Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Адвакат Галіеў пра справу Пцічкіна: «Паказаньні сьведак з „Валадаркі“ знарочыстыя і тэндэнцыйныя»


Ігар Пцічкін

Ігар Пцічкін

На працэсе ў Маскоўскім судзе Менску па справе аб сьмерці Ігара Пцічкіна пачаліся допыты сьведак — супрацоўнікаў СІЗА № 1. 20 верасьня ў суд былі выкліканыя былая фэльчар «Валадаркі» Валянціна Кузьменка і памочнік начальніка ўстановы Сяргей Гарбавец. Абое бачылі нябожчыка напярэдадні ягонай сьмерці 4 жніўня 2013 году, а таксама шмат ведаюць пра парадкі ў гэтай турме, у тым ліку пра фіксацыю вязьняў — прывязваньне іх да ложка рамянямі.

Кузьменка: «На ўсе тэст-пытаньні Пцічкін адказваў дакладна і хутка»

Валянціна Кузьменка цяпер працуе ў Нацыянальным аэрапорце «Менск», а ў 2013 годзе, калі на «Валадарцы» памёр Ігар Пцічкін, працавала там фэльчарам — калегам Аляксандра Крылова, якога цяпер судзяць.

Яе дзяжурства было 2 жніўня, за два дні да сьмерці вязьня Пцічкіна. Яна добра памятае, як у той дзень размаўляла з Пцічкіным. Гэта было каля 18 гадзіны. Супрацоўніцу выклікалі на агляд вязьня агульнай камэры Пцічкіна, бо ў таго, паводле кантралёра, «магчымы пасьляалькагольны сындром». Сьведка назвалася Пцічкіну мэдыкам, на што той сказаў, што доктара не выклікаў.

«Далей задавала яму тэстуючыя пытаньні для высьвятленьня стану, у тым ліку псыхічнага. Дзе ён знаходзіцца? Які сёньня дзень? — і гэтак далей, прычым некаторыя пытаньні паўтарала, каб дакладней зразумець, што з пацыентам. Але, паводле Валянціны Кузьменкі, Пцічкін адказваў на ўсе пытаньні дакладна і хутка, таму далейшае яе ўмяшаньне як мэдыка не спатрэбілася.

«Мяне выклікалі дарэмна. Я пра гэта сказала кантралёру, а потым паведаміла ў дзяжурную частку, што ў Пцічкіна не мэдычная праблема», — распавяла суду Валянціна Кузьменка.

Наколькі добра яна разгледзела Ігара Пцічкіна падчас размовы? Паводле Валянціны Кузьменкі, у камэру яна не заходзіла, а размаўляла з Пцічкіным праз «фортку» ў дзьвярах камэры. Аднак бачыла яго добра: Пцічкін быў разьдзеты да пояса, яна бачыла яго грудзі, ён сядзеў на ложку. «Сінякоў і гематом на ягоным целе я ня бачыла, але для сябе адзначыла, што ён быў худы. Калі б я нешта заўважыла на ягоным целе, гэта я б пазначыла ў справаздачы дзяжурнаму памочніку», — сказала сьведка. Сукамэрнікаў яна не апытвала, бо гэта не было патрэбна, бо Ігар Пцічкін «быў абсалютна адэкватны». Каб зрабіць справаздачу, яна пазваніла з фэльчарскага пакоя, туды трэба ісьці 1–2 хвіліны.

Дарэчы, абвінавачаны Крылоў казаў, што для гэтага патрэбна 10 хвілін. Таксама раней на працэсе Крылоў распавядаў, што 3 жніўня Ігара Пцічкіна перавялі з агульнай камэры СІЗА ў 27-ю камэру на тэрыторыі шпіталя, бо ў яго пачаліся неадэкватныя паводзіны, трызьненьні і спробы ўцячы. Рашэньне пра фіксацыю Пцічкіна фэльчар Крылоў прыняў самастойна, нібыта таму, што ў той дзень у СІЗА не было доктара.

Суд заўважыў разыходжаньні ў паказаньнях сьведкі Кузьменкі цяпер, на судзе, і раней — на сьледзтве.

Аказваецца, на допыце ў 2014 годзе Валянціна Кузьменка казала, што «Пцічкін прасіў выклікаць да яго апэратыўніка, бо ён нечага баіцца, яму пагражаюць». Сёньня сьведка пацьвердзіла тыя паказаньні, патлумачыўшы, што магла забыць пра іх за даўнасьцю часу.

У судзе сьведку Валянціну Кузьменку таксама распытвалі пра практыку фіксацыі вязьняў — прывязваньня рамянямі да ложка. Кузьменка працавала на «Валадарцы» 19 гадоў. Паводле сьведкі, фіксацыя ўжываецца толькі на загад лекара, і ўсім, каму прызначана фіксацыя, прапануюць ваду і ежу, па іх жаданьні выводзяць у прыбіральню. Сьведка сказала, што пры ёй фіксацыю больш як на 2 гадзіны не ўжывалі.

Яшчэ цікавы момант пра фіксацыю. Сьведцы не даводзілася пытацца ў хворага пра дазвол на фіксацыю, бо гэтую меру стрыманьня заўсёды прызначае толькі доктар, а ня фэльчар. Ва ўсякім разе, гэтак было пасьля разьмяшчэньня на тэрыторыі СІЗА рэспубліканскай турэмнай бальніцы, якая ў канцы мінулага дзесяцігодзьдзя пераехала з вуліцы Кальварыйскай. Яшчэ сьведка ня памятае, каб пасьля фіксацыі заставаліся на руках сьляды.

Таксама Валянціна Кузьменка распавяла суду пра практыку абыходжаньня зь лекамі катэгорыі А і Б на «Валадарцы». Паводле сьведкі, для гэтых лекаў быў прызначаны адмысловы сэйф, лекі былі пад аховай, пасьля іх ужываньня прадугледжаная строгая справаздачнасьць.

Фэльчар Аляксандар Крылоў, паводле ягоных паказаньняў, раніцай 4 жніўня зрабіў Пцічкіну ўкол галаперыдолу, ніяк не адзначыўшы гэта ў мэдычных дакумэнтах. Сам Крылоў казаў суду, што калі б зрабіў гэты ўкол раней, яшчэ 3 жніўня, Пцічкін не памёр бы, але тады нібыта вязень ад уколу адмовіўся.

Маці Пцічкіна Жанна мяркуе, што іньекцыі гэтага сродку фэльчар Крылоў увогуле не рабіў і хлусіць, каб пазьбегнуць адказнасьці за неаказаньне дапамогі яе сыну.

Свайго былога калегу Аляксандра Крылова сьведка Валянціна Кузьменка ахарактарызавала як «граматнага фэльчара». А пра абыходжаньне Крылова з Пцічкіным праз паўзу Кузьменка сказала: «Ня думаю, што ён бы атрымліваў задавальненьне ад таго, што катуе хворых вязьняў».

Памочнік начальніка «Валадаркі» Гарбавец у судзе: «Пцічкін спаў». Ён жа падчас сьледзтва: «Пцічкін варушыўся»

Сьведка Сяргей Гарбавец працуе памочнікам дзяжурнага «Валадаркі». Якраз падчас ягонага дзяжурства 2 жніўня 2013 году Ігар Пцічкін быў пераведзены з агульнай камэры № 47 у іншую, меншую, № 50. Прычына? «Пцічкін ня ўжыўся з сукамэрнікамі, канфлікту нібыта не было, але ня змог там быць. Памятаю, што на мой загад кантралёр перавёў яго ў іншую камэру, спэцсродкаў да яго не ўжывалі», — згадаў сьведка Гарбавец.

Пра тое, што назаўтра Пцічкін быў зноў пераведзены ў камэру № 27, якая належыць турэмнаму шпіталю, сьведка даведаўся на наступны дзень, калі зноў прыйшоў на працу. 3 жніўня ў 20.00 Сяргей Гарбавец заступіў на дзяжурства і заходзіў у камэру № 27, дзе трымалі Ігара Пцічкіна прывязаным да ложка. За ноч сьведка заходзіў да Пцічкіна двойчы.

«Першы раз а 12 гадзіне, другі — пад раніцу, а 3–4 гадзіне. Са мной быў фэльчар Крылоў. Пцічкін ляжаў прывязаны. Крылоў падышоў да Пцічкіна, той спаў», — згадаў сьведка пра першы начны візыт да Пцічкіна. Тады, паводле сьведкі, Пцічкін, «магчыма, быў накрыты коўдрай», але дакладна сьведка ня памятае. Паху мачы ў камэры сьведка таксама ня памятае. Фэльчар Крылоў, паводле сьведкі, нахіляўся над Пцічкіным, магчыма, «правяраў фіксацыю». Дакладна тое самае сьведка распавёў і пра наведваньне камэры а 4-й раніцы. У тым ліку тое, што сьведка не адчуваў паху мачы ад вязьня Пцічкіна. (На той момант, паводле сьледзтва, Пцічкін быў прывязаны ўжо больш за 16 гадзін, потым ягоныя рэчы былі набраклыя мачой). А 8-й раніцы дзяжурства сьведкі скончылася, і ён пайшоў дадому. Таму пра сьмерць вязьня, якая, паводле дакумэнтаў, наступіла праз паўгадзіны, даведаўся пазьней.

Пра сінякі і зьдзертую скуру на твары і руках памерлага Пцічкіна Сяргей Гарбавец сказаў, што гэтага ня бачыў.

Сьведка ня змог патлумачыць, ад каго ў яго была інфармацыя пра агрэсіўнасьць Пцічкіна, празь якую вязьня прывязалі да ложка.

«Калі зафіксавалі, значыць...», — адказаў дзяжурны памочнік начальніка СІЗА Сяргей Гарбавец на пытаньне адваката Аляксандра Галіева.

Сяргей Гарбавец служыць на «Валадарцы» больш за 20 год, фэльчара Крылова ахарактарызаваў як «добрага, клапатлівага супрацоўніка». Паводле сьведкі, Крылоў ніколі незаконна не ўжываў такія захады, як фіксацыя да ложка.

Пракурор зноў заўважыў разыходжаньні ў паказаньнях Сяргея Гарбаўца на сьледзтве і ў судзе. Гэтак, сьледчаму Гарбавец распавядаў больш падрабязна пра агрэсіўнасьць Ігара Пцічкіна, пры гэтым спасылаўся на пэўных супрацоўнікаў СІЗА. Да таго ж, паводле тых паказаньняў сьведкі, Пцічкін ня спаў, а варушыўся і «нешта бурчэў пад нос». Сяргей Гарбавец пацьвердзіў суду ранейшыя паказаньні, а розьніцу патлумачыў «даўнасьцю часу».

Адвакат пацярпелых Жанны і Ірыны Пцічкіных Аляксандар Галіеў коратка назваў паказаньні сьведак з «Валадаркі», які прагучалі 20 верасьня, «знарочыстымі і тэндэнцыйнымі».

Наступнае паседжаньне ў працэсе адбудзецца 22 верасьня.

Суд над фэльчарам «Валадаркі» Аляксандрам Крыловым пачаўся 16 верасьня. Крылову за неаказаньне дапамогі вязьню, у выніку чаго той памёр, пагражае 5 гадоў зьняволеньня.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG