Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

«Лепей перабдзець»: у Асіповіцкім раёне не жадаюць бачыць Акуліна, Бартосіка і Дранько-Майсюка


Мэмарыяльны знак у гонар мэцэнаткі беларускай культуры Магдалены Радзівіл ў вёсцы Дуброва, што ў Асіповіцкім раёне

Мэмарыяльны знак у гонар мэцэнаткі беларускай культуры Магдалены Радзівіл ў вёсцы Дуброва, што ў Асіповіцкім раёне

Таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры адмовілася браць удзел у адкрыцьці мэмарыяльнага знака ў гонар славутай мэцэнаткі беларускай культуры Магдалены Радзівіл.

Такім чынам Таварыства адрэагавала на цэнзураваньне ўдзельнікаў урачыстасьці. Паводле старшыні рэспубліканскай рады грамадзкага аб’яднаньня Антона Астаповіча начальнік аддзелу ідэалягічнай працы Асіповіцкага райвыканкаму Ірына Раманчук назвала непажаданымі асобамі на імпрэзе Эдуарда Акуліна, Зьмітра Бартосіка і Леаніда Дранько-Майсюка.

«З вуснаў начальніка аддзелу Раманчук прагучалі ўскосныя абвінавачаньні на адрас гэтых асобаў, што яны выступаюць на нейкіх „ня тых“ пляцоўках, пра якія яна асабіста ведае», — напісаў у лісьце начальніку Галоўнага ўпраўленьня ідэалягічнай працы, культуры і па справах моладзі Магілёўскага аблвыканкаму Андрэю Кунцэвічу Антон Астаповіч.

«Мы з ім (Антонам Астаповічам. — РС) абмяркоўвалі мае і ягоныя пажаданьні, таму гаворкі ні пра якую цэнзуру быць ня можа, — давяла сваю пазыцыю Ірына Раманчук.

«Гэта мерапрыемства нашага раённага ўзроўню, таму былі прапановы з майго боку. Тое, што ён прапаноўваў, проста не было ўзгоднена са мною, і гэта выклікала пытаньні. Трэба, каб запрашаў раён, а не асоба, якая сама запрошаная на мерапрыемства», — зазначыла ідэоляг Асіповіцкага райвыканкаму.

Зьміцер Бартосік лічыць, што ідэоляг перастрахавалася.

Зьміцер Бартосік

Зьміцер Бартосік

«Трэба разумець, — тлумачыць ён, — што такое стаўленьне не асабіста да мяне, а да сытуацыі, калі лепей «перабдзець». Вось яна і «перабдзела».

Пытаньне пра «ня тыя пляцоўкі» музыку зьбянтэжыла.

«Тут я, бадай што, задумаюся. На мінулым тыдні я выступаў на першым канале дзяржаўнага радыё „Беларусь-1“, і неўзабаве выйдзе гэтая перадача. Вельмі часта выступаю ў сярэдніх школах. Калі яна лічыць, што гэта „ня тыя“ пляцоўкі і яны недастаткова сур’ёзныя для ейнай вялікай сцэны, ну тады можа быць... Крыўдна тое, што цудоўнай кампаніяй не зьбяромся з добрай нагоды», — выказаўся бард Зьміцер Бартосік.

«Не на ўсіх пляцоўках мяне бачаць непажаданым госьцем», — камэнтуе сытуацыі Эдуард Акулін. Ён прызнаецца, што стаўленьне асіповіцкага ідэоляга было для яго нечаканай навіной.

Эдуард Акулін

Эдуард Акулін

«Дзякуй Богу, я і Дранько-Майсюк часта выступаем па ўсёй Беларусі ў розных аўдыторыях: ва ўнівэрсытэтах, каледжах, ліцэях, школах. Чамусьці там ніякіх забаронаў на нас, нашу творчасьць не было».

«Гэта пазыцыя асабіста гэтай чыноўніцы. Цяпер іншыя часы», — дадае музыка і паэт.

«Але былі і часы, калі такія сустрэчы забараняліся. У мяне застаўся ў памяці такі выпадак. Дарэчы, неўзабаве будзе 85-годзьдзе Ніла Гілевіча, дык мы неяк ехалі зь Нілам Сымонавічам на выступленьне ў Гомельскі дзяржаўны ўнівэрсытэт і на паўдарозе нам патэлефанавала намесьніца дэкана і сказала, што творчая сустрэча адмяняецца — менавіта з прычыны ўдзелу ў ёй нас з Нілам Сымонавічам. Тады быў такі час. Гэта было гадоў сем таму. Існаваў загад не пускаць у школьныя, студэнцкія аўдыторыі „няправільных“ пісьменьнікаў. Але, дзякаваць Богу, той час прайшоў. Аднак, як бачыце, ідэалягічныя атавізмы засталіся», — вывеў Эдуард Акулін.

У лісьце да Андрэя Кунцэвіча Антон Астаповіч просіць яго, як начальніка Галоўнага ўпраўленьня ідэалягічнай працы, культуры і па справах моладзі, растлумачыць, якія пляцоўкі для выступу зьяўляюцца «тымі».

Антон Астаповіч

Антон Астаповіч

"У сэнсе выступаў, на якіх можна браць удзел у мерапрыемствах пад эгідай Асіповіцкага райвыканкаму. Дадаткова просім растлумачыць, ці існуе ў Рэспубліцы Беларусь цэнзура і па якіх прыкметах, калі яна існуе, творчыя асобы не дапускаюцца да гледача",— напісаў чыноўніку старшыня рэспубліканскай рады Таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры.

Мэмарыяльны знак на месцы былой сядзібы Жорнаўкі рыхтавалі супольнымі намаганьнямі. Да справы прычыніліся і Таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры, і Асіповіцкі райвыканкам, і мясцовыя краязнаўцы. Упарадкавалі тэрыторыю, завезьлі і ўстанавілі валун, вырабілі шыльду, якую прымацуюць да валуна напярэдадні адкрыцьця.

Урачыстасьць мае адбыцца 23 верасьня ў вёсцы Дуброва, што ў Асіповіцкім раёне.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG