Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Выжыў насуперак законам мэдыцыны», — гісторыя мастака, які малюе зубамі


Анатоль Галушка малюе, трымаючы пэндзаль зубамі

Анатоль Галушка малюе, трымаючы пэндзаль зубамі

Анатоль Галушка, спаралізаваны жыхар вёскі Магіліцы Івацэвіцкага раёну, малюе родную прыроду. Лёс чалавека з абмежаванымі магчымасьцямі — і для шмат каго са здаровых прыклад таго, як не здавацца.

53-гадовы Анатоль Галушка, жыхар вёскі Магіліцы Івацэвіцкага раёну, ужо больш за 36 год прыкуты да ложка. Адразу пасьля школы здаровы і дужы хлопец паступіў у мараходную вучэльню. Аднак вучыцца яму не давялося — паламаў хрыбетнік.

«Дактары сказалі жыць 7 дзён»

У 17 гадоў з Анатолем здарылася бяда:

«Я нырнуў у раку зь берага. Пайшлі з братам увечары на раку, разагнаўся і скочыў. Там была яма раней, а ў той момант яе занесла жвірам. І вады было па калені. У пясок галавою... і кампрэсійны пералом дзьвюх хрыбетак, пашкоджаньне сьпіннога мозгу.

Больш за 36 год Анатоль Галушка ня можа ўставаць з ложка самастойна

Больш за 36 год Анатоль Галушка ня можа ўставаць з ложка самастойна

Першыя месяцы, калі ляжаў у лякарні з гэтай траўмай, я доўга ня мог паверыць, што не змагу падняцца. Я такі дужы, здаровы, малады, няўжо ня спраўлюся, думаў. Была нейкая надзея. Хаця дактары ніякай надзеі зусім не далі — сказалі: жыць 7 дзён... Але час ішоў, і сем, і дзесяць дзён. На дзясяты дзень, калі пабачылі, што выжыў, пачалі нешта рабіць. Потым лекар мне сказаў, што я выжыў насуперак законам мэдыцыны. Па-рознаму бывае — нехта праз год, тры гады ўстае. Але так і ляжу...» — распавёў Анатоль Галушка.

Анатоль кажа, што вельмі дапамагла падтрымка сям’і і сяброў:

«Як прыехаў ужо дадому, то не далі мне тут ужо прапасьці — бацькі, сям’я ў мяне добрая, сяброў шмат. Пачалі ўсе прыходзіць, не далі мне ўпасьці духам. Сябры не прыходзілі мяне шкадаваць, плакаць са мной, а прыходзілі весяліцца. Усе мае аднаклясьнікі ды аднаклясьніцы зь вясельлямі заходзілі, хлопцы як провады ў войска ладзілі, то таксама да мяне».

«Мурашнік» — карціна Анатоля Галушкі

«Мурашнік» — карціна Анатоля Галушкі

Бацька Анатоля Галушкі памёр. Цяпер яго даглядае маці — 77-гадовая Лідзія Іванаўна. Маці штодня рыхтуе Анатолю атрамант, потым прыбірае.

А малюе Анатоль Галушка шмат — штодня прыблізна з 10 да 16-й гадзіны. Трымаючы пэндзаль зубамі. За 16 гадоў ён стварыў сотні пэйзажаў.

Пасьля гадоў ляжаньня прыйшла цяга да мастацтва

Калі карэспандэнты Свабоды прыехалі да Анатоля, ён якраз маляваў, лежачы на левым баку. Кажа, што цяга да мастацтва зьявілася ў яго ўжо пасьля таго, як ён стаў ляжачым:

«Маляваць пачаў гадоў 15–16 таму. Праляжаўшы прыблізна столькі ж, паспрабаваў нешта зрабіць сам. Першы малюнак — намаляваў нейкага сабачку асадкай. І спадабалася, што нешта атрымалася. Тады ў мяне яшчэ меней рухаў было, сілаў не было, уменьня не было. Але як нешта атрымалася, то пачаў і пачаў... І так вось гадамі — асадка, аловак, потым акварэль, палатно. Ніхто не вучыў, усё сам. Спачатку кніжкі чытаў па тэхніцы пісьма, цяпер у інтэрнэце гляджу розныя відэа», — кажа Анатоль Галушка.

Каля ложка Анатоля — кампутар, дзе ён піша вершы і шукае мастацкія вобразы

Каля ложка Анатоля — кампутар, дзе ён піша вершы і шукае мастацкія вобразы

Ля ложка ў Анатоля стаіць кампутар, адной рукой ён паціху націскае кнопкі клявіятуры.

«Рукі так і не працуюць. Пальцы, кісьці крыху распрацаваў, але ўсё вывальваецца з рук, таму малюю зубамі».

На большасьці карцін Анатоля Галушкі адлюстраваныя беларускія пэйзажы, на якіх часта сонца выглядвае з-за дрэваў ці гарызонту — своеасаблівы сымбаль надзеі і аптымізму:

«У асноўным малюю родныя, беларускія пэйзажы, дзе быў, якія бачыў. Спачатку перамаляваў усе мясьціны, якія памятаў — дубы, лясы, раку. Сябры калі вывозяць некуды, то шукаю сюжэты, а цяпер і ў інтэрнэце знаходжу родныя вобразы. Напэўна, толькі горы паспрабаваў намаляваць, а так усё наша», — кажа Анатоль.

Рака прысутнічае на шмат якіх Анатолевых пэйзажах

Рака прысутнічае на шмат якіх Анатолевых пэйзажах

У 2008 годзе Анатоля Галушку прынялі ў Сусьветную арганізацыю мастакоў, якія малююць зубамі і нагамі. Арганізацыя ладзіць выставы, друкуе карціны сваіх мастакоў на паштоўках, календарах.

«Карціны разьехаліся па ўсім сьвеце, і ў Амэрыку, і ў Нямеччыну, і ў Францыю, шмат у Расею. Замаўляюць пэйзажы, прыяжджаюць і купляюць з розных гарадоў Беларусі», — кажа мастак.

Карціны Анатоля выстаўленыя ў галерэі Івацэвіцкага музэю. Выстава ягоных твораў была нават у Палаце прадстаўнікоў. Анатоль кажа, што дэпутаты набылі каля 20 карцін.

«Школу ж сканчаў беларускамоўную», — пра тое, як Анатоль Галушка стаў пісаць па-беларуску.

Кнігі Анатоля Галушкі

Кнігі Анатоля Галушкі

Акрамя захапленьня мастацтвам, Анатоль Галушка займаецца і літаратурай — піша вершы, невялікія эсэ.

У літаратурнай творчасьці яго падтрымлівае сябар, івацэвіцкі пісьменьнік і журналіст Валер Гапееў. Анатоль кажа, што дзякуючы парадзе Валера ён стаў пісаць па-беларуску.

«Думаю, і праўда, дай паспрабую, школу ж сканчаў беларускамоўную. І пачаў пісаць па-беларуску вершы і прозу. Назьбіралася на зборнічак, а цяпер ужо і на другі», — задаволена ўсьміхаецца Анатоль.

Першыя ягоныя творы друкаваліся ў мясцовай газэце, літаратурных часопісах, потым выйшла і кніга вершаў «Сьляды на пяску». На пачатку верасьня ў івацэвіцкім Доме культуры адбылася прэзэнтацыя другой кнігі, ужо празаічнай — «Яблычны спас».

Верш «Малітва»

Верш «Малітва»

«Трэба не здавацца»

Анатоль Галушка, кажа, што ня мае крыўды на жыцьцё, а цяга да вады выяўляецца ў шмат якіх ягоных пэйзажах з вобразамі роднай ракі Шчары. Анатоль кажа, што цешыцца, калі сябры бяруць яго з сабою пасядзець на рыбалцы ці возяць палюбавацца прыгажосьцю роднай прыроды.

«Трэба не здавацца, нешта рабіць», — кажа Анатоль пра тое, як захаваць моц духу, калі цела ня хоча падпарадкоўвацца.

Адна з карцін Анатоля Галушкі

Адна з карцін Анатоля Галушкі

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG