Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Дэпутат Ігар Марзалюк прапанаваў увесьці штраф за няўдзел у якіх-кольвек выбарах.

Маўляў, дзяржава зэканоміць выдаткаваныя на выбарчую кампанію грошы. Я адразу заўважыў, што сп. Марзалюк ня верыць, што людзі будуць самі актыўна ўдзельнічаць у выбарах. Інакш ён сказаў бы, што закон прыцягнуў бы людзей на ўчасткі.

Я сам сабе пажартаваў: «Калі Марзалюк турбуецца пра грошы, што выдаткоўваюцца на выбары, то можа прапанаваць людзям адмовіцца ад права галасаваньня за эквівалент мінімальнага заробку. Застанецца 15-20% насельніцтва».

Людзям капейка – дзяржаве эканомія, бо мінімальны заробак не закрывае выдаткі на выбары, якія цягнуцца не адзін дзень.

Мне відавочна, што як палітык Ігар Марзалюк выказаў думку, якая ў свабодных умовах адвабіла б ад яго патэнцыйных выбарнікаў. Ён спаслаўся на досьвед некаторых эўрапейскіх краінаў. Але фішка ў тым, што ў тых краінах законапраекты прымалі дэпутаты, абраныя людзьмі на празрыстых выбарах.

Julia Sharova задае рытарычнае пытаньне: – А як тады падкідваць бюлетэні?

Марзалюк цынік двойчы. Мала таго, што сабраць зь людзей грошы за тое, чаго яны ня хочуць, дык пасьля за гэтыя грошы зрабіць выгляд усенароднага хаценьня.

Марзалюк добра засьвяціўся перад сваім начальнікам – адзіным для ўсіх «гасударавых людзей». Марзалюку ўсё роўна, што пра яго падумаюць людзі, якіх ён плянуе ашукаць двойчы. Ды нават тройчы, калі ўлічыць, што дэпутаты нічога не вырашаюць – зусім.

Тым ня менш, дэпутацтва можна выкарыстаць дзеля карыснай справы.

Самым шчырым крокам любога дэпутата «парлямэнту» было б заявіць пра неабходнасьць самароспуску. Пачаць з тэзісу «а эканомія якая!» Людзі любяць думаць пра грошы ды іх захаваньне, асабліва ва ўмовах стабільнага падзеньня ўзроўню жыцьця.

Я ўяўляю гэты законапраект і як адзін ці група кандыдатаў прасоўваюць яго ў Палатцы. Законапраект хочаш ня хочаш абмяркоўваюць, у тым ліку ў дзяржаўных СМІ. Які сэнс?

На выгляд гэта давядзеньне да абсурду, але па стунасьці – да здаровага сэнсу. Мы ўсе на столькі звыкліся з мноствам недалечаных балячак, што не заўважаем іх. Бессэнсоўныя выбары, дзе кандыдаты сядаюць граць у карты з шулерамі, – яскравы прыклад.

У адрозьненьне ад Марзалюка, некаторыя новыя кандыдаты могуць выступіць у якасьці лекараў – шокавых тэрапэўтаў. Здароўе – важней за ўсё!

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG