Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці разбурылі рэгіянальныя выбары пазыцыі Мэркель у Нямеччыне


Ангела Мэркель
Ангела Мэркель

Ці можна казаць, што апошнія паразы на рэгіянальных выбарах падарвалі шанцы Ангелы Мэркель чарговы раз пераабрацца на канцлера?

Віталь Цыганкоў: Дзьве апошнія нядзелі адбываліся выбары ў мясцовыя органы ўлады ў Нямеччыне. 18 верасьня на выбарах у рэгіянальны парлямэнт Бэрліну партыя «Хрысьціянска-дэмакратычны саюз» (ХДС) пацярпела самую сур’ёзную паразу за апошнія 26 гадоў. ХДС саступіла сацыял-дэмакратам, якія набралі 22 працэнты галасоў выбаршчыкаў, атрымаўшы 17,6%.

Канцлерка Нямеччыны Ангела Мэркель узяла на сябе адказнасьць за пройгрыш сваёй партыі — ХДС. Мэркель прызнала, што палітыка ўраду ў адносінах да мігрантаў стала адным з фактараў гэтай паразы.

Аслабіла свае пазыцыі і Сацыял-дэмакратычная партыя, што робіць праблематычнай далейшую кааліцыю дзьвюх найбуйнейшых партыяў. За правую партыю «Альтэрнатыва для Нямеччыны» ў Бэрліне прагаласавалі 14 адсоткаў выбарцаў. Бэрлін стаў дзясятай фэдэральнай зямлёй Нямеччыны, дзе ў мясцовыя заканадаўчыя органы трапілі прадстаўнікі папулісцкай «Альтэрнатывы для Нямеччыны».

Няма ўжо панаваньня дзьвюх асноўных партыяў, сацыял-дэмакратаў і ХДС.

Агульная тэндэнцыя — няма ўжо панаваньня дзьвюх асноўных партыяў, сацыял-дэмакратаў і ХДС. Электарат гэтых партыяў зьніжаецца ўжо даволі даўно. Бо зьмяншаюцца традыцыйныя нішы для гэтых партыяў — рабочыя для сацыял-дэмакратаў і сельскае насельніцтва і правінцыя для кансэрватараў.

Ці пойдзе Мэркель на свой чацьвёрты тэрмін (нагадаем, яна займае пасаду канцлера ад 2005 году)? Фактычна адзіная праблема, якая перашкаджае ёй зрабіць гэта, — якраз міграцыйная. Астатняе ў Нямеччыне ў цэлым у парадку — эканоміка паволі, але расьце, міжнародны аўтарытэт краіны і самой Мэркель даволі трывалы.

Таму галоўная праблема, якая можа ёй перашкодзіць, — гэта міграцыйны крызіс. Нядаўняе апытаньне грамадзкай думкі, праведзенае ў Нямеччыне, паказала, што 82 працэнты апытаных хацелі б «пераменаў у міграцыйнай палітыцы ўраду». Але ў апытаньні не гаворыцца, якіх менавіта пераменаў чакаюць грамадзяне, сказала Мэркель. Мне падаецца, што гарачыня мігранцкай тэмы ўжо не настолькі пякучая, як гэта было летам 2015 году. Да таго ж менавіта летам большасьць мігрантаў імкнецца трапіць у Эўропу, у іншыя поры году мігранцкая плынь аб’ектыўна зьмяншаецца. Пры тым Мэркель у пэўным сэнсе прызнала памылкі ўраду ў гэтай справе і дала зразумець, што гатовая слухаць сваіх калегаў, якія маюць іншыя меркаваньні. Таму я думаю, што ХДС зноў вылучыць Мэркель на пасаду канцлера.

Валер Карбалевіч: Паразы ХДС на рэгіянальных выбарах тлумачацца шэрагам чыньнікаў. Існуе пэўная стомленасьць грамадзтва ад знаходжаньня адной асобы на пасадзе канцлера. Таму жаданьне нейкага абнаўленьня зразумелае.

Па-другое, крызіс у Эўразьвязе. Тут і грэцкая эпапэя з даўгамі, і «Брэксіт», і нізкі эканамічны рост у Эўропе. А Нямеччына як самая моцная краіна ЭЗ нясе за гэта адказнасьць. І гэта адбіваецца на рэйтынгах Мэркель.

Ну, а міграцыйны крызіс — гэта апошні чыньнік, які паўплываў на сытуацыю.

Усё ж значная частка галасоў пераходзіць да сыстэмных партыяў

Але я зьвярнуў бы ўвагу вось на што. Вядома, адбываецца рост папулярнасьці антымігранцкай партыі «Альтэрнатыва для Нямеччыны». Але ўсё ж значная частка галасоў пераходзіць да сыстэмных партыяў, да сацыял-дэмакратаў, нават да зялёных. Але справа ў тым, што гэтыя палітычныя апанэнты ХДС у пытаньні міграцыі займаюць больш лібэральную пазыцыю, чым Мэркель.

І сацыял-дэмакраты — саюзьнікі па кааліцыі на агульнанацыянальным узроўні — на рэгіянальным узроўні ладзяць кааліцыі зь іншымі партыямі.

Думаю, варта чакаць бунту ў самой партыі ХДС. Саюзьнік ХДС, баварская партыя ХСС ужо каторую пару крытыкуе Мэркель, яе пазыцыю па мігрантах, можа, нават мацней, чым апанэнты зь іншых партыяў. Таму, сапраўды, варта чакаць сур’ёзных пераменаў у палітычнай канфігурацыі Нямеччыны.

Уладзімер Глод: На пытаньне Віталя Цыганкова адкажу: шанцы сапраўды падарваныя, але яшчэ ня зьнішчаныя цалкам. Міграцыя стала галоўнай памылкай фраў Мэркель. Усё часьцей на мітынгах у Нямеччыне гучаць заклікі да адстаўкі кіраўніцы ўраду і за аднаўленьне памежнага кантролю ў Эўропе. Але Мэркель публічна прызнала свае памылкі. А значыць, і частка выбарнікаў гатовая ёй іх дараваць.

Я згодны з думкай Валера Карбалевіча, што калі адна асоба 11 гадоў кіруе такой вялікай краінай, гэта ня можа не стаміць пэўную частку выбарнікаў. Спрацоўвае агульны псыхалягічны эфэкт, які часткова і адбіваецца на рэйтынгу Мэркель. Але ж да 2015 году яна карысталася бясспрэчным аўтарытэтам і найвышэйшай папулярнасьцю ў Нямеччыне. І што тут больш спрацуе, казаць цяжка.

Пра іншага палітыка такога маштабу ў кіроўным блёку не чуваць.

І ўсё ж сам факт паразаў і падзеньня рэйтынгу кажа пра тое, што барацьба на выбарах у 2017 годзе будзе як ніколі вострая і напружаная. Але хто можа скласьці Мэркель рэальную канкурэнцыю? Пра іншага палітыка такога маштабу ў кіроўным блёку не чуваць. Не таму, мабыць, што там няма вялікіх па маштабе асобаў. Аднак усе яны з розных прычынаў заставаліся і дагэтуль застаюцца ў цені Мэркель.

Можна згадаць, канечне, міністра замежных спраў сацыял-дэмакрата Франка-Вальтэра Штайнмаера. Але ж восем гадоў таму ён ужо спрабаваў стаць супернікам Мэркель. І прайграў ёй зь велізарным адрывам.

Я думаю, у Мэркель яшчэ ёсьць час падняць свой рэйтынг. І гэта залежыць ня толькі ад міграцыйнага фактару. Ёсьць яшчэ і эканоміка, і сацыяльныя рэчы, і зьнешняя палітыка. Калі яна пасьпее дасягнуць пэўных зрухаў да выбараў, то чаму не? Чаму ёй ня стаць канцлерам чацьвёрты раз?

  • 16x9 Image

    Валер Карбалевіч

    Нарадзіўся ў 1955 годзе. Скончыў гістфак БДУ, кандыдат гістарычных навук, дацэнт. Палітычны аглядальнік «Радыё Свабода».

     

     

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG