Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзеці з аўтызмам зайгралі за адным піяніна са Стывэнам Прутсманам


Амэрыканскі піяніст і кампазытар Стывэн Прутсман (Stephen Prutsman) зладзіў дабрачынны канцэрт для дзяцей з аўтызмам у менскай дзіцячай музычнай школе імя Глебава.

Ён выступіў разам зь юнай скрыпачкай Мішэль Бушковай.

«Калі падчас канцэрту ваша дзіця будзе шумна сябе паводзіць — гэта добра. У гэтых сьценах яму дазваляюцца такія паводзіны», — сказаў перад пачаткам імпрэзы Прутсман.

Стывэн — сам бацька 15-гадовага сына з аўтызмам, таму ведае пра складаны бацькоўскі шлях.

На сцэне Стывэн Прутсман, юная скрыпачка Мішэль Бушкова і яе тата Яўген Бушкоў, кіраўнік Дзяржаўнага камэрнага аркестру Рэспублікі Беларусь

На сцэне Стывэн Прутсман, юная скрыпачка Мішэль Бушкова і яе тата Яўген Бушкоў, кіраўнік Дзяржаўнага камэрнага аркестру Рэспублікі Беларусь

«Многа сьлёз і нечаканасьцяў падсьцерагаюць бацькоў у выхаваньні нашых дзяцей. Аднак мой сын навучыў мяне быць лепшым. Ён — самы лепшы сябра на ўсё жыцьцё», — сказаў Стывэн.

Музыкант ладзіць такія канцэрты-сустрэчы ва ўсіх краінах сьвету, дзе яму даводзіцца выступаць. У Беларусі Прутсман упершыню. Ён адкрывае новы сэзон у Вялікай канцэртнай залі менскай філярмоніі. Паслухаць віртуоза на вялікай сцэне можна будзе 20 верасьня.

Марына Яўсейчык для Радыё Свабода, фатаздымкі аўтара

XS
SM
MD
LG