Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Менск? Абломаў, самавар!


Фота Пола Остэра з вокладкі перапіскі з Джонам Кутзэе
Фота Пола Остэра з вокладкі перапіскі з Джонам Кутзэе

Заўсёды цікава, калі ў кагосьці зь вядомых у Штатах людзей выяўляюцца карані ў Беларусі. І адразу пытаньне – што з гэтым рабіць? Каб гэта стала нашым набыткам, бо нікому, апроч нас, яно, чыёсьці паходжаньне зь Беларусі, славы не складзе.

За апошні час было такіх некалькі: Майкл Дуглас, Скарлет Ёхансан і яшчэ нехта. Трапляў на вочы нават загаловак з Дональдам Трампам.

Заходжу ў той дзень у кнігарню: раман Сіры Хуствэдт, жонкі Пола Остэра, слаўнага раманіста з Брукліна, што адзначаны важнымі літаратурнымі ўзнагародамі. Наконт яго мне дакладна вядома: бабуля была зь Менску. Ну, а з Трампам, як аказалася, зусім інакш атрымалася — дачка выйшла замуж за нашчадка вязьняў гета ў Наваградку, якім удалося ўратавацца і пабываць у партызанскім атрадзе.

Асноўныя кнігі Остэра перакладзеныя на расейскую, але ня ўсе. Цікава, што пару раманаў жонкі таксама выдалі ў Маскве. Можа й ня дзіва: яе першы твор пераклалі на сямнаццаць моваў. Міжнародны бэстсэлер! Бацька быў прафэсарам скандынаўскай літаратуры, між іншым.

Сіры з нарвэскай сям’і, Пол — з габрэйскай. Я зацікавіўся ім, калі ўбачыў у польскай літаратурнай перадачы. Гэта не пісьменьнік у джынсах, гэта дэндзі. І яшчэ адметны сваёй працоўнай старамоднасьцю: дагэтуль выстуквае кніжкі на пішучай машынцы! Прынамсі любіць аб гэтым гаварыць і пісаць. Мне захацелася і я прагледзеў поўны варыянт інтэрвію, было на фэйсбуку. Пасьля гэтага замовіў у польскай інтэрнэт-кнігарні «Зімовы дзёньнік» і ліставаньне Остэра з нобэлеўскім ляўрэатам Джонам Кутзэе — «Тут і цяпер». Абедзьве кнігі на расейскую не перакладаліся.

Дык значыць «Зімовы дзёньнік». Гэта літаратурная аўтабіяграфія. Остэр піша: дзядулі-бабулі з абодвух бакоў былі «усходнеэўрапейскімі габрэямі». З боку бацькі — з былога Станіславова (Івана-Франкоўск) у Галіцыі, у Аўстра-Вугорскай манархіі, потым — частцы міжваеннай Польшчы. Што датычыць матчыных бацькоў, то маці паходзіла зь Менску, а бацька нарадзіўся ў Таронта праз год пасьля пераезду сям’і з Варшавы. І на гэтым усё. А, бабкі былі абедзьве рудыя. Продкі выйшлі з «усходнеэўрапейскага генэтычнага тыглю», зазначае пісьменьнік, хоць і невядома дзе вандравалі напачатку, пакуль ня трапілі ў «расейскія і польскія гарады і ў Аўстра-Вугорскую манархію». Бо сястра пісьменьніка нарадзілася з мангольскімі рысамі твару. А самога яго то за італьянца, то за грэка, гішпанца прымалі, а таксама за ліванца, эгіпцяніна і аднойчы за пакістанца.

Наогул бабка зь Менску чамусь менш цікавіць пісьменьніка. Мажліва таму, што станіславоўская забіла дзеда, Остэра. Гэта здарылася ў 1919 годзе. Ён так і піша: у яе былі інстынкты забойцы.

У лістах да Джона Кутзэе Пол Остэр у агульных рысах распавядае аб бабцы зь Менску і астатніх дзядах тое ж самае, нічога новага. Новае толькі, што ён выступае даволі сучасным чалавекам, для перасылкі паведамленьняў карыстаецца факсам або электроннай поштай.

Для мяне загадка: чаму гэты горад — Менск застаецца для амэрыканца дарэвалюцыйным? Ён жа выяўляе веды, зазначаючы, што былы Станіславоў цяпер ва Ўкраіне. Слова «Беларусь», як выглядае, для яго застаецца невядомым. Чалавек двойчы наведваўся ў Польшчу за апошнія гады. Няўжо не зацікавіла суседняя краіна, дзе знаходзіцца той Менск?

Ну, скажам, не зусім так. У рамане «Краіна страчаных рэчаў» (знайшоў у нэце ў арыгінале) я натрапіў на гэты самы горад, які ўспамінаецца тройчы. Аб жыцьці там узгадвае раманны герой Барыс Сьцяпанавіч. Гэта было вельмі даўно, кажа ён, 31 год таму. Ён быў маладым студэнтам, вывучаў літаратуру ва ўнівэрсытэце (у Менску унівэрсытэт быў створаны толькі ў савецкі час!). І трапіў у салён да графіні Абломавай… У Менску. Каб вы ведалі, яна была самай захапляльнай жанчынай. Маладой удавой зь неверагодным шармам. Што зробіш, граф загінуў на дуэлі. Справа гонару, як самі разумееце.

Жаніхі вакол удавы табунамі хадзілі, яе гасьцёўні зайздросьцілі ў Менску ўсе.

Графіня была шчодрай адносна маладога студэнта. Любіла прыносіць яму падарункі. Збор твораў Пушкіна ў скураной вокладцы. Срэбны самавар. Залаты гадзіньнік! Словам, падарункаў было мноства. Сярод іх чайны сэрвіз. Належаў які калісьці члену францускага суду, як лічыў сам Барыс Сьцяпанавіч — Фантамасу (?). Жарсьць штурхала ўдаву-графіню па засьнежаных вуліцах Менску да студэнта літаратуры, падораны сэрвіз ён трымаў толькі для такіх выпадкаў.

Словам, у Остэра Менск — гэта граф Абломаў, Пушкін у скураной вокладцы, срэбны самавар, залаты гадзіньнік і чайны сэрвіз да самавару. А дзе тады матрошка? Матрошка на вочы ня трапілася. Ну, можа я проста не знайшоў.

А калі больш прадметна: ці можа нам быць цікавы Пол Остэр? І так, і не. Сам факт з бабкай вядомага ў Штатах раманіста цікавы. Каб ён стаў фактам нашага жыцьця, прынамсі мэдыйнага, патрэбныя дзьве рэчы. Першае: каб чалавек сам выказаў зацікаўленьне радзімай аднаго з продкаў, сказаў нейкія словы, зрабіў нейкі жэст. Другое: прыезд у Менск. Ён не хавае, што жыве ад паездкі да паездкі: на пісьменьніцкія мерапрыемствы, на сустрэчы з чытачамі. Часам прыяжджае з жонкай.

Хто і як яго можа запрасіць? Ня ведаю. Можа Сьвятлана Алексіевіч у свой інтэлектуальны клюб? Напрыклад.

Нячасты прыезд пэўнай зоркі выклікае агульную цікавасьць. Нават калі ніякіх каранёў ня мае. Дэпардзьё. Сігал. А тут чалавек з пэўным сантымэнтам, аўтар «нью-ёрскай трылёгіі».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG