Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Разважаюць Уладзімер Глод, Ігар Ільяш і Валер Карбалевіч.

Глод: Афіцыйны прадстаўнік Дзярждэпартамэнту Злучаных Штатаў Амэрыкі Марк Тонэр заявіў, што хоць ЗША і пашырылі ўзаемадзеяньне зь Беларусьсю па цэлым шэрагу пытаньняў, але вяртаньне ў Менск амбасадара «пакуль не стаіць на парадку дня». Паводле словаў Тонэра, Злучаныя Штаты працягваюць ацэньваць сытуацыю ў Беларусі дзень за днём. Парлямэнцкія выбары, кажа афіцыйны прадстаўнік Дзярждэпу, можна разглядаць як выкананьне некаторых абяцаньняў, але Злучаныя Штаты чакаюць большага.

Фактычна ў гэтых словах і ёсьць адказ на маё пытаньне. Хуткае вяртаньне амбасадара азначала б, што Вашынгтон прызнае істотныя зьмяненьні ў лепшы бок у Беларусі. Але ЗША такой ацэнкі сытуацыі не дае, а значыць, і няма патрэбы сьпяшацца з падвышэньнем статусу кіраўніка місіі ў Беларусі. Бо дыплямат у рангу «амбасадар» — гэта адно, а ў рангу «часовы павераны», як апошнія восем гадоў, — гэта зусім іншае. Так, на апошніх парлямэнцкіх выбарах не было гвалту, у Палаце прадстаўнікоў зьявілася некалькі дэмакратычных дэпутатаў. Але ж сама працэдура выбараў калі і зьмянілася, то толькі ў горшы бок. А самае галоўнае — вынікі выбараў улады традыцыйна фальсыфікавалі.

Ужо некалькі гадоў Штаты ўстрымліваюцца ад публічнай крытыкі рэжыму Лукашэнкі.

У Вашынгтоне добра ведаюць сытуацыю ў Беларусі. І ўсё ж наяўнасьць дэмакратычных дэпутатаў у Палаце прадстаўнікоў дае ЗША магчымасьць устрымацца ад вострай крытыкі беларускіх уладаў. Заўважу, што ўжо некалькі гадоў Штаты ўстрымліваюцца ад публічнай крытыкі рэжыму Лукашэнкі. Больш за тое, час ад часу Вашынгтон робіць прыкметныя крокі насустрач Менску. З вуснаў амэрыканскіх чыноўнікаў высокага рангу гучаць заявы пра тое, што ЗША будуць падтрымліваць незалежнасьць і сувэрэнітэт Беларусі. Ну, і, зразумела, у Амэрыцы чакаюць сустрэчных крокаў. Наяўнасьць апазыцыі ў Палаце прадстаўнікоў — адзін зь іх.

Аляксандар Лукашэнка 11 верасьня на ўчастку для галасаваньня сказаў, што Беларусь і ЗША ў хуткім часе могуць аднавіць узаемнае дыпляматычнае прадстаўніцтва на роўні амбасадараў. «Мы пра гэта ў прынцыпе дамовіліся — сказаў ён. — Думаю, пасьля выбараў прэзыдэнта ЗША мы вырашым і гэтую праблему».

Прызначэньне і падрыхтоўка амбасадара для працы ў Беларусі можа заняць нямала часу.

Былы беларускі дыплямат Валер Кавалеўскі, які цяпер працуе ў ЗША, выказаў меркаваньне, што прыезд амэрыканскага амбасадара ў Менск адбудзецца не раней за другую палову 2017 году. Новы прэзыдэнт ЗША заступіць на пасаду ў студзені. А прызначэньне і падрыхтоўка амбасадара для працы ў Беларусі можа заняць нямала часу. Паколькі справа тут прынцыповая, вяртаньне амбасадара Беларусі ў Вашынгтон адбудзецца на аснове ўзаемнасьці, то бок прыкладна ў адзін час з прыездам амбасадара ЗША ў Беларусь.

На заканчэньне адзначу, што ў 2008 годзе, паводле рэкамэндацыі беларускіх уладаў, пасьля ўвядзеньня супраць іх амэрыканскіх санкцыяў Менск пакінулі каля 30 супрацоўнікаў амэрыканскай амбасады, у тым ліку тагачасная амбасадарка Карэн Ст’юарт. З таго часу місія ў Менску працуе без амбасадара і ў скарочаным штаце. Для Вашынгтона прысутнасьць амбасадара ў Менску заўсёды была важным пытаньнем, і Дзярждэпартамэнт неаднойчы агучваў прапанову аднавіць нармальную працу абедзьвюх амбасадаў.

Ільяш: Мне падаецца, што павольнае вырашэньне гэтага пытаньня мае даволі простыя тлумачэньні.

Па-першае, гэта тое, што сапраўды сур’ёзных зьменаў у пляне дэмакратыі і правоў чалавека ў Беларусі не адбылося. Злучаныя Штаты чакаюць большага ад афіцыйнага Менску. Да таго ж мы ўсе ведаем, што ЗША заўсёды больш строга ацэньвалі сытуацыю ў Беларусі, чым Эўразьвяз — вядома, гэта зразумела, улічваючы непараўнальны ўзровень эканамічных ды іншых стасункаў паміж Беларусьсю ды ЗША — і Беларусьсю ды Эўразьвязам. З захапленьнем сустракаць новую лукашэнкаўскую лібэралізацыю Вашынгтон не зьбіраецца.

Не ЗША былі ініцыятарамі выдаленьня свайго амбасадара зь Менску.

Па-другое (фактычна гэта працяг першага пункту), усё ж не ЗША былі ініцыятарамі выдаленьня свайго амбасадара зь Менску. І, мне падаецца, гонар сусьветнай дзяржавы не дазваляе сьпяшацца зь вяртаньнем свайго амбасадара ў Менск без сур’ёзных на тое падстаў. Вытрымаць тут паўзу — гэта хаця б проста добры тон. Спадар Глод слушна заўважыў, што для Вашынгтона прысутнасьць амбасадара ў Менску заўсёды была важным пытаньнем. Але ўсё гэта ніколі не было і ня ёсьць цяпер пытаньнем № 1. У ЗША ёсьць нашмат важнейшыя клопаты сёньня. І нічога ня здарыцца, калі вырашэньне гэтага пытаньня зацягнецца.

Акрамя таго, зьвярну ўвагу і на яшчэ адну дэталь. Экспэрты ня раз казалі пра тое, што наладжваньне стасункаў паміж Менскам і Вашынгтонам у апошнія гады адбывалася пераважна ў непублічнай сфэры. Сам Лукашэнка пра гэта казаў яшчэ на пачатку 2015 году — маўляў, шмат якія рашэньні ў двухбаковых адносінах прымаюцца «не публічна, закулісна, кулюарна». Відаць, такі характар стасункаў на дадзеным этапе мае ў вачах абодвух бакоў шмат плюсаў. Магчыма, абодва бакі ня хочуць сьпяшацца з рашэньнем, якое будзе ў публічнай сфэры ўспрынята як сур’ёзны крок насустрач адзін аднаму. Вяртаньне ж амбасадараў — гэта, вядома, быў бы сур’ёзны паказчык адлігі ў амэрыканска-беларускіх стасунках.

Карбалевіч: Тут зьвяртае на сябе ўвагу такі момант. Афіцыйны прадстаўнік Дзярждэпартамэнту Злучаных Штатаў Амэрыкі Марк Тонэр адзначыў, што паляпшэньне адносін паміж Беларусьсю і Злучанымі Штатамі залежыць ад прагрэсу ў пытаньні дэмакратыі і правоў чалавека ў Беларусі і што вяртаньне ў Менск амбасадара «пакуль не стаіць на парадку дня».

А вось Аляксандар Лукашэнка 11 верасьня на ўчастку для галасаваньня, адказваючы на пытаньне пра пэрспэктывы беларуска-амэрыканскіх адносін, акцэнтуе ўвагу на іншым. Па-першае, ён сказаў, што Беларусь і ЗША ў прынцыпе дамовіліся ў хуткім часе аднавіць узаемнае дыпляматычнае прадстаўніцтва на роўні амбасадараў. То бок нейкія кулюарныя дамовы адбыліся.

Шмат будзе залежаць ад таго, хто пераможа на выбарах у ЗША.

Другі момант, на які зьвярнуў увагу Лукашэнка: «Думаю, пасьля выбараў прэзыдэнта ЗША мы вырашым і гэтую праблему». То бок выбары ў ЗША — гэта другая акалічнасьць, якая заўважна паўплывае на двухбаковыя адносіны. І тут шмат будзе залежаць ад таго, хто пераможа на выбарах. Калі прэзыдэнтам стане Гілары Клінтан, то, можна меркаваць, будзе працягнуты цяперашні курс ЗША адносна Беларусі. То бок паступовая нармалізацыя адносін.

Але Лукашэнка прадказаў перамогу Трампу. Маўляў, амэрыканцы не сасьпелі, каб даверыць кіраваньне дзяржавай жанчыне. Дык вось пры гэтым варыянце пэрспэктывы адносін увогуле ў тумане. Бо сам Трамп ніколі ў жыцьці не займаўся ня толькі замежнай палітыкай, але і палітыкай увогуле. І якая будзе замежная палітыка ЗША, ніхто ўвогуле прадказаць ня можа. Магчыма, Лукашэнку грэюць заявы Трампа, што той нармалізуе адносіны з Расеяй. Ну, а паводле такой лёгікі і адносіны зь Беларусьсю таксама нармалізуе. Але гэта ўсё вельмі няпэўна.

  • 16x9 Image

    Валер Карбалевіч

    Нарадзіўся ў 1955 годзе. Скончыў гістфак БДУ, кандыдат гістарычных навук, дацэнт. Палітычны аглядальнік «Радыё Свабода».

     

     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG