Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расея: МДБ — монстар дзяржаўнай бясьпекі


Уладзімір Пуцін

Уладзімір Пуцін

Пра новую рэформе спэцслужбаў РФ — Сяргей Грыгар’янц, Алег Калугін, Юры Фельшцінскі.

У Расеі рыхтуецца рэформа сілавых і праваахоўных ведамстваў. Яшчэ да прэзыдэнцкіх выбараў 2018 году будзе створана Міністэрства дзяржаўнай бясьпекі (МДБ). Пра гэта ў панядзелак паведаміла выданьне «Коммерсант», адзначыўшы, што стварыць новую структуру плянуецца на аснове Фэдэральнай службы бясьпекі (ФСБ), уключыўшы ў яе Службу зьнешняй выведкі (СВР) і большасьць падразьдзяленьняў Фэдэральнай службы аховы (ФСО).

Гаворка ідзе аб фактычным вяртаньні ФСБ функцый Камітэту дзяржаўнай бясьпекі СССР (КДБ), піша выданьне. МДБ, у прыватнасьці, будзе займацца забесьпячэньнем уласнай бясьпекі ва ўсіх праваахоўных і сілавых структурах. Акрамя таго, супрацоўнікі ведамства атрымаюць права ня толькі расьсьледаваць заведзеныя Сьледчым камітэтам і МУС справы, але і ажыцьцяўляць працэсуальны нагляд за імі, паведаміла інфармаваная крыніца выданьня.

Пасьля гэтай рэформы Сьледчы камітэт Расеі, верагодна, страціць самастойнасьць і стане структурай пры пракуратуры Расеі.

Міністэрства абароны, наадварот, будзе ўзмоцнена. У яго склад увойдуць войскі грамадзянскай абароны, а таксама выратавальныя, пажарныя і іншыя службы МНС, піша «Коммерсант».

Паводле дадзеных крыніц, рыхтавацца да правядзеньня рэформы пачалі неўзабаве пасьля ліквідацыі Фэдэральнай міграцыйнай службы і Фэдэральнай службы па кантролі за абаротам наркотыкаў, функцыі якіх перайшлі МУС.

У апошнія тыдні ў СМІ зьяўляліся паведамленьні аб магчымых адстаўках кіраўніка Сьледчага камітэту Аляксандра Бастрыкіна і кіраўніка МНС Уладзімера Пучкова.

У сілавых і праваахоўных структурах прызначаную рэформу афіцыйна не камэнтавалі.

Чаго чакаць грамадзянам Расеі і сусьветнай супольнасьці ад новых плянаў па рэфармаваньні расейскіх спэцслужбаў? Тэму абмяркоўваюць праваабаронца Сяргей Грыгар’янц, экс-генэрал КДБ Алег Калугін, гісторык спэцслужбаў Юрый Фельшцінскі. Вядзе размову Ўладзімер Кара-Мурза-старэйшы.

Уладзімер Кара-Мурза-старэйшы: У Расіі рыхтуецца рэформа сілавых і праваахоўных ведамстваў. Яшчэ да прэзыдэнцкіх выбараў 2018 году будзе створана міністэрства дзяржаўнай бясьпекі (МДБ). Пра гэта ў панядзелак паведамляе «Коммерсант», адзначаючы, што стварыць новую структуру плянуецца на аснове Фэдэральнай службы бясьпекі, уключыўшы ў яе Службу зьнешняй разьведкі і большасьць падразьдзяленьняў Фэдэральнай службы аховы.

Гэта значыць, гаворка ідзе аб фактычным вяртаньні ФСБ функцый Камітэту дзяржаўнай бясьпекі СССР, піша выданьне. МДБ, у прыватнасьці, будзе займацца забесьпячэньнем ўласнай бясьпекі ва ўсіх праваахоўных і сілавых структурах.

Чаго чакаць грамадзянам Расеі і сусьветнай супольнасьці ад новых плянаў па рэфармаваньні расейскіх спэцслужбаў? Пра гэта мы сёньня пагаворым з нашым госьцем — праваабаронцам, заснавальнікам Праваабарончага фонду «Галоснасьць» Сяргеем Грыгар’янцам.

Сяргей Іванавіч, ці зьдзіўлены вы такімі плянамі? Ці вы нечага падобнага чакалі?

Сяргей Грыгар’янц: Я лічыў гэта цалкам магчымым, але па іншых прычынах, чым тое, пра што звычайна гавораць. У асноўным праз тое, што цяпер адбываецца у Эўропе.

Служба зьнешняй разьведкі зноў аказваецца пад кіраўніцтвам дырэктарата ФСБ. Гэта значыць губляе сваю самастойнасьць.

У гэтай рэформе, я думаю, самае важнае — гэта тое, што гіганцкае Упраўленьне зьнешняй разьведкі, якое ў значнай ступені сплянавала і ажыцьцявіла і путч у Расеі, і прыход КДБ да ўлады, якое вывезла расейскі залаты запас і шматлікія фінансавыя сродкі літаральна з усіх савецкіх структур, і, галоўнае, якое напаўняла — гэтым вельмі актыўна займаўся Яўген Прымакоў — на працягу 20 гадоў Эўропу і Злучаныя Штаты савецкай агентурай, што і давяло Заходні сьвет да такога, на шчасьце, не хаатычнага, але вельмі напружанага стану, які пануе зараз, — вось гэтая Служба зьнешняй разьведкі зноў аказваецца пад кіраўніцтвам дырэктарата ФСБ. Гэта значыць губляе сваю самастойнасьць.

Уладзімір Кара-Мурза-старэйшы: У нас на сувязі Алег Калугін, народны дэпутат СССР, у мінулым генэрал КДБ, які цяпер жыве ў ЗША.

Алег Данілавіч, вы згодны зь Сяргеем Іванавічам, што «пляны напалеонаўскія», а ў цэнтры ўсёй рэформы будзе стаяць Служба зьнешняй разьведкі?

Алег Калугін: Я б ня стаў паказваць на зьнешнюю разьведку, як галоўны фактар палітычнай абстаноўкі ў Расеі ні ў мінулым, ні ў цяперашні час. Галоўную ролю заўсёды адыгрывалі ўнутраныя органы дзяржаўнай бясьпекі, якія кантралявалі грамадзкую думку, эканоміку, па сутнасьці, былі гатовыя да арганізацыі любога перавароту на карысьць іх кіраўнікоў. Разьведка ў гэтым сэнсе займалася іншымі справамі.

А што тычыцца цяперашніх працэсаў у Расеі, то я б іх назваў «пуцінізацыя краіны». Можа быць, гэта ня новы тэрмін, але гэта якраз паказьнік таго, што органы дзяржаўнай бясьпекі занялі, я б сказаў, вядучае месца ў краіне, вызначаючы яе і зьнешнюю, і ўнутраную палітыку. Вядома, гэта ня «сталінскі варыянт». Па сутнасьці, «пуцінскі варыянт» — гэта рэстаўрацыя старых савецкіх прыёмаў, мэтадаў і ладу жыцьця.

Уладзімір Кара-Мурза-старэйшы: Але ўжо адзін раз было МДБ, як мы памятаем.

Сяргей Грыгар’янц: Так. І да гэтага спэцслужбы Сталіным заўсёды аб’ядноўваліся і дзяліліся для таго, каб адну супрацьпаставіць іншай. Скажам, каб з дапамогай Меркулава стварыць процівагу Берыі.

Але у аснове таго, што цяпер адбываецца, акрамя таго, што я сказаў, і што мне здаецца ўсё-такі вельмі важным, ня трэба забываць, што Пуцін — гэта прадаўжальнік справы Андропава. У Андропава быў асобны кабінэт у Ясеневе, гэта значыць там, дзе разьмяшчаецца зьнешняя выведка. І нават на партыйным улiку ён стаяў у нелегальнай выведцы.

Пуцін дзеліць людзей на ворагаў і на здраднікаў.

Вядома, у аснове гэтай рэформы ляжаць недавер і страх. Адзін з аглядальнікаў вельмі дакладна, па-мойму, сказаў што Пуцін дзеліць людзей на ворагаў і на здраднікаў. Вось цяпер ён больш за ўсё баіцца здрады. І ў гэтай рэформе перш за ўсё — недавер да войска. У арміі забралі Вайсковую пракуратуру, паставілі яе другі раз і ўзмоцнена пад кантроль МДБ, які, увогуле, заўсёды быў, але цяпер гэта паўтараюць. І галоўнае, дадалі ёй часткі МНС: даручылі разбор завалаў, паводак, пажараў.

Уладзімер Кара-Мурза-старэйшы: Ну, крызіс жа...

Сяргей Грыгар’янц: Так, з аднаго боку, крызіс. З іншага боку, усё гэта рэзка паніжае ўзровень арміі.

У той жа час гэта і ўжо рэалізаваны недавер да МУС, у якога, ствараючы Нацыянальную гвардыю, забралі ўсе сілавыя структуры. Адначасова, як ні дзіўна, пры тым, што аддаецца Сьледчы камітэт, відаць, гэта недавер і да пракуратуры. Калі раней у пракуратуры было хоць бы ўяўнае, але ўсё-ткі хоць нейкае Упраўленьне па кантролі над сьледзтвам у органах КДБ, то зараз наадварот: КДБ кантралюе сьледзтва ў аб’яднаным МУС.

І ўсё ж такі гэта яшчэ і несумнеўныя незадаволенасьць і недавер да Службы зьнешняй выведкі, якая, відаць, з пункту гледжаньня Пуціна, на Захадзе цяпер паводзіць сябе занадта агрэсіўна, небясьпечна і ставіць усё расейскае кіраўніцтва ў становішча ўсімі прызнаных разбойнікаў.

Уладзімер Кара-Мурза-старэйшы: «Карпарацыя Расея і КДБ у часы прэзыдэнта Пуціна». Давайце паслухаем меркаваньне гісторыка Юрыя Фельшцінскага, суаўтара кнігі. Ён лічыць, што перайменаваньне ФСБ у МДБ цалкам ўпісваецца ў лінію Пуціна па вяртаньні савецкіх знакаў і назваў.

Юрый Фельшцінскі: Я думаю, што калі вы задасьце Ўладзімеру Пуціну пытаньне, як ён хоча ўвайсьці ў гісторыю... Ну, зразумела, што ён ужо шмат гадоў прэзыдэнт Расеі, тым ня менш, ён хоча яшчэ увайсьці ў гісторыю. Ён вам абсалютна шчыра адкажа, што ён хоча ўвайсьці ў гісторыю як чалавек, які аднавіў Савецкі Саюз.

Ёсьць спробы прыхапіць тэрыторыі, якія калісьці належалі Савецкаму Саюзу.

І мы бачым, што робяцца нейкія быццам бы дробныя спробы ўзнавіць элемэнты Савецкага Саюзу. Гэта і вяртаньне старога, савецкага гімну, і вяртаньне старой, савецкай мэлёдыі інфармацыйнай праграмы «Час», і перайменаваньне інфармацыйнага агенцтва ў ТАСС. Хоць, наогул, ніякага Савецкага Саюзу быццам бы няма. Але ёсьць спробы прыхапіць тэрыторыі, якія калісьці належалі Савецкаму Саюзу.

Цалкам гутарку чытайце ТУТ.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG