Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Генпракуратура Ўкраіны дапытвае журналістаў "17 канала" па справе забойства Шарамета


Генэральная пракуратура Украіны выклікала на допыт больш як 10 супрацоўнікаў украінскага Інтэрнэт-тэлебачаньня «17 канал», журналісты якога першымі апынуліся на месцы забойства беларускага журналіста Паўла Шарамета 20 ліпеня ў цэнтры Кіева.

«Супрацоўнікаў "17 канала" выклікаюць на допыт па справе забойства Паўла Шарамета. Сьледчы галоўнага сьледчага ўпраўленьня Нацыянальнай паліцыі Ўкраіны зьявіўся ў офіс тэлеканала і ўручыў позвы больш як 10 супрацоўнікам — офіс-мэнэджэру, рэжысёрам мантажу, апэратарам, кіроўцам, рэдактарам і прадзюсарам», — паведаміў крэатыўны дырэктар тэлеканала Жан Навасельцаў.

Паводле інфармацыі журналістаў "17 канала", першыя допыты адбудуцца сёньня, іншыя — у наступныя дні.

Павал Шарамет загінуў 20 ліпеня ў Кіеве ў выніку выбуху аўтамабіля. Паводле папярэдніх вынікаў расьсьледаваньня, дзяўчына і хлопец заклалі самаробную выбуховую прыладу пад машыну напярэдадні ўначы. Паліцыя шукае адзінага сьведку, які ў той час праходзіў побач і мог бачыць абодвух падазраваных. Сьледзтва пакуль не ўстанавіла іх асобаў.

Журналісты "17-га канала" першымі апынуліся на месцы забойства Паўла Шарамета. Яны зьнялі і разьмясьцілі ў Інтэрнэце відэа, на якім Паўла Шарамета выцягвалі з аўтамабіля адразу пасьля выбуху. "17 канал" патлумачыў сваю апэратыўную прысутнасьць на месцы здарэньня выпадковасьцю: маўляў, журналісты вартавалі пад домам мэра Кіева Віталя Клічко, каб запісаць зь ім інтэрвію, але ня ведалі, што мэра няма ў сталіцы. Віталь Клічко ў той час знаходзіўся за мяжой.

Паліцыя кваліфікавала злачынства паводле артыкулу пра наўмыснае забойства, зьдзейсьненае спосабам, небясьпечным для жыцьця многіх асоб.

У жніўні Пячэрскі раённы суд Кіева дазволіў сьледчым вывучыць зьмест банкаўскага сэйфа Паўла Шарамета ў Ашчадбанку і апэрацыі ягонага рахунку ў Альфа-банку. Паліцыя мяркуе, што ў банкаўскіх дакумэнтах можа знаходзіцца інфармацыя, важная для раскрыцьця злачынства і ўстанаўленьня матыву забойства.

У часе сьледзтва паліцыя ўстанавіла будынак, зь якога злачынцы маглі назіраць адначасова за прыпаркаванымі аўтамабілямі побач з домам, дзе жыў Павал Шарамет і за скрыжаваньнем, дзе аўтамабіль быў падарваны. На падставе санкцыі суду паліцыя мала правесьці агляд гэтага будынку для фіксацыі, выяўленьня і канфіскацыі рэчаў і дакумэнтаў, якія маюць важнае значэньне для дасудовага расьсьледаваньня справы.

Журналісты выкарыстоўваюць кожную публічную падзею з удзелам кіраўніцтва Генэральнай пракуратуры і Нацыянальнай паліцыі Ўкраіны, каб даведацца пра падрабязнасьці расьсьледаваньня. Але кожны раз навіны гучаць аднолькава — прагрэсу няма, вывучаем відэазапісы, сьледчыя працуюць.

16 верасьня прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка патрабаваў ад праваахоўных органаў празрыстасьці ды эфэктыўнасьці ў расьсьледаваньні забойства беларускага журналіста Паўла Шарамета.

«Вядома, праблема, калі выбухае машына журналіста пасярод вуліцы ў цэнтры Кіева — гэта тэрарыстычны акт і гэта можа адбыцца ў любой краіне, але ўкраінскі прэзыдэнт, украінскі ўрад, украінскія праваахоўныя органы павінны паказаць эфэктыўнасьць і празрыстасьць гэтага расьсьледаваньня. Гэта вельмі важны тэст для ўнутраных органаў Украіны, як пройдзе гэтае расьсьледаваньне», — сказаў Пятро Парашэнка ў часе выступу на сустрэчы Ялцінскай эўрапейскай стратэгіі YES.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG