Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

У Нью-Джэрсі знайшлі яшчэ некалькі самаробных бомбаў


Паліцыя выявіла каля вакзалу ў горадзе Элізабэт у штаце Нью-Джэрзі заплечнік з пяцьцю самаробнымі выбуховымі прыладамі.

Як паведамляе ВВС, адна з самаробных бомбаў спрацавала пры спробе яе абясшкодзіць. Паколькі сапёры выкарыстоўвалі дыстанцыйна кіраванага робата, ахвяр і пацярпелых не было. Выбух адбыўся ў момант, калі робат паспрабаваў перарэзаць адзін з дратоў.

Мэр гораду Крысьціян Болуэйдж сказаў рэпарцёрам, што падазроны заплечнік ляжаў побач з урнай паміж вакзалам і барам, і калі б усе пяць бомбаў адначасова падарваліся ў людным месцы, колькасьць ахвяр была б вельмі высокая.

Тэлеканал NBC сьцьвярджае, што знойдзеныя бомбы аналягічныя той, што выбухнула на Мангэтане, але афіцыйна гэта не пацьверджана.

У суботу, 17 верасьня, на Мангэтане спрацавала самаробнае выбуховае прыстасаваньне. Пацярпелі 29 чалавек, сьмяротных ахвяраў не было. Яшчэ адну такую ж бомбу ў той жа дзень знайшлі і абясшкодзілі за некалькі кварталаў ад месца першага выбуху.

Паводле дадзеных паліцыі, бомбы былі ідэнтычныя тым, што спрацавалі на Бостанскім маратоне ў 2013 годзе. Тады загінулі тры чалавекі, яшчэ 260 былі параненыя.

Адзін з меркаваных арганізатараў бостанскага выбуху Тамерлан Царнаеў загінуў у перастрэлцы з паліцыяй. Яго брат і меркаваны саўдзельнік Джахар Царнаеў быў затрыманы і асуджаны да сьмяротнага пакараньня, аднак прысуд у выкананьне не прыведзены.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG