Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У сэрыі Бібліятэка Свабоды. XXI стагодзьдзе выйшла другое выданьне кнігі Сяргея Навумчыка «Дзевяноста першы».

Спампаваць кнігу можна тут.

Ва ўмовах, калі на афіцыйным роўні — у падручніках і нават у нібыта навуковых манаграфіях — падзеі першай паловы 1990-х гадоў у Беларусі хітрамудра, а часам і беспардонна перакручваюцца, падаюцца абачлівай няўцямнай скарагаворкай або наогул замоўчваюцца, кнігам Сяргея Навумчыка належыць выключнае месца. Грунтоўныя, выдатна дакумэнтаваныя, і разам з тым жывыя, паўнакроўныя і дасьціпныя, яны ёсьць неацэнным даробкам у гістарыяграфію нашага найноўшага часу.

Разам з тым «Дзевяноста першы» і наступныя Навумчыкавы кнігі — найлепшы і неабвержны адказ і тым, хто, як мантру, паўтарае, быццам незалежнасьць звалілася на нас зь нябёсаў, і тым, хто робіць зласлівую выснову, што нацыянальна-дэмакратычныя сілы на чале з БНФ тады пацярпелі паразу. Насамрэч у той неверагодна складанай сытуацыі яны бліскуча перамаглі, бо дасягнулі галоўнай мэты — здабылі для Беларусі незалежнасьць.

Я рады, што прычыніўся да стварэньня гэтай (яшчэ зусім ня скончанай) кніжнай сэрыі ў якасьці рэдактара «Дзевяноста першага». Чакаю працягу, у прыватнасьці, кніг пра 1992-гі ды 1993-ці гады, а таксама расповеду пра падзеі канца 1980-х, калі мы змагаліся (і перамаглі!) супроць будаўніцтва Даўгаўпілскай ГЭС і Віцебскай АЭС.

З важкага тому «Дзевяноста першага» у мяне вызірае закладка на старонках пра гістарычны дзень 25 жніўня. Дэпутат Пётра Садоўскі сьпявае там на плошчы з грузавіка купалаўскія «Тры дарожанькі». Сярод ягоных слухачоў шчасьлівы немалады чалавек, які прынёс на плошчу Трэцюю Ўстаўную грамату БНР.

Празь некалькі старонак і некалькі гадзін Пётра Садоўскі зь Лявонам Баршчэўскім прынясуць мне падарунак — кавалак граніту ад будынку ЦК КПБ, каля якога тады карнавальна хавалі «Славу КПСС», і мы вып’ем за мой дзень нараджэньня, які некалі абавязкова станецца дзяржаўным сьвятам.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG