Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Горадні адзначылі 888 год гораду. Без мэталадэтэктараў


На бігбордах у Горадні сёньня можна ўбачыць тры васьмёркі. Тры аднолькавыя лічбы здаліся ўдалым спалучэньнем, каб правесьці вялікае сьвята. Міліцыя паведаміла, што ня будзе гэтым разам перагароджваць горад жалезнымі бар’ерамі і ставіць КПП, дзе звычайна ўсіх правяраюць на мэталадэтэктары.

Афіцыйна гісторыю гораду вылічваюць ад 1128 году. Пад гэтым годам у Лаўрэнцьеўскім летапісе згадваецца князь Усеваладак з Горадна. За польскім часам дзень гораду адзначалі 3 лістапада — у дзень заступніка сьвятога Губэрта. Герб з аленем сьвятога Губэрта цяпер на блакітным сьцягу Горадні. Яго пранесьці па вуліцы падчас шэсьця, зь якога пачалося сьвята.

Сьвяточная сцэна была пастаўленая на плошчы са статуяй Леніна. Тут сьпявалі песьні, прымалі справаздачы аб дасягненьнях гарадзкіх прадпрыемстваў, віншавалі стогадовых жыхароў. Было месца і фальклёрным гуртам, і рыцарам. На плошчы паставілі сталы, за якімі маглі пад’есьці больш за тысячу чалавек. Побач — на невялікай плошчы Тызэнгаўза з забудовай ХVІІІ стагодзьдзя можна было паглядзець выставу матацыклаў і аўто былых часоў. Адкрыты белы мэрсэдэс гаспадар ператварыў у карэту. Між іншым, машына мела нумар з Пагоняй, якому больш за дваццаць год.

Наступным было адкрыцьцё гарадзенскай алеі кіно з нагоды мноства фільмаў, якія здымаліся ў горадзе. У тратуар умантавалі дзьве памятныя пліты, а начальства разьбіла на шчасьце талерку. Цікава, што «алея» знаходзіцца перад былым кінатэатрам «Гродна», які даўно перастаў ім быць, і кіно там не паказваюць.

Другая сцэна сьвята знаходзілася на Савецкай плошчы. На ёй адкрылі сьвята сыру. Было абвешчана, што гэтым разам гарадзенскі сыр прыбудзе з Рыа-дэ-Жанэйра, адкуль яго нібыта даставіў алімпійскі пераможца Іван Ціхан. Сыр быў уручаны начальству. Якое яго разрэзала. Затым асілак атрымаў ад малочнага камбінату спэцсыр пад назвай «Лідэр», вялікую «шайбу». Побач у сквэры гарадзенцы спаборнічалі, узьнімаючы штангу, зробленую з двух сыроў «Сьметанковы».

Па пэрымэтры плошчы Савецкай былі пастаўленыя намёты каля дзесяці малочных прадпрыемстваў. Аднак набыць сыр напачатку не ўяўлялася магчымым: паўсюль была абвешчаная дэгустацыя, і ўзьніклі вялікія чэргі.

Сёлета сьвята прыпала на 17 верасьня. Гэта хутчэй выпадковасьць, пастаяннай даты няма. Раней улады адзначалі дзень гораду альбо 16 ліпеня, у дзень вызваленьня ад нямецкіх войскаў у 1944 годзе, альбо ў верасьні. Як вядома, Горадня была далучаная да БССР пасьля 17 верасьня 1939. Да таго часу горад знаходзіўся ў складзе Польшчы. Ён не зьяўляўся цэнтрам ваяводзтва, як і ня стаў абласным у канцы 1939. Горадня стала тады райцэнтрам Беластоцкай вобласьці. Толькі ў верасьні 1944-га яна стала цэнтрам вобласьці.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG