Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму не ўтрымаўся сьцяг


Нацыянальны сьцяг у Доме ўраду. Архіўнае фота

Нацыянальны сьцяг у Доме ўраду. Архіўнае фота

Я ня бачыў, як 19 верасьня 1991 году бел-чырвона-белы сьцяг уносілі ў парлямэнцкую залю, як яго ўсталёўвалі над Домам ураду, бо ня быў на той час на радзіме.

На пляц Незалежнасьці я патрапіў празь некалькі дзён.

Над дахам Дому ўраду верасьнёўскі восеньскі вецер паласкаў бел-чырвона-белае палотнішча.

Па пляцы сноўдалі людзі, каля пад'ездаў Дому ўраду таўкліся журналісты, да галоўнага на той момант будынку краю пад'яжджалі машыны з дэпутатамі.

Я глядзеў на гэты сьцяг і разумеў, што пачынаецца новая эпоха ў жыцьці цэлай краіны. Мне здавалася, што ўсе людзі гэтае краіны адчуваюць гэты ўрачысты момант, як я сам.

Адзінае, што муляла вока, гэта неадпаведнасьць новага сьцягу й старога гербу пад ім. Манумэнтальны змрочны БССРаўскі герб выглядаў надзвычай важка ў параўнаньні з тонкай паставай сьцягу. Гэткая неадпаведнасьць выклікала інтуітыўную трывогу, нібы ты ўвесь час чакаў нейкага падвоху.

Мне было надта цікава, калі ж і, самае галоўнае, як адбудзецца замена гербу.

Замена адбылася. Я назіраў яе на ўласныя вочы. Прыехаў аўтамабільны кран, падняў выяву Пагоні і папросту прыкрыў Пагоняй БССРаўскі герб.

Дзёшава й сярдзіта, сказаў адзін тагачасны дэпутат.

Пасьля такой дзеі недзе глыбока ў душы я зразумеў, што тая нутраная трывога ня тое што нікуды ня зьнікла, але зрабілася толькі больш адчувальнай.

– Як так, – разважаў я, чаму такая сур'ёзная рэч, як замена сымбаляў эпох, адбылася неяк няправільна. Гэты гранітны монстар пад Пагоняй тоіць у сабе вялікую небясьпеку. Гэта ж канцэнтрацыя адмерлага. Атрута, можна сказаць.

Няўжо гэтага не адчуваюць тыя дэпутаты, якія дамагліся замены. Няўжо яны ня ведаюць, што монстраў трэба выдзіраць з коранем, каб старое не прарасло й не атруціла новае.

Мне страшна не спадабалася тое, што, як распавялі мне знаёмыя журналісты, і сьцяг наш быў падняты ўначы. Употайкі. Ці то неяк сарамліва, ці то ад непамернага жаданьня дагадзіць.

Мне ўяўлялася дасканалая дзея, ганаровая варта, маса народу абапал праспэкту Скарыны, дзе крылатыя гусары скачуць, расьцягнуўшы на ўсю шырыню нарэшце вернуты на сваё пачэснае месца сьцяг.

Так мне думалася.

Але йшоў час, я прыходзіў на пляц Незалежнасьці, той гранітны монстар ціха сядзеў пад меднай Пагоняй. І я паціху-патроху прызвычаіўся.

Відаць, абыдземся без крылатых гусараў, думалася мне час ад часу, але гісторыя вырашыла па-свойму.

У 1994 годзе ў Доме ўраду засеў новы гаспадар.

Аднойчы позьнім летнім вечарам я апынуўся на прыпынку каля БДУ, акурат насупраць Дому ўраду. У сьвятле пражэктараў моцны вецер калыхаў сьцяг. Сьцяг меў прыгнечаны выгляд.

Тая частка, што не мацавалася да дрэўка, ператварылася ў бахраму, было відаць, што да сьцягу цяпер мала каму ёсьць справа...

Побач на прыпынку стаяў мужчына гадоў пяцідзесяці, мы абодва глядзелі на сьцяг. Пасьля сынхронна павярнуліся адно да аднаго, паглядзелі адно аднаму ў вочы, і ён прамовіў тое, што я прамовіць не наважыўся.

– Не ўтрымаецца...

Пасьля быў ганебны рэфэрэндум, той жа аўтакран каля Дому ўраду й рукі, што дзерлі на кавалкі сьцяг на даху адміністрацыі.

Хроніка зафіксавала гэтыя рукі.

Неўзабаве пасьля травеньскага рэфэрэндуму 1995 году я апынуўся ў парлямэнцкай залі Дому ўраду, дзе нейкія маладзёны пад пільным наглядам новых гаспадароў выносілі ўсё, што напамінала пра нацыянальныя сымбалі.

Я назіраў, як з трыбуны скручвалі Пагоню й са сьцяны здымалі сьцяг. Было пачуцьцё абсалютнае паразы.

Раптам да мяне падышоў знаёмы хлопец зь «Белага Легіёну», зь ліку тых маладзёнаў. Адвёўшы мяне ў куток, ён задраў сваю кашулю. Ягонае цела пад кашуляй было абкручана сьцягам з Пагоняй, тым з парлямэнцкай сьцяны.

– Задушацца яны нашым сьцягам, – шчасьлівы ад зьдзейсьненага ўчынку, прамовіў ён.

– Рукапісы не гараць, – толькі й пасьпеў я прамовіць у адказ. І ён зьнік.

Сьцяг перахоўваецца да гэтага часу. Гісторыя заўжды дае другі, а тое й трэці шанец. Спадзяюся, нам не спатрэбіцца трэці.

Проста трэба не рабіць старых памылак.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG