Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

«Гэта бюджэт кансэрвацыі крызісу», — Раманчук пра праект бюджэту-2017


Эканамісты ня бачаць прынцыповых адрозьненьняў праекту рэспубліканскага бюджэту Беларусі на 2017 год ад бюджэту-2016: яго структура засталася нязьменнай.

Прафэсар, доктар эканамічных навук Барыс Жаліба ў інтэрвію Свабодзе адзначыў, што ў бюджэце на наступны год ніякіх сюрпрызаў няма. Але пры гэтым парамэтры росту, закладзеныя ў бюджэт, выглядаюць нерэалістычна:

«Структурных зьменаў у бюджэце-2017 у параўнаньні зь мінулымі бюджэтамі я ня бачу. Усё традыцыйна. Вельмі вялікія выдаткі на ўтрыманьне дзяржаўнага апарату. Назіраецца дынаміка памяншэньня выдаткаў на сацыяльныя пытаньні і адукацыю. Да таго ж парамэтры, якія заклалі ў Мінфіне, — цана за барэль нафты 35 даляраў, курс расейскага рубля 75 адзінак — гэта пэсымістычны сцэнар. Але пры гэтым заплянаваны рост ВУП на 0,2%. Гэта неяк не стыкуецца з тымі парамэтрамі. Пры такіх лічбах наш ВУП па азначэньні ня будзе расьці», — лічыць Жаліба.

Барыс Жаліба

Барыс Жаліба

Жаліба таксама зьвяртае ўвагу на тое, што праект бюджэту трапіў у Палату прадстаўнікоў надзвычай рана:

«Улада хоча, каб бюджэт прыняў стары парлямэнт. Таму што гэта парлямэнт правераны, ад яго ня будзе ніякіх нечаканасьцяў. Заўсёды наш бюджэт абмяркоўваецца чыста фармальна, вельмі кароткі час, тады як у іншых краінах там ідуць вялікія спрэчкі, як падзяліць пірог. У іншых краінах кожная фракцыя, кожная партыя імкнецца адстойваць свае інтарэсы, і бывае, што год ужо наступіў, а бюджэт яшчэ прыняць ня могуць. У нас такога не бывае. Гэта сьведчыць аб тым, што ўсё робіцца аўтаматычна», — канстатуе ён.

Кіраўнік фонду Мізэса Яраслаў Раманчук кажа, што бюджэт-2017 паўтарае хібы мінулых бюджэтаў — ён зноў прывязвае разьвіцьцё эканомікі да цаны на нафту.

«Адкрываеш закон аб бюджэце і бачыш ад аўтараў, што яны зноў зьвяртаюцца да цаны на нафту. Гэта значыць, што пракляцьце нафты засталося, нафта нікуды з галоў ня дзелася, і людзі не разумеюць, як стваралі свае эканамічныя цуды тыя эканомікі, якія ніколі сваёй нафты ня мелі. Ніякай структурнай перабудовы ня будзе. Трэба, каб бюджэт стымуляваў прадпрымальніцкую дзейнасьць, інвэстараў. А ў нас усё роўна наадварот», — падкрэсьліў ён у інтэрвію Свабодзе.

Яраслаў Раманчук

Яраслаў Раманчук

«Палітычнай замовы на нешта новае няма. Гэта, па сутнасьці, бюджэт кансэрвацыі крызісу, — працягвае Раманчук, — Гэта спробы склеіць крыштальную пасудзіну, якая развальваецца, але пры гэтым душыць бізнэс, падаткаплатнікаў. У нас будуць падаткі на нерухомасьць і зямлю лічыцца інакш, а калі мы не атрымаем крэдытаў на абслугоўваньне пазык, то, я думаю, у нас будуць новыя стаўкі старых падаткаў. У бюджэце нават намёку няма на рост ці разьвіцьцё. Гэта, па сутнасьці, пераліваньне адной і той жа субстанцыі з адной бутэлькі ў другую».

Як раней казаў старшыня Палаты прадстаўнікоў Уладзімер Андрэйчанка, закон аб бюджэце павінен быць прыняты яшчэ цяперашнім складам Палаты прадстаўнікоў, то бок на пачатку кастрычніка. Нармальна распрацаваць бюджэт у такія кароткія тэрміны Раманчук лічыць нерэальным:

«Тры папярэднія бюджэты можна было выкінуць у сьметніцу ўжо ў студзені. А тое, як прымаецца гэты бюджэт, — па сутнасьці, на падставе лічбаў за першае паўгодзьдзе, не дачакаўшыся дадзеных нават за трэці квартал, — я наогул такой некампэтэнтнасьці яшчэ ня бачыў. Навошта так рабіць? Гэта нейкі зьдзек. Той склад Палаты прадстаўнікоў, які мае ўвогуле горшую за ўвесь час гісторыю працы над бюджэтам у Беларусі, ня можа ў такіх умовах і ў такім рытме зрабіць якасны бюджэт», — кажа эканаміст.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG