Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ФСБ хоча ўзяць пад кантроль увесь інтэрнэт-трафік расейцаў


Фэдэральная служба бясьпекі (ФСБ) Расеі сумесна зь Міністэрствам сувязі і Міністэрствам прамысловасьці і гандлю абмяркоўвае пытаньні расшыфроўкі і аналізу ўсяго інтэрнэт-трафіку ў рамках так званага «пакету законаў Яравой».

Пра гэта сёньня піша «Коммерсантъ» са спасылкай на крыніцы ў адміністрацыі прэзыдэнта і IT-кампаніях. ФСБ выступае за тое, каб расшыфроўваць увесь трафік і аналізаваць яго па ключавых парамэтрах, напрыклад паводле слова «бомба». Міністэрствы ж настойваюць на расшыфроўцы трафіку толькі па тых абанэнтах, якія прыцягнуць увагу праваахоўных органаў, распавёў суразмоўца газэты ў адміністрацыі прэзыдэнта.

Тры крыніцы выданьня паказалі, што для аналізу трафіку плянуецца выкарыстаць сыстэмы, якія і цяпер ужываюцца шматлікімі апэратарамі. Кіраўнік адной з кампаній-распрацоўніц такой сыстэмы лічыць, што калі «шпіёніць» за ўсімі абанэнтамі правайдэра, гэта спародзіць рызыку парушэньня канстытуцыйных правоў грамадзян.

Пакет «антытэрарыстычных» законаў дэпутаткі Ірыны Яравой і сябра Савета Фэдэрацыі Віктара Озерава быў падпісаны прэзыдэнтам Уладзімірам Пуціным 7 ліпеня. У ліку іншага, ён абавязвае апэратараў сувязі запісваць і захоўваць усе тэлефонныя размовы і паведамленьні сваіх кліентаў на працягу паўгода. Уладальнікі інтэрнэт-пляцовак абавязаныя здаваць ключы шыфраваньня па патрабаваньні ФСБ. Праваабаронцы заяўляюць, што «законы Яравой» абмяжоўваюць правы і свабоды грамадзян і называюць іх антыканстытуцыйнымі.

XS
SM
MD
LG