Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Апошні выступ Абамы ў ААН: крытыка Расеі і заклік дапамагаць уцекачам


Барак Абама
Барак Абама

Барак Абама, апошні раз выступаючы ў ААН у якасьці прэзыдэнта ЗША, заклікаў разьвітыя краіны рабіць больш для вымушаных уцекачоў і папрасіў сусьветных лідэраў уявіць свае сем’і на месцы гэтых людзей.

У сваім выступе прэзыдэнт, які пакіне Белы дом у студзені 2017 году, адзначыў, што 50 краінаў, якія ўдзельнічаюць у саміце ААН, прысьвечаным уцекачам, плянуюць сёлета прыняць 360 тысяч чалавек, якія шукаюць прытулку. Гэта ўдвая больш, чым годам раней.

Паводле словаў Барака Абамы, Канада і Нямеччына падаюць іншым разьвітым краінам прыклад у гэтым кірунку.

У сваім апошнім звароце Абама сказаў таксама пра такія выклікі сучаснаму сьвету, як распад «элемэнтарнага парадку» на Блізкім Усходзе, падкрэсьліўшы, што наша грамадзтва знаходзіцца ў стане няпэўнасьці і трывогі.

«Мы бачым, як урады многіх краінаў затыкаюць рот журналістам, перасьледуюць іншадумства і цэнзуруюць плынь інфармацыі. Тэрарыстычныя сеткі выкарыстоўваюць сацыяльныя мэдыя, каб авалодаць думкамі нашай моладзі, ставячы пад пагрозу адкрытыя супольнасьці і правакуючы ў грамадзтве гнеў супраць ні ў чым не вінаватых імігрантаў і мусульман, — заявіў прэзыдэнт ЗША. — Магутныя краіны аспрэчваюць абмежаваньні, якія накладаюцца на іх міжнародным правам. Гэта парадокс, які вызначае наш сьвет сёньня».

Прэзыдэнт таксама раскрытыкаваў Расею за ўмяшаньне ў справы Ўкраіны, а Паўночную Карэю — за выклік міжнароднай супольнасьці ў ядзернай сфэры.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG