Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Экс-кіраўнік МЗС Іван Антановіч: У Беларусі не было патрэбы ў незалежнасьці АНОНС


Удзельнік цыклю «Пасьля СССР. 25 гадоў незалежнасьці» — Іван Антановіч, міністар замежных справаў Беларусі (1997–1998), бадай адзіны кіраўнік МЗС Беларусі, які свабодна гаворыць па-беларуску, па-ангельску, па-француску і па-нямецку. Іван Антановіч быў адным з аўтараў першай дамовы аб саюзе Беларусі і Расеі, яго часта называлі шэрым кардыналам, у часы ягонага кіраваньня МЗС у Беларусь была запрошаная Кансультатыўна-Назіральная група АБСЭ на чале з Гансам-Георгам Вікам і адбылося высяленьне дыпляматаў зь іх рэзыдэнцый у Драздах. Ад 2000 году Іван Антановіч жыве ў Маскве, займаецца навуковай і выкладчыцкай працай.

Прапануем фрагмэнт інтэрвію.

Ганна Соўсь: Іван Іванавіч, у жніўні 1991 году вы былі за ці супраць незалежнасьці Беларусі?

і я захоўваю вельмі шмат шчырых лістоў Быкава, якія я не магу нават апублікаваць, бо яны былі надта шчырыя і асабістыя

Іван Антановіч: У жніўні 1991 году я быў членам Палітбюро, сакратаром ЦК КП РСФСР. Гэта падаўляючая большасьць партыі, якая хацела захаваць СССР. Я ня быў у Менску, калі была абвешчаная незалежнасьць. А калі пачаўся парад незалежнасьцяў па ўсяму пэрымэтру Савецкага Саюзу, Беларусь вельмі натуральна і лягічна пайшла тым жа крокам і абвясьціла сваю незалежнасьць. Потым аналізуючы гэтыя абставіны, я памятаю словы Быкава, зь якім у мяне да канца ягоных дзён былі вельмі цёплыя адносіны, і я захоўваю вельмі шмат шчырых лістоў Быкава, якія я не магу нават апублікаваць, бо яны былі надта шчырыя і асабістыя. Я памятаю ягоны сказ (яго часта цытуюць сёньня), што Беларусі незалежнасьць звалілася на галаву як перасьпелы плод. Гэта крыху гіпэрбала, а на самой справе ў Беларусі не было патрэбы ў незалежнасьці. Большасьць яе насельніцтва было задаволена сваім эканамічным, сацыяльным і культурным станам у СССР. І яна мела даволі шырокую аўтаномію, яна сама прызначала сваіх кіраўнікоў, яна клапацілася аб разьвіцьці нацыянальнай культуры, нацыянальнай прамысловасьці, навукова-тэхнічнага патэнцыялу...



Соўсь: Беларусь сама прызначала Машэрава за савецкім часам? Вы кажаце, што Беларусь сама прызначала сваіх кіраўнікоў. Усё ж ня так было...

Антановіч: Зразумела, была КПСС, цэнтралізаваная палітычная сіла той вялікай дзяржавы, дзе павінны былі быць узгадненьні, але Машэраў усё ж быў плоць ад плоці беларус, змагар за яе незалежнасьць са зброяй у руках. І прызначыла яго Беларусь сама. І я крыху ведаю пра канфліктны момант, калі хацелі і другую фігуру назваць і называлі яе...

Соўсь: Раскажыце пра гэта...

Антановіч: У мяне ёсьць інфармацыя, што тут, у самым цэнтры спачатку бачылі першым сакратаром Ціхана Якаўлевіча Кісялёва, таксама выдатную, знакавую, знакамітую фігуру беларускай палітыкі, але зь Беларусі пайшла пульсацыя, што мы хацелі б Пятра Міронавіча. Цэнтар уняў гэтым пажаданьням, і Машэраў прыйшоў ва ўладу.

Соўсь: Вы гаварылі пра тое, што Беларусь плаўна перайшла да ўсьведамленьня незалежнасьці. Дык цяпер вы — прыхільнік незалежнасьці Беларусі?

І калі было прынятае рашэньне аб незалежнасьці, беларусы ўжо ніколі ня думалі, як бы магло быць інакш. Інакш ужо не было

Антановіч: Цяпер я ня толькі прыхільнік. Я павінен даць пазытыўную ацэнку прэзыдэнту Беларусі, які 20 гадоў гэтую незалежнасьць мацуе. І цяпер я скажу, можа, крыху, парадаксальную рэч. Расейская Фэдэрацыя і наша Беларусь у эўрапейскім кантэксьце самыя незалежныя дзяржавы што датычыць іх зьнешняй палітыкі, іх пазыцыянаваньня ў сьвеце, іх самастойнасьці ў вырашэньні даволі вострых палітычных праблемаў для абедзьвюх краінаў. Таму я лічу, што гэты шлях 25 гадоў быў пройдзены вельмі плённа. І калі было прынятае рашэньне аб незалежнасьці, беларусы ўжо ніколі ня думалі, як бы магло быць інакш. Інакш ужо не было. Незалежнасьць — гэта вартасьць, каштоўнасьць, якая для кожнага беларуса... У вас больш любяць выкарыстоўваць слова сьвядомыя, а я сказаў бы, што для кожнага адукаванага і сумленнага беларуса гэта вартасьць, якая не падлягае сумневу, абвяржэньню або дыскусіі — было б так ці ня так. Беларусы — вельмі рэалістычныя людзі. Што сёньня ёсьць, тое і добра, будзем ісьці далей да лепшага.

Соўсь: Вы мелі магчымасьць назіраць і працаваць з рознымі беларускімі палітыкамі ў розныя часы. Дайце кароткую ацэнку лідэрам, зь якімі вы працавалі — Пятру Машэраву, Мікалаю Слюнькову і Яфрэму Сакалову...

Антановіч: Гэта вельмі гібкая кладка — даваць ацэнкі іншым лідэрам, асабліва, калі яны яшчэ жывыя... Паспрабую аб’ектыўна. Найперш, з 1945 па 1991 год Беларусі вельмі шанцавала, бо склалася такая сыстэма, якая вылучала на высокія пасады вельмі таленавітых адданых справе людзей. Апагей гэтага працэсу — Пётр Міронавіч Машэраў. Дарэчы, мяне маладога доктара навук, калі я вярнуўся з замежнай камандзіроўкі з ЗША, Пётр Міронавіч узяў у апарат ЦК, і гэтая праца ў ЦК вельмі дапамагла мне зразумець рэальнасьць. Мы павінны разумець, што ў тыя часы, а гэта быў 1974 год, ніхто нідзе ў кіруючым слоі грамадзтва не будаваў камунізм. Я працаваў прарэктарам Акадэміі грамадзкіх навук пры ЦК КПСС у Маскве і меў права прысутнічаць на ўсіх закрытых нарадах. І калі б я тады сказаў, што наша будучыня — камунізм, на мяне паглядзелі б, як на чалавека зь нейкім вывіхам. Гэты былі мэнэджэры, якія ўпраўлялі рэальнасьцю сваёй краіны і паціху рухалі яе наперад у эканоміцы (гэта было галоўнае), ў культуры, у чалавечых адносінах. І Машэраў стаіць першым сярод іх.

Я працаваў са Сьлюньковым. Геніяльны кампутарны розум, чалавек, які ведае эканоміку і сёньня, і ведаў тады назубок так, як мала хто ведаў і разумеў яе ў СССР. За гады Сьлюнькова мы сумелі пры даволі цяжкім гнёце расходаў на абаронку падняць дабрабыт і вытворчасьць тавараў спажываньня. Калі ў 1986 годзе ў нас была даволі шырокая канфэрэнцыя, мы павезьлі дэлегатаў з Чэхіі, Польшчы ў Дзержынова, то яны кінуліся раскупляць дзіцячыя тавары, якімі былі напоўненыя нашы крамы. Сьлюнькоў быў першаклясным эканамістам, які павярнуў Беларусь раней за ўсе іншыя рэспублікі да сур’ёзнага перагляду эканамічнай вытворчасьці.

Пра яго шмат сказана няпраўды ў сувязі з Чарнобыльскай катастрофай, быццам ён гэта хаваў. Я прысутнічаў на многіх вельмі сакрэтных пасяджэньнях. Ніхто нічога ня ведаў, што рабіць

Пра яго шмат сказана няпраўды ў сувязі з Чарнобыльскай катастрофай, быццам ён гэта хаваў. Я прысутнічаў на многіх вельмі сакрэтных пасяджэньнях. Ніхто нічога ня ведаў, што рабіць. Так жа, як здарылася ў Японіі Фукусіма. Ніхто ня ведаў, што рабіць. Усе чакалі. Былі сцэнары аварыі і ліквідацыі наступстваў. Была вялікая паніка. Але тая сацыялістычная сыстэма вызначалася тым, што яна магла канцэнтравана кідаць рэсурсы ў крызісны момант. І пачалася паступова ня тое што ліквідацыя, а выпраўленьне сытуацыі. Я працаваў з Яфрэмам Яўсеевічам Сакаловым. Гэта першаклясны спэцыяліст у сельскай гаспадарцы, яму была ўласьцівая тайная задума — падняць беларускае сяло да ўзроўню гарадзкога дабрабыту. Пачалося будаўніцтва асфальтавых дарог у сёлы, пачалі аднаўляцца грамадзкія будынкі. Да таго ж, хоць і спэцыяліст у сельскай гаспадарцы, ён быў вельмі чульлівы да праблем нацыянальнай культуры. Мы зь ім ужо амаль дамовіліся з Украінай перавезьці з Крыму прах Багдановіча. Аднак калі я зьехаў, гэта ідэя неяк згасла, а потым і перабудова закруцілася...

Соўсь: Скажыце, а па-беларуску з Машэравым, Сьлюньковым, Сакаловым вы гаварылі?

Антановіч: Не.

Соўсь: А чаму?

Антановіч: Ні разу не прыходзілася. Яны цудоўна ведалі мову, былі вельмі чульлівыя да патрэбаў нацыянальнай культуры. Яны былі вельмі зацікаўленыя прасоўваць на кіруючыя пасады добрых, знакамітых беларусаў. Яны рабілі віртуозныя праграмы атрыманьня ганаровых званьняў для беларусаў у Маскве. Гэта была віртуозная, ціхая, дыпляматычная работа. Мы атрымоўвалі і Народных артыстаў СССР, і Заслужаных дзеячаў навукі, і нават Герояў сацыялістычнай працы. Яны вельмі добра разумелі, але беларускай мовай яны не ў быту, афіцыйна не карысталіся.

Цалкам інтэрвію на нашым сайце неўзабаве.

  • 16x9 Image

    Ганна Соўсь

    Ганна Соўсь нарадзілася ў Менску. Скончыла факультэт журналістыкі БДУ. Працавала ў незалежнай газэце «Народная воля»(1997-2000). Ад 2000 году працуе на «Свабодзе». Кнігі на «Свабодзе» — «Дарога праз Курапаты» (аўтарка рэпартажаў), «Адзін дзень палітвязьня» (ідэя і ўкладальніца), «Адзін дзень палітвязьня. 2009-2011»(ідэя і ўкладальніца), «Жыцьцё пасьля раку» (аўтарка ідэі і каардынатарка праекту, рэдактарка). Аўтарка праекту «Расея і я», сэрыі інтэрвію з 12 экс-прэзыдэнтамі постсавецкіх кранаў. Сябра БАЖ.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG