Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кіеў чакае доказаў сьмерці Жыліна і не здымае яго зь міжнароднага вышуку


Яўген Жылін
Яўген Жылін

Міністэрства ўнутраных спраў Украіны не скасоўвае запыт пра міжнародны вышук стваральніка арганізацыі «Аплот» Яўгена Жыліна, чакаючы пацьверджаньня факту ягонай сьмерці.

«Жылін — грамадзянін Украіны, ён быў абвешчаны і пакуль застаецца ў міжнародным вышуку. Мы павінны атрымаць пацьверджаньне зафіксаванага факту сьмерці. Пакуль мы гаворым пра інфармацыю, абнародаваную праз сродкі масавай інфармацыі Расеі і на гэтым засноўваем свае здагадкі. Але я перакананы, што ў бліжэйшым часе ўсё павінна стаць на свае месцы», — сказаў Заран Шкірак, дарадца міністра ўнутраных спраў Украіны Арсена Авакава.

Разам з тым Заран Шкірак мяркуе, што прэцэдэнт мог мець як камэрцыйна-крымінальныя матывы, гэтак і наўмыснае зьнішчэньне сьведкі злачынстваў Расеі супраць Украіны.

«Жылін шмат ведаў, ён працаваў наўпрост з расейскімі спэцслужбамі, праз Расею ён удзельнічаў у фінансаваньні тэрарыстычных арганізацый. Іншы варыянт, і ў Расеі на такое таксама грашаць, гэта імітацыя забойства, то бок спэцапэрацыя пад прыкрыцьцём, мэта якой палягае ў тым, што чалавека забіваюць, хаваюць і ў яго пачынаецца жыцьцё з чыстага ліста, і тады спэцслужбы яго выкарыстоўваюць для ажыцьцяўленьня тых або іншых злачынных спэцапэрацый супраць іншых дзяржаў. Што адбылося насамрэч, цяпер сказаць вельмі цяжка», — патлумачыў дарадца міністра ўнутраных спраў.

Увечары 19 верасьня расейскае агенцтва Інтэрфакс паведаміла, што ў рэстаране «Ветерок» у пасёлку Горкі-2 на Рублёва-Ўсьпенскай шашы ў Падмаскоўі быў забіты грамадзянін Украіны, стваральнік арганізацыі «Аплот» Яўген Жылін. Невядомы распачаў страляніну, як толькі Жылін і ягоны спадарожнік зьявіліся ў рэстаране. Затым нападнік зьехаў на аўтамабілі. Жылін памёр на месцы, ягоны спадарожнік Андрэй Козар паранены і дастаўлены ў шпіталь.

Яўген Жылін — былы супрацоўнік упраўленьня па барацьбе з арганізаванай злачыннасьцю МУС Украіны ў Харкаўскай вобласьці, стваральнік арганізацыі «Аплот», удзельнікі якой свайго часу нападалі на актывістаў украінскага Эўрамайдану.

У жніўні 2015 году прэсавы цэнтар Службы бясьпекі Ўкраіны ў Харкаўскай вобласьці паведаміў пра затрыманьне ў Харкаўскай вобласьці членаў дывэрсійнай групы, якая каардынавалася і фінансавалася Жыліным. Паводле ўкраінскіх спэцслужбаў, група была створаная ў красавіку 2015 году адным з кіраўнікоў міністэрства дзяржбясьпекі самаабвешчанай «Данецкай народнай рэспублікі» з псэўданімам «Танк», а пасьля перададзена на сувязь Жыліну.

Паводле СБУ, група, у якую ўваходзілі крымінальнікі, рыхтавала тэракты і зьбірала выведную інфармацыю пра ўкраінскія падразьдзяленьні, якія ўдзельнічаюць у спэцапэрацыі ў Данбасе. Члены групы нібыта рэгулярна выяжджалі ў Белгарад (Расея), дзе давалі справаздачу Жыліну, які пералічваў грошы на іх банкаўскія рахункі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG