Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пра што сьведчыць паскарэньне тэмпаў падзеньня валавога ўнутранага прадукту ў Беларусі?


Уладзімер Глод: Валавы ўнутраны прадукт у Беларусі з пачатку году скараціўся на 3%. Пра гэта кажа Нацыянальны статыстычны камітэт. Прычым падзеньне гэтага галоўнага паказьніку эканомікі нарастае. За першае паўгода зьніжэньне было на 2,5%, за сем месяцаў — на 2,7%. І вось гэтая лічба дарасла да 3%.

Урад тлумачыць зьніжэньне аб’ёмаў вытворчасьці рознымі прычынамі. Так, у ліпені вінаватае было зьмяншэньне вытворчасьці нафты, бо расейцы зьменшылі аб’ёмы паставак у адказ на тое, што Беларусь не вяртае даўгі за газ. У жніўні ў мінус пайшла сельская гаспадарка. Адступленьні статыстыка фіксуе паўсюль: у прамысловасьці, аграрным сэктары, таваразвароце.

Эканамісты называюць дзьве асноўныя прычыны падзеньня валавога ўнутранага прадукту. Першая — падзеньне цэнаў на нафту. Адпаведна, зьніжаюцца цэны і на бэнзін, мазут ды іншую прадукцыю Наваполацкага і Мазырскага нафтаперапрацоўчых заводаў. Другая — сытуацыя на расейскім рынку. Зь вядомых прычынаў расейцы цяпер ня могуць купляць у тых жа аб’ёмах беларускую тэхніку і тавары.

Ёсьць і іншыя праблемы. Гэта буксаваньне велізарнага сэктару машынабудаваньня (трактары, аўтамабілі, рухавікі). Значная частка гэтай прадукцыі застаецца на складах. Шмат насіліся з праграмамі мадэрнізацыі, асабліва ў дрэваапрацоўцы, у вытворчасьці цэмэнту, паперы... Але ж яны праваленыя.

Прэм’ер Кабякоў або не разумее ўсю складанасьць сытуацыі, альбо наўмысна гаворыць пра пэўныя зрухі.

У мяне складаецца ўражаньне, што прэм’ер Кабякоў або не разумее ўсю складанасьць сытуацыі, альбо наўмысна гаворыць пра пэўныя зрухі. Кшталту таго, што падзеньне ў эканоміцы скончылася і хутка пачнецца рост. Але ж гэта ня так. І экспэрты адзначаюць: без кардынальных зьменаў у эканоміцы становішча ня выправіць. Аднак мы ведаем стаўленьне да праблемы кіраўніка дзяржавы. Ён жа казаў, што гэтыя рэфарматары прапануюць «замест хлеба даць людзям нейкую рэформу». Падобна, ён спадзяецца на тое, пра што таксама казаў людзям, што з улікам хвалепадобнага разьвіцьця сусьветнай эканомікі на зьмену крызісным зьявам абавязкова прыйдзе рост. І яго трэба проста дачакацца. Праўда, калі канкрэтна прыйдзе рост у Беларусь, Лукашэнка ня кажа.

Але сусьветны крызіс ужо прайшоў. У тым жа Эўразьвязе ВУП за мінулы год павялічыўся на 1,8%. Нават шматпакутная Грэцыя паказала рост на 0,25%. Ва Ўкраіне, дзе не заканчваецца вайна, за першае паўгодзьдзе сёлета ВУП павялічыўся амаль на 1%. Карацей, крызіс толькі ў Беларусі і ў Расеі. Або — у так званай саюзнай дзяржаве.

Нехта трапна заўважыў: Беларусь жыве савецкім «дэфіцытным» мысьленьнем — маўляў, варта стварыць тавар, і яго абавязкова нехта набудзе. Але пасьля СССР прайшло ўжо чвэрць стагодзьдзя, і дэфіцыту ўжо даўно няма — былі б грошы.

Я хачу згадаць: улады плянавалі сёлета рост ВУП у 0,3%. Мы ж рэальна маем пакуль мінус 3%. Як вы мяркуеце, калегі, што мы будзем мець па выніках 2016 году?

Валер Карбалевіч: Канечне, мінус, а ня плюс. Вось сп. Уладзімер нагадаў: апошнім часам афіцыйныя асобы сталі настойліва цьвердзіць пра тое, што ў беларускай эканоміцы зьявіўся трэнд да паляпшэньня. Прэм’ер-міністар Андрэй Кабякоў яшчэ 9 жніўня на паседжаньні ўраду заявіў, што мы маем «дынаміку аднаўленьня эканамічнага росту», прычым на здаровай неэмісійнай аснове. Пра ажыўленьне эканомікі казаў і сам Лукашэнка падчас візыту на Берасьцейшчыну. Намесьнік міністра эканомікі Беларусі Аляксандар Ярашэнка ў інтэрвію тэлеканалу «Беларусь 1» 21 жніўня адзначыў: «Мы выходзім з траекторыі падзеньня».

Нават невялічкае павялічэньне ці падзеньне сусьветных нафтавых цэнаў уплывае на дынаміку валавога ўнутранага прадукту Беларусі.

І вось такі аблом. Дынаміка аднаўленьня скончылася, эканоміка зноў вярнулася да «траекторыі падзеньня». Калі казаць па вялікім рахунку, то насамрэч з пачатку году сытуацыя ня надта мяняецца. Тэндэнцыя падзеньня валавых паказьнікаў трывае ўвесь год. А вось невялікія хістаньні галоўным чынам тлумачацца зьменай сытуацыі на рынку нафтапрадуктаў. Гэта галоўны экспартны тавар Беларусі. Таму нават невялічкае павялічэньне ці падзеньне сусьветных нафтавых цэнаў уплывае на дынаміку валавога ўнутранага прадукту Беларусі. А ў жніўні да гэтага дадалося скарачэньне паставак расейскай нафты. Экспэрты ацэньваюць, што гэты чыньнік вядзе да падзеньня ВУП на 0,2%.

Зьвярнуў бы ўвагу вось на якую акалічнасьць. Паводле дасьледаваньня CASE Belarus, доля Расеі ў зьнешнім гандлі Беларусі працягвае расьці. За паўгода доля Расеі вырасла адразу на 4,3% (з 38,9% у 2015-м да 43,2% у першым паўгодзьдзі 2016-га). «Горш справы з дывэрсыфікацыяй экспарту ішлі толькі ў 2007 годзе. Не выконваецца прынятая на бягучую пяцігодку канцэпцыя дывэрсыфікацыі экспарту паводле прынцыпу «траціна-траціна-траціна», дзе паказаныя прапорцыі — гэта долі беларускага экспарту на рынкі ЕАЭС, ЭЗ і краін «далёкай дугі», — гаворыцца ў макраэканамічным аглядзе CASE Belarus. То бок кіраванасьць эканамічных працэсаў з боку ўладаў падае.

І пэрспэктывы ня радасныя. За паўгода адбылося скарачэньне выдадзеных крэдытаў як у валюце, так і ў рублях. Інвэстыцыі падаюць трэці год запар. За студзень-ліпень яны скараціліся на 20,6%. Таму што бюджэтныя інвэстыцыі значна скараціліся. А акрамя бюджэту, укладваць новыя грошы ў эканоміку асабліва няма каму.

Улады спадзяюцца на нейкі цуд, на Божы промысел, на тое, што ў любым выпадку народ будзе маўчаць.

Віталь Цыганкоў: Думаю, варта зьвярнуць увагу на лічбы, важныя для жыцьця ўсіх беларусаў. Паводле апошніх дадзеных, даходы насельніцтва ў параўнаньні з адпаведным пэрыядам мінулага году ўпалі на 7 працэнтаў. Цяпер увогуле адбываецца гістарычна рэдкае для Беларусі спалучэньне дзьвюх прыкметаў крызісу — падзеньне ВУП (чаго не было ў гэтым стагодзьдзі да 2015 году) і адначасова падзеньне даходаў насельніцтва.

МВФ прагназаваў зьніжэньне ВУП Беларусі сёлета на 3 працэнты — і выглядае, што так і атрымаецца.

Што да прагнозаў, то практыка паказвае, што трэба давяраць перш за ўсё прагнозам сусьветных арганізацыяў, такіх як МВФ. МВФ прагназаваў зьніжэньне ВУП Беларусі сёлета на 3 працэнты — і выглядае, што так і атрымаецца — хоць прэм’ер Кабякоў яшчэ вясной казаў, што беларуская эканоміка выйдзе на рост.

На 2017 год МВФ прагназуе падзеньне на 0,5 працэнта, Сусьветны банк — на 1 працэнт. Такім чынам, прагноз беларускага ўраду — падзеньне на 0,2 працэнта — зноў выглядае надта аптымістычным.

Калі паспрабаваць пашукаць «аптымізм», то можна адзначыць, што ў праекце бюджэту заплянаваны рост фонду аплаты працы бюджэтнікаў памерам 9 працэнтаў. Але, зразумела, калі інфляцыя будзе вышэйшая, то зноў атрымаем падзеньне даходаў насельніцтва. Плянуецца таксама зьніжэньне выдаткаў па асобных кірунках, сярод якіх жыльлёвае будаўніцтва і сельская гаспадарка. Гэта якраз тое, што робяць улады розных краінаў у момант крызісу — замарожваюць нейкія доўгатэрміновыя праграмы, тое, без чаго краіна і людзі могуць абысьціся.

Але галоўная праблема бюджэту — гэта дзяржаўная падтрымка прамысловасьці. 2,6 трыльёна рублёў пайшлі прадпрыемствам Міністэрства прамысловасьці. Гэтыя нерэфармаваныя беларускія дзяржаўныя прадпрыемствы — на сёньня галоўная праблема беларускай эканомікі.

  • 16x9 Image

    Валер Карбалевіч

    Нарадзіўся ў 1955 годзе. Скончыў гістфак БДУ, кандыдат гістарычных навук, дацэнт. Палітычны аглядальнік «Радыё Свабода».

     

     

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода».  На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG