маўляў, нам трэба на гэтым фоне лагодна рашаць сумесныя пытаньні. Такі намёк, што расейскаму кіраўніцтву ня варта сварыцца з Беларусьсю, бо гэта бузе нэгатыўна ўспрынята «шырокімі народнымі масамі» ў Расеі.

Эканамічных аргумэнтаў не хапае, і Лукашэнка вымушаны прыбягаць да палітычных. Але трэба глядзець на рэчы рэалістычна — ніхто сёньня ня верыць, што цяперашняе кіраўніцтва Беларусі можа скасаваць свой удзел у розных інтэграцыйных аб’яднаньнях і вобразна кажучы, развярнуцца на Захад. Пэўны псіхалягічны ўціск на Расею словы Лукашэнкі акажуць — але там да такога ўжо прызвычаіліся, і вядома, панікаваць ня будуць.

Алег Грузьдзіловіч: Большасьць таго, пра што вы кажаце, Віталь, падзяляю. Дадам, што Лукашэнка і гэтым разам адрасуе свае сьпічы ня толькі Расеі, але і ўнутранай аўдыторыі. І гэта ня толькі такое банальнае ўражаньне, якое павінна паўплываць на звычайны ягоны электарат. Маўляў, глядзіце, а наш зноў як даў гэтым маскалям! Ня гэта галоўнае.

Мяркую, сярод беларускай аўдыторыі ягоная прамова адрасаваная, па-першае, нашым чыноўнікам, якія атабарыліся ў Маскве і там выдатна пачуваюцца, але пры гэтым нічога ня робяць. Іх там сапраўды некалькі соцень, іх становіцца з кожным годам усё больш і больш, іх утрыманьне, мяркуючы па нэрвовай рэпліцы Лукашэнкі, патрабуе значных грошай, а аддачы ад іх ён ня бачыць. Таму заадно ён і іх папярэджвае: хлопцы, глядзіце, працуйце лепш, інакш скарачу вашы заробкі, зьменшу вашу колькасьць у разы.

Таксама ён папярэджвае і чыноўнікаў ды простых людзей у Беларусі, што справы ідуць дрэнна, але гэта праз Расею, не праз нас, і што трэба будзе больш працаваць.

На расейскім рынку ідзе трывалы працэс выцісканьня асноўных брэндавых беларускіх тавараў, такіх, як аўтамабілі, трактары, іншая тэхніка.

Пры гэтым ён замоўчвае той факт, што ў нас асноўныя страты — не ад паставак «малочкі», якую нібыта Расея блякуе, а зьвязаныя зь іншымі таварамі. На расейскім рынку ідзе трывалы працэс выцісканьня асноўных брэндавых беларускіх тавараў, такіх, як аўтамабілі, трактары, іншая тэхніка. Беларусь паводле продажу гэтых тавараў паступова прайграе канкурэнцыю ўнутраным расейскім фірмам і фірмам зь іншых краін, найперш з Кітаю.

Нашы «МАЗы» выціскаюцца «Камазамі», з трактарамі і «Белазамі» ўдала канкуруюць кітайцы. Дайшло да таго, што вайсковую тэхніку, шасі для цягачоў ракет сталі замяняць на ўласныя мадэлі.

То бок Беларусь страчвае расейскі рынак, але пры гэтым не набывае іншыя. Вось польскія прадаўцы гародніны і яблык, ад якіх адмовілася Расея з прычыны эмбарга, кажуць, што дзякуючы гэтай адмове ўжо пераарыентаваліся на іншыя рынкі, у Азіі і Афрыцы, ды замацаваліся там, а беларусы гэтага не зрабілі.

Вось Лукашэнка і нэрвуецца, што губляецца час, страчваюцца пазыцыі, а наўзамен нічога не прыходзіць.

Што да ягонай рыторыкі — дык гэты кошык, у якім пагрозы спалучаюцца з клятвамі ў вечным братэрстве — гэта раней было і цяпер паўтараецца, як звыклы адпрацаваны прыём. З аднаго боку — пусты шантаж, што мы адтуль сыдзем, адсюль сыдзем, а з другога боку — рыторыка, што мы жывем у адным доме, хай і ў сваёй маленькай кватэры, але ў адным доме, і куды мы падзенемся.

У тым і справа, што нікуды ён не падзенецца, а сытуацыя ў ягонай маленькай кватэры ўсё горшая. Ён гэта разумее і таму нэрвуецца, што мы і бачылі ўчора ў тэлевізары.

Дзьмітры Гурневіч: Гэта сьведчыць пра блеф альбо, інакш кажучы, палітычную гульню, якую вядзе Лукашэнка. Адзін з элемэнтаў гэтай гульні — абвесьціць сябе ахвярай. З такой пазыцыі значна прасьцей весьці гульню, бо цябе пачынаюць шкадаваць, спачуваць табе. Лукашэнка такую тактыку выкарыстоўваў ужо ня раз. Пагрозы зачыняць дзьверы, памерці ў холадзе без газа, апэляцыя да ІІ сусьветнай вайны нават. Падчас аднаго з канфліктаў з Расеяй, памятаю, Лукашэнка нават пусьціў у ход аргумэнт, маўляў, мы гнілі ў акопах падчас вайны, а Крэмль цяпер да нас так ставіцца. Але, па-сутнасьці, Лукашэнка можа хоць на галаву стаць. Гэтыя так званыя аргумэнты на Пуціна ня дзейнічаюць, бо Масква сьлязам не верыць. Ёсьць адносіны паміж дзяржавамі, яны рэгулююцца дамовамі, супольнай палітыкай, эканамічным разьлікам. А енкі і плачы — гэта самая звычайная форма, а ня зьмест. І я перакананы, што пытаньне ўсё роўна будзе вырашанае ў эканамічна-палітычным ключы.

Праблема ў тым, што ніхто з нас не ведае, пра што бакі дамаўляюцца насамрэч, на якіх умовах. Тое, што нам кажуць, гэта размовы на карысьць бедных.

Самы танны газ у рэгіёне пры такім узроўні спажываньня, які мае Беларусь, ратуе так званы беларускі эканамічны цуд.

Тое самае з заявамі пра перагляд інтэграцыйных праектаў. Гэтыя дамовы сёньня выгадныя афіцыйнаму Менску: і ў палітычным пляне, і ў эканамічным. Самы танны газ у рэгіёне пры такім узроўні спажываньня, які мае Беларусь, ратуе так званы беларускі эканамічны цуд. Лукашэнка нават калі б і хацеў адмовіцца ад інтэграцыйных працэсаў, хто яго адтуль пусьціць? Гэта ўсё вельмі далёка пайшло.

Ды і куды Лукашэнка пойдзе? У Эўразьвяз? Там ёсьць высокія стандарты па эканоміцы і і палітыцы, і гэтыя стандарты далёкія ад каштоўнасьцяў афіцыйнага Менску. У Кітай? Кітай зацікаўлены раздаваць крэдыты, за якія б Беларусь купляла кітайскія тавары.

Я прыгадваю сваю інтэрвію з Валерыяй Навадворскай напрыканцы 2000-ых гадоў. Расейская дысыдэнтка камэнтавала тады газавы канфлікт паміж Менскам і Масквой. Тады зь яе вуснаў прагучалі словы: два дыктатары не ўжыліся ў адным фляконе і лічыла, што яны канчаткова перасварацца. Але так не сталася. Расея была і будзе галоўным саюзьнікам Лукашэнкі пакуль ён кіруе Беларусьсю. Бо калі б Расеі нешта моцна не спадабалася, то ён мог бы больш ня быць кіраўніком Беларусі.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода».  На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

  • 16x9 Image

    Дзьмітры Гурневіч

    Журналіст Свабоды, публіцыст, блогер, краязнаўца.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG