Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Непразрыстыя сьпіны, крайны з «валадаркі» і «немалышка»


Добры вечар! З днём узьяднаньня Заходняй і Ўсходняй вас?

Алесь Чайчыц заклікае ў сваім блогу пра 17 верасьня 1939 году «не рамантызаваць ворагаў і акупантаў». Тады, маўляў, будзе ўсім нам шчасьце, калі мы будзем глядзець на гісторыю зь «беларусацэнтрычнай» пазыцыі, то бок з цэнтру Беларускай Народнай Рэспублікі. Рэкамэндуем – паглядзець і пачытаць.

ЯРМОШЫНА СХІБІЛА. Цэнтрвыбаркам Беларусі зацьвердзіў вынікі выбараў дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў 11 верасьня. Даклад АБСЭ, у якім выбары былі прызнаныя неадпаведнымі міжнародным стандартам, кіраўніца Цэнтрвыбаркаму Лідзія Ярмошына назвала «даволі збалянсаваным», хоць і не «з усім» у дакладзе пагадзілася. Сама яна ўбачыла толькі адну хібу ў выбарчым працэсе, якім апякуецца ўжо 20 гадоў: сябры ўчастковых камісій сваімі сьпінамі закрывалі ад назіральнікаў працэдуру падліку галасоў.

ЧЫЖ РАСПЛАЦІЎСЯ. Бізнэсовец Юры Чыж быў вызвалены з СІЗА КДБ пад падпіску аб нявыязьдзе. Прэс-сакратар КДБ Дзьмітры Пабяржын заявіў, што Чыжа вызвалілі, бо ён кампэнсаваў шкоду, учыненую дзяржаве. Шкода некалі ацэньвалася на 12 мільёнаў даляраў. Кажуць, маёмасьць Чыжа, калі ён быў пад сьледзтвам, прадалі за 100 мільёнаў. Каму яшчэ ён кампэнсаваў?

СУДЗЯЦЬ ТАГО, КАГО ТРЭБА? У Маскоўскім раённым судзе Менску пачаўся суд над фэльчарам з «Валадаркі», якому пракуратура выставіла абвінавачаньне ў неналежным выкананьні службовых абавязкаў, што прывяло да сьмерці вязьня Ігара Пцічкіна ў 2013. Адміністрацыя турмы спачатку заяўляла, што сьмерць вязьня наступіла ад хваробы сэрца, потым прызнала, што ў дачыненьні да Пцічкіна былі ўжытыя спэцсродкі, але нібыта ў межах закону, а памёр ён нібыта таму, што быў наркаманам. Цяпер нібыта вінаваты фэльчар.

НЯ ЗАЙКА І НЯ СОНЕЙКА. Наша блогерка Наста Захарэвіч папярэджвае, што мужчынам ня варта рабіць ёй «сьлізкія камплімэнты» нават тады, калі яна ў кароткай спадніцы. «Я адказваю злосным позіркам і, у залежнасьці ад сытуацыі, выразамі рознай ступені эмацыйнасьці» – піша Наста, якая называе сябе «ня зайкай, ня сонейкам і не малышкай».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG