Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Цырымонія ўручэньня «Эмі»: «Гульня пасадаў» зноў абвешчана найлепшым драматычным сэрыялам


Галоўную ўзнагароду прэстыжнай тэлевізійнай прэміі «Эмі» другі год запар атрымаў сэрыял «Гульня тронаў» амэрыканскага тэлеканалу HBO. 68-я цырымонія ўручэньня ўзнагарод адбылася ўвечары ў нядзелю ў Лос-Анджэласе і трансьлявалася на тэлеканале ABC.

На ўзнагароду ў катэгорыі «Найлепшы драматычны сэрыял» таксама прэтэндавалі: «Абацтва Даўнтан», «Картачны домік», «Лепш тэлефануйце Соўлу», «Радзіма», «Містэр Робат» і «Амэрыканцы».

Агулам «Гульня тронаў», намінаваная па 23 катэгорыях, атрымала 12 прэмій «Эмі», у тым ліку ў намінацыях «Найлепшая рэжысура» і «Найлепшы сцэнар».

З улікам ранейшых узнагарод «Гульня тронаў» паставіла рэкорд — цяпер прадукт тэлеканалу HBO мае 38 «Эмі» — больш, чым любы іншы сэрыял за ўсю амаль 70-гадовую гісторыю амэрыканскай тэлевізійнай прэміі.

Найлепшым камэдыйным сэрыялам другі год запар стаў «Віцэ-прэзыдэнт». Ён змагаўся за перамогу з сэрыяламі «Чарнаваты», «Майстар не на ўсе рукі», «Амэрыканская сямейка», «Крамянёвая даліна», «Відавочнае», «Нязломная Кімі Шміт».

Найлепшым акторам у драматычным сэрыяле стаў Рамі Малэк за працу ў «Містэры робаце». «Эмі» ў акторскай намінацыі за камэдыйны сэрыял дасталася Джэфры Тэмбару, які выканаў ролю ў «Відавочным». У катэгорыі «Найлепшая акторка ў драматычным сэрыяле» перамагла Тацяна Маслані ( «Цёмнае дзіця»). Найлепшай акторкай году ў камэдыйным сэрыяле стала Джулія Люіс-Дрэйфус ( «Віцэ-прэзыдэнт»).

Агулам Акадэмія тэлевізійных мастацтваў і навук прысуджае Прэмію Primetime Emmys у дзясятках намінацый.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG