Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Бэльгіі ўжылі эўтаназію да непаўналетняга


Ілюстрацыйнае фота

Ілюстрацыйнае фота

Гэта першы такі выпадак пасьля адмены два гады таму ўзроставага абмежаваньня для эўтаназіі.

У Бэльгіі ўжылі эўтаназію да невылечна хворага 17-гадовага падлетка. Гэта першы такі выпадак пасьля адмены два гады таму ўзроставага абмежаваньня для эўтаназіі.

Бэльгія — адзіная краіна, якая дазваляе эўтаназію для непаўналетніх любога ўзросту.

Кіраўнік фэдэральнай рады па эўтаназіі Вім Дыстэльманс сказаў у інтэрвію газэце Het Nieuwsblad, што інфармацыя аб правядзеньні эўтаназіі непаўналетняму паступіла ў раду ад мясцовага лекара на мінулым тыдні.

Умовай для прыняцьця дзецьмі такога рашэньня павінна быць знаходжаньне ў тэрмінальнай стадыі невылечнай хваробы і адначасова здольнасьць прыняць разважлівае рашэньне. Для выкананьня волі хворага, маладзейшага за 18 гадоў, неабходна таксама згода бацькоў.

Бэльгія зьняла забарону на эўтаназію для дзяцей ў 2014 годзе — адпаведны закон быў прыняты парлямэнтам. У законе паказваецца, што ўмовай для прымяненьня эўтаназіі маюць быць «невыносныя фізычныя пакуты» і «неаднаразова выказанае жаданьне памерці».

Эўтаназія для непаўналетніх ўзаконена таксама ў Нідэрляндах, але ў дачыненьні да дзяцей, старэйшых за 12 гадоў. Добраахвотны сыход з жыцьця пры дапамозе лекара дазволены таксама яшчэ ў некалькіх краінах сьвету.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG