Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Літве пачалі прадаваць алькаголь па пашпарце


У Літве пачалі прадаваць алькаголь па пашпарце
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:02:54 0:00

Гандлёвыя сеткі ў Літве тлумачаць, што «пашпартны рэжым» — спроба пасарамаціць алькаголікаў, якім не спадабаецца дэманстраваць усім у краме свае асабістыя дадзеныя. Але мясцовыя жыхары новаўвядзеньне сустрэлі ў штыкі. «Я што, павінен ісьці ў краму з пашпартам, як быццам за мяжу зьбіраюся?» — скардзяцца яны.

Літва сёньня займае адно зь лідэрскіх месцаў у сьвеце па спажываньні алькаголю на душу насельніцтва. Пакуль улады спрачаюцца, як змагацца з алькагалізмам, большасьць гандлёвых сетак ўзялі ініцыятыву ў свае рукі і дамовіліся, што сьпіртныя напоі будуць прадаваць толькі пасьля дэманстрацыі дакумэнтаў, незалежна ад узросту пакупніка.

«Мы думаем, што, далучыўшыся да гэтай ініцыятывы, зможам павысіць сьвядомасьць кліентаў, якія купляюць алькаголь — упэўненая Гедрэ Белскіце, прадстаўніца адной з розьнічных сетак. — У іх будзе падстава двойчы задумацца, ці сапраўды ён ім патрэбны. Акрамя таго, вырашаецца яшчэ адна праблема: у непаўналетніх ня будзе наогул ніякай магчымасьці купіць алькагольныя напоі».

Аднак жыхары Літвы сустрэлі новаўвядзеньне ў штыкі. Касіраў праклінаюць, тавары кідаюць на касе нават з-за адной непрададзенай бутэлькі віна, ствараючы велізарныя заторы. А прадстаўнікі старэйшага пакаленьня называюць новы парадак асабістай абразай.

«Я лічу гэта асабістай абразай. Па маёй сівізьне відаць, што я не юнак — абураецца жыхар Вільні Саўлюс. — Аповеды гандляроў, што яны такім чынам будуць аберагаць моладзь ад алькаголю, для мяне больш чым сьмешныя. Я што, кожны раз павінен цяпер ісьці ў краму з пашпартам, як быццам за мяжу зьбіраюся?»

У кіруючай кааліцыі новы парадак продажу алькаголю рэзка крытыкуюць. Гандляроў палохаюць санкцыямі і лічаць гэта сьвядомай правакацыяй напярэдадні парлямэнцкіх выбараў, якія адбудуцца ў пачатку кастрычніка. Маўляў, насельніцтва не разьбіраецца, чыё гэтае рашэньне. І новы сухі закон па дакумэнтах будуць зьвязваць выключна з дзейнай уладай.

«Гэта вытанчаная кампанія напярэдадні выбараў, мэта якой — выклікаць напружаньне ў грамадзтве і недавер да ўлады, паказаўшы на яе ўяўнае глупства — мяркуе Артурас Скарджус, намесьнік старшыні парлямэнцкага камітэту па эканоміцы. — Аднак аўтары гэтай змовы — самі гандлёвыя цэнтры, якія ў агульнай складанасьці кантралююць 90% рынку Літвы».

Колькасьць людзей у алькагольных аддзелах супэрмаркетаў пасьля ўвядзеньня новых правілаў сапраўды зьнізілася. Але ў сацыяльных сетках ужо зьявіўся таталізатар, дзе карыстальнікі спрачаюцца, колькі пратрымаецца новы парадак. Часта ў такіх пастах згадваюць відэаролік пагрому аддзелу продажу сьпіртнога ў адным зь літоўскіх супэрмаркетаў — ён быў зьняты пасьля таго, як у краіне забаранілі гандаль сьпіртным пасьля 22 гадзін вечара.

Большасьць жыхароў схільныя лічыць, што забарона не пратрымаецца нават да канца году. Адмену правіла «аб пашпарце» ў Літве чакаюць якраз пасьля выбараў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG