Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гадо ня прыйдзе – ні ў баскетбол, ні ў КХП


Алег Дашкевіч

Алег Дашкевіч

Беларускі мужчынскі баскетбол, у адрозьненьне ад жаночага, за незалежным часам ніколі не прэтэндаваў ні на што.

Нацыянальная каманда не была ўдзельніцай фінальных частак топ-спаборніцтваў, хоць і мела ня самы дрэнны склад гульцоў і трэнэраў. Хоць і мела фэнамэнальна пэрспэктыўную моладзевую зборную часоў Аляксандра Куля й Ягора Мешчаракова. Чэмпіёна Эўропы 1994 году.

Нацыянальная каманда ўвесь час не магла сабраць наймацнейшы склад. Тым гульцам, што гулялі ў моцных чэмпіянатах, заўжды чагосьці не ставала, каб даехаць да зборнай усім разам. Тыя ж, хто зьбіраўся пад сьцягі зборнай, спадзеючыся на прыезд імянітых таварышаў, гублялі матывацыю, веру і надзею.

Гэткую карціну мы ўбачылі й сёлета. Каторы раз Гадо ў асобе беларускага баскетбаліста нумар 1 Уладзімера Верамеенкі, чарговы раз паабяцаўшы, чарговы ж раз не прыйшоў. Ні на першы тур эўрапейскага адборачнага турніру, ні на другі, ні на трэці... Чарговы раз беларусы, не дачакаўшы Гадо, засумавалі, пацярпеўшы разгромныя паразы ад палякаў дома й эстонцаў у госьцях... Здавалася, што інтрыга й барацьба за месца ў фінале Чэмпіянату Эўропы ціха сканалі.

Але раптам нешта здарылася. Каманда ажыла. Пэўна, беларусы папросту ўсьвядомілі, што Гадо ня прыйдзе. Ніколі. Што трэба разьлічваць выключна на сябе.

І каманда стала камандай. У дзьвюх апошніх гульнях, адказаўшы разгромам на разгром эстонцам дома і не пакінуўшы ніякіх шанцаў бясспрэчным фаварытам групы – палякам у Польшчы.

У момант аднавілася інтрыга, зазьзяла надзея на тое, што барацьба за месца ў фінальнай стадыі працягнецца. Застаецца апошні тур, дзе акрэсьліцца лёс нашай каманды, і мы аднавілі свае шанцы.

Гэткая карціна – паказальная ня толькі для мужчынскай баскетбольнай зборнай, але й для нашага грамадзтва ў цэлым.

Увесь час беларусы чакаюць Гадо.

КХП-БНФ чакае Пазьняка, іншыя – дапамогі Эўропы-Амэрыкі, упырхлікі чакаюць краху рэжыму, людзі рабскага складу – вяртаньня СССР, усе астатнія – лепшай долі. Тым часам жыцьцё праходзіць міма.

Нам варта ўсьвядоміць, што Гадо ня прыйдзе. Ён знойдзе шмат пераканаўчых прычын свайго непрыходу.

Мусім разьлічваць выключна на сябе й свой народ.

Трэба пачынаць гуляць у сваю гульню. Ці хаця б паспрабаваць пачаць, як спрабуе баскетбольная зборная Беларусі.

Можа яна й не дацягнецца да сваёй мэты, але сорамна й тужліва ёй ужо дакладна ня будзе.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG