Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Людзі ў чорным»: беларускія целаахоўнікі — у ліку найлепшых на Чэмпіянаце сьвету па шматбор’і целаахоўнікаў


У Кіеве адбываецца VII Чэмпіянат сьвету па шматбор’і целаахоўнікаў «Бодзігард-2016». У ім бяруць удзел 18 каманд з сямі краін, у тым ліку і зь Беларусі, якая прадстаўленая камандай Службы бясьпекі Аляксандра Лукашэнкі.

Чэмпіянат звычайна праводзіўся ў Ялце, але пасьля анэксіі Крыма Расеяй, вымушаны быў пераехаць у Кіеў.

«Людзі ў чорным» заўсёды знаходзяцца побач з першымі асобамі дзяржавы, але застаюцца ў цяні — яны пазьбягаюць публічнасьці і звычайна вельмі востра рэагуюць, калі трапляюць у кадр на фотаздымках і відэакадрах. Гэтыя чатыры дні спаборніцтваў сталі выключэньнем. Што праўда, беларускія целаахоўнікі, у адрозьненьні ад сваіх замежных калегаў з журналістамі размаўлялі неахвотна. На ўсе пытаньні адказвалі адным словам "так«ці «не», паўтараючы звыклы для іх выраз «дзякуем за разуменьне».

На роўных з мужчынамі каторы год запар змагаюцца і жанчыны-целаахоўніцы з Украіны, якія звычайна залучаюцца для аховы VIP-палітыкаў жаночага полу. Летась на ўнутрыўкраінскіх спаборніцтвах яны сталі пераможцамі.

«Насамрэч, вельмі складана спаборнічаць з мужчынамі, патрэбна працаваць у два разы больш, каб дэманстраваць годны ўзровень. Трэба стала ўдасканальвацца, трэнавацца і трымаць сябе ў форме. Каб быць добрым целаахоўнікам, трэба шмат тактычнай, фізычнай і стралковай падрыхтоўкі», — кажа ўкраінская целаахоўніца Вольга.

Менавіта зыходзячы са спэцыфікі працы, фармаваліся і віды змаганьняў — абарона пэрсоны ў часе яе пешага суправаджэньня на масавых мерапрыемствах, пераадольваньне паласы перашкод на аўтамабілі, стральба, пошук выбуховых прыладаў у транспартым сродку.

«Жаданьне ваенаслужачых удасканальвацца ў прафэсіі целаахоўніка, валодаць сапраўды высокім прафэсійным узроўнем, прывяло да таго, што мы пачалі праводзіць нацыянальныя чэмпіянаты, чэмпіянаты Эўропы, а ўжо потым — як сёньня, чэмпіянаты сьвету па шматборʼі целаахоўнікаў. Усё тое, што адбываецца цяпер — тэрарыстычныя акты, замоўныя забойствы, захоп закладнікаў — патрабуе ад ваенных высокага прафэсіяналізму. Ён добра адточваецца на такіх спаборніцтвах. Сярод удзельнікаў каманд вайскоўцы, якія забясьпечваюць бясьпеку вышэйшых службовых асоб сваіх дзяржаў, органаў дзяржаўнай улады. Чэмпіянат сьвету — гэта сьвята для прафэсіяналаў, магчымасьць паказаць сябе і навучыць іншых», — адзначыў начальнік Упраўленьня дзяржаўнай аховы Украіны Валер Геляцей.

Па выніках спаборнітцваў чэмпіёны атрымаюць Кубак, але, як запэўніў Валер Геляцей, без падарункаў і каштоўных прызоў не застанецца ніхто. «Будуць прызы, падарункі, мэдалі. Грошовых узнагароджаньняў няма — гэта не бізнэс-праект, гэта сьвята прафэсіяналаў, якія прыязджаюць сюды з усяго сьвету», — дадаў ён.

Украінскія спэцыялісты вельмі высока ацэньваюць падрыхтоўку беларускіх целаахоўнікаў. «Хлопцы дэманструюць высокі ўзровень. На папярэдніх змаганьнях яны былі сярод пераможцаў», — сказаў адзін з супрацоўнікаў Упраўленьня дзяржаўнай аховы Украіны.

Вынікі ж спаборніцтва стануць вядомыя заўтра.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG