Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Гомелі ТБМ зладзіла фэст беларускамоўнай адукацыі


Адкрыцьцё фэсту

Адкрыцьцё фэсту

Гомельская суполка Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны зладзіла фэст удзельнікаў беларускамоўнай адукацыі. Дзеці розных узростаў з бацькамі вучыліся разам сьпяваць беларускія песьні, танцаваць, прыдумляць і маляваць ілюстрацыі да беларускіх казак, рабіць лялькі — і проста бавіліся зь любімымі цацкамі.

У гарадзкой кавярні «Флэт» няма дзе яблыку ўпасьці: апоўдні ў нядзелю яе, можна сказаць, запаланілі дзеці з татамі й мамамі. Былі й дзядулі, бабулі з унукамі. Гэта ўсе тыя, хто апошнія пяць месяцаў наведвае беларускамоўны гурток «Мова дзяцей», заснаваны кіраўніцай гарадзкой суполкі ТБМ Алесяй Аўласевіч.

Алеся Аўласевіч

Алеся Аўласевіч

«Нам хацелася сабраць усіх разам, — кажа Алеся, — каб перазнаёміць і дзяцей, і бацькоў і такім чынам праз знаёмствы пашыраць у горадзе беларускамоўны асяродак. І паколькі дзеці ня могуць сядзець на адным месцы больш як дзесяць хвілінаў, то прапаную, каб яны далучаліся да любой з групаў паводле цікавасьці».

Карагод з Натальляй

Карагод з Натальляй

Купку дзяцей зьбірае ў карагод Натальля Дуброва, выкладчыца дадатковай адукацыі аднаго з гомельскіх унівэрсытэтаў. Яны грамадою вучаць беларускую лічылку: «Раз, два, тры, чатыры — кошку грамаце вучылі», скачуць «Грушку» ды шмат што яшчэ пад музыку беларускага гурту «Млын сонца».

Частка меншай дзятвы асядлала гульнёвыя модулі для разьвіцьця маторыкі ад Яўгена Якавенкі. Іншыя малююць ілюстрацыі да казак.

Абазнаная ў мастацтве мама выпісвае аквагрым на шчацэ сына.

Лялькі з Марысяй

Лялькі з Марысяй

А на процілеглым ад сцэны баку актывістка моладзевай гісторыка-культурніцкай суполкі «Талака» Марыся Тульжанкова вучыць дзяцей рабіць з тканіны лялек-зернявушак. Сярэдзіна такой невялічкай лялькі запаўняецца збожжам.

Марыся цяпер на вакацыях, неўзабаве едзе ў Польшчу, дзе паступіла ў Акадэмію мастацтваў.

«Жнівень скончыўся, гаспадары сабралі ўраджай. І каб у наступным годзе таксама вырасла добрая збажына, і робіцца такі абярэг — лялька-зернявушка», — тлумачыць Марыся дзятве.

Той, хто хоць неяк вызначыўся, у любой групе атрымлівае ў падарунак ад Алесі Аўласевіч белую майку зь беларускім арнамэнтам. Сярод іх і пяціклясьнік Васілёк. Ён хуценька скідвае сваю куртку і паўзьверх чырвонай майкі надзяе толькі што атрыманы падарунак — белую майку з нацыянальным арнамэнтам.

«Мне тут падабаецца. Я хаджу ў гурток „Мова дзяцей“ ад самага пачатку», — кажа Васілёк.

Іван Адаменка з унукамі

Іван Адаменка з унукамі

Гамяльчук Іван Адаменка прывёў на фэст малых унукаў — Назара і Еву: «Няхай прызвычайваюцца да беларушчыны — ім жа будаваць новае жыцьцё».

На фэсьце дзеці празь сьпевы, танцы, выраб тых жа лялек-зернявушак замацоўвалі веды, атрыманыя ў гуртку «Мова дзяцей».

«Гэта адбываецца натуральна, — кажа Алеся Аўласевіч, — бо ўсё нашы выкладчыкі беларускамоўныя, і тлумачаць яны, што і як рабіць, па-беларуску».

На фэсьце

На фэсьце

XS
SM
MD
LG