Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Інтэрфакс: стваральнік арганізацыі «Оплот» забіты ў Падмаскоўі


Яўген Жылін
Яўген Жылін

Увечары 19 верасьня ў рэстарацыі «Ветерок» у пасёлку Горкі-2 на Рублёва-Ўсьпенскай шашы ў Падмаскоўі быў забіты грамадзянін Украіны, стваральнік арганізацыі «Оплот» Яўген Жылін.

Як паведамляе агенцтва Інтэрфакс, невядомы распачаў страляніну, як толькі Жылін і ягоны спадарожнік зьявіліся ў рэстарацыі. Затым нападнік зьехаў на аўтамабілі. Жылін памёр на месцы, ягоны спадарожнік Андрэй Козыраў паранены і дастаўлены ў шпіталь.

Яўген Жылін — былы супрацоўнік упраўленьня па барацьбе з арганізаванай злачыннасьцю МУС Украіны ў Харкаўскай вобласьці, стваральнік арганізацыі «Оплот», удзельнікі якой у свой час нападалі на актывістаў украінскага Эўрамайдану.

У жніўні 2015 года прэсавы цэнтар Службы бясьпекі Ўкраіны ў Харкаўскай вобласьці паведаміў пра затрыманьне ў Харкаўскай вобласьці членаў дывэрсійнай групы, якая каардынавалася і фінансавалася Жыліным. Паводле ўкраінскай спэцслужбы, група была створаная ў красавіку 2015 году адным з кіраўнікоў міністэрства дзяржбясьпекі самаабвешчанай Данецкай народнай рэспублікі (ДНР) з псэўданімам «Танк», а пасьля перададзена на сувязь Жыліну.

Паводле СБУ, група, у якую ўваходзілі крымінальнікі, рыхтавала тэракты і зьбірала выведную інфармацыю пра ўкраінскія падразьдзяленьні, якія ўдзельнічаюць у спэцапэрацыі ў Данбасе. Члены групы нібыта рэгулярна выяжджалі ў Белгарад (Расея), дзе давалі справаздачу Жыліну, які пералічваў грошы на іх банкаўскія рахункі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG