Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Журналістка Свабоды Ганна Соўсь правяла экспэрымэнт. Улетку яна сямнаццаць дзён адпачывала ў Беларусі і спажывала пераважна мясцовыя харчы. За гэты час у яе арганізьме адбылося павышэньне ўзроўню радыеактыўных рэчываў — з 10 да 14 бэкерэляў на кіляграм. Экспэрымэнт працягнулі калегі зь Менску і абласных цэнтраў. Праверыў наяўнасьць радыеактыўных рэчываў у сваім арганізме і гарадзенскі карэспандэнт Свабоды.

Напэўна для гарадзенца тэма праверкі на радыяцыю была найбольш непазнаная. Не, красавік 86-года ў памяці. У памяці і тое, што асобныя раёны — Іўеўскі, Наваградзкі лічыліся забруджанымі, і там нават выплачвалі так званыя «чарнобыльскія» грошы, вывозілі дзяцей на аздараўленьне, некаторыя жыхары самі зьяжджалі з забруджаных тэрыторый.

Але тады больш заўважным было тое, шмат людзей з Гомельшчыны і Магілёўшчыны пакідалі свае родныя гарады і вёскі і пераяжджалі на пастаяннае жыхарства ў Гарадзенскую вобласьць. Знаёмыя «чарнобыльцы» мелі адмысловую чаргу на атрыманьне жыльля, будаваліся цэлыя пасёлкі і мікрараёны для «чарнобыльцаў», існавалі ільготы на лекі для іх.

Але ніколі ў Горадні — абласным цэнтры — не давялося пабачыць аб’явы ў паліклініках з прапановамі абсьледавацца на наяўнасьць радыеактыўных рэчываў. Ня бачыў я такіх аб’яў ні ў школах ці іншых навучальных установах, ні на прадпрыемствах і ў калгасах.

Падчас праверкі ў інстытуце Белрад

Падчас праверкі ў інстытуце Белрад



І вось цяпер праз трыццаць гадоў наша калега з Прагі ўзьняла гэтую тэму. Аказалася, што ў Горадні і вобласьці надалей ніхто не аказвае такой паслугі, каб чалавек мог даведацца аб колькасьці наяўных у яго арганізьме радыеактыўных рэчываў, спэктромэтра выпраменьваньня чалавека не знайшлося ні ў воднай мэдыцынскай установе вобласьці. Давялося ехаць у Менск, у інстытут Белрад.

Па праўдзе кажучы, напачатку нават было нейкае хваляваньне, паколькі ніколі ў жыцьці пра наяўнасьць радыеактыўных рэчываў у сваім арганізме нават і не задумваўся. Але журналістка Свабоды Ганна Соўсь, правёўшы свой экспэрымэнт, прымусіла паглядзець на гэта даволі сур’ёзна.

Мае хваляваньні спыніў адмысловец інстытута «Белрад» Павал Фарботка, які пасьля правядзеньня абсьледаваньня зазначыў, што ў мяне толькі 10 бэкерэляў на кіляграм вагі, а гэта, паводле яго, нармальны паказчык. А яшчэ гэта такі самы паказчык як і ў Ганны Соўсь, калі яна толькі прыехала ў Менск з Прагі. Выснова прыйшла сама сабою: у Менск і мне ня варта пераяжджаць, паколькі атрымліваецца, што ў Горадні больш бясьпечна з пункту гледжаньня наяўнасьці радыяцыі.

Але з Паўлам Фарботкам мы гутарым пра дапушчальныя нормы радыеактыўных рэчываў, пра тое, як пазьбегнуць яе павелічэньня ў арганізме. Паводле адмыслоўца, зараз навукоўцы ў Беларусі ды і ў заходніх краінах лічаць нармальным узроўнем радыяцыі ў арганізме чалавека да 20 бэкерэляў на кіляграм вагі.

— Але ж сустракаюцца і цяпер у Беларусі выпадкі, калі дзеці маюць 700 бэкерэляў на кіляграм вагі. Такі выпадак быў у Столінскім раёне. Усё ў дадзенай сытуацыі пераважна залежыць ад харчаваньня. У асноўным самая праблемная прадукцыя — лясная — грыбы, ягады і дзічына. Такая прадукцыя можа перавышаць дапушчальны ўзровень у 10-20 разоў. А таму рэкамэндуем усім правяраць дары лесу на ўзровень радыяцыі. Гэта можна зрабіць ва ўсіх раённых цэнтрах.

Я дзялюся з адмыслоўцам сваёй занепакоенасьцю тым, што ў нас на Гарадзеншчыне ніхто не правярае ні дзяцей, ні дарослых на наяўнасьць радыеактыўных рэчываў у арганізьме. Аказваецца, што апошнія гады такая практыка не распаўсюджана нават у раёнах Гомельскай і Магілёўскай вобласьці.

— Канешне, добра было, каб заканадаўства абавязвала праводзіць такія праверкі хоць раз на год. Тым больш, што такая праверка для арганізма чалавека ні нясе ніякай шкоды, а кантраляваць наяўнасьць радыеактыўных рэчываў у арганізме вельмі важна. Ну вось цяпер сэзон ягад і грыбоў, а іх спажываюць і дарослыя, і дзеці і, як правіла, ніхто не правярае іх на ўзровень радыяцыі. А гэта, дарэчы, наша здароўе і наагул наша агульная культура, сьведчаньне таго, як мы самі і наша дзяржава клапоціцца аб нашым здароўі.

Цэзію праз 17 гадоў паменела, але ён ня зьнік

Паўраспад. Мой Цэзій-137

Вы — труп?

Журналіст з Магілёва ўпершыню праверыў узровень радыяцыі ў сваім арганізьме

Цэзій, які заўсёды са мною

Цэзій-137. Як Бураўкін не пусьціў мяне ў зону, а Шарэцкі суцяшаў студэнтаў, што радыяцыі няма

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG