Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сьцягі нас горадам, шакалядны прынтэр і роўнасьць «бізонаў»


Актывісты грамадзкага аб’яднаньня «Альтэрнатыва» пры падтрымцы ініцыятывы «Рок-салідарнасьць» віншавалі студэнтаў БНТУ з Днём бел-чырвона-белага сьцяга і герба «Пагоня». Менск, 19 верасьня 2016 году

Актывісты грамадзкага аб’яднаньня «Альтэрнатыва» пры падтрымцы ініцыятывы «Рок-салідарнасьць» віншавалі студэнтаў БНТУ з Днём бел-чырвона-белага сьцяга і герба «Пагоня». Менск, 19 верасьня 2016 году

Добры вечар! Віншуем усіх паралімпійцаў (10 мэдалёў у Рыё), а асабліва плыўца Ігара Бокага, які здабыў шэсьць залатых мэдалёў і адзін бронзавы, гэткім чынам стаўшы найлепшым спартоўцам усіх Паралімпійскіх гульняў.

НАШ БЕЛ-ЧЫРВОНА-БЕЛЫ. 25 гадоў таму былі зацьверджаныя герб «Пагоня» і бел-чырвона-белы сьцяг як дзяржаўныя сымбалі Рэспублікі Беларусь. «Замена сьцягоў на будынку гарвыканкаму ў Магілёве — гэта той фрагмэнт маёй біяграфіі, якім я асабліва ганаруся. У нас тады была эўфарыя. Нам здавалася, што мінулае незваротна сыходзіць» – сказаў нам Уладзімер Шанцаў, тагачасны дэпутат гарсавету ў Магілёве, які 25 гадоў таму ўздымаў бел-чырвона-белы сьцяг над горадам. Палітыкі і гісторыкі запэўніваюць нас, што гістарычныя сьцяг і герб вернуцца непазьбежна, хоць не пры Лукашэнку.

ХТО АДКАЖА ЗА СЬМЕРЦЬ У ТУРМЕ? 16 верасьня пачаў даваць паказаньні Аляксандар Крылоў, турэмны фэльчар, які абвінавачваецца ў неаказаньні менчуку Ігару Пцічкіну мэдычнай дапамогі, што прычынілася да ягонай сьмерці ў 2013 годзе. Крылоў распарадзіўся, каб Пцічкіна прывязалі да турэмнай койкі на 10 гадзін. Для чытачоў з моцнымі нэрвамі.

ЗУБАМІ ЗА ЖЫЦЬЦЁ. 53-гадовы Анатоль Галушка, жыхар вёскі Магіліцы Івацэвіцкага раёну, ужо больш за 36 год прыкуты да ложка. У 17 гадоў Анатоль паламаў хрыбетнік. Выжыў, як кажа, «насуперак законам мэдыцыны». 15 гадоў таму стаў маляваць карціны, трымаючы пэндзаль у зубах. Потым стаў пісаць беларускамоўныя вершы. Выдаў дзьве паэтычныя кніжкі.

ПРЫНТЭР, ЯКІ СПАТРЭБІЦЦА І ДЛЯ ВЯСЕЛЬЛЯ. Беларускі 3D-прынтэр, распрацаваны ў Нацыянальным тэхнічным унівэрсытэце, друкуе шакалядам. Пры дапамозе такога прынтэра можна, напрыклад, друкаваць складаныя ўзоры-ўпрыгожаньні для тортаў. Запрашаем паглядзець наш фотарэпартаж зь першага фэстывалю робататэхнікі ў Менску.

ЭКСТРЭМАЛЬНАЯ ПРАБЕЖКА. Пад Лагойскам прайшоў экстрэмальны забег на 10 кілямэтраў для пад назвай «Bison Race». Большасьць стартаў былі зьмешанымі, мужчынска-жаночымі. Жанчынам узвалілі на плечы мяхі такой самай вагі, што і мужчынам. Значыць, Беларусь таксама знайшла месца ў сусьветным трэндзе выраўноўваньня мужчынскіх і жаночых роляў. Хай сабе і экстрэмальных.

XS
SM
MD
LG