Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Гомельскія кандыдаты ад апазыцыі лічаць мінулыя выбары «гульнёй у напарсткі»


Парлямэнцкія выбары. Галасаваньне на ўчастку №6 Гомельскай-Цэнтральнай выбарчай акругі. Гомель, 11 верасьня 2016 году

Парлямэнцкія выбары. Галасаваньне на ўчастку №6 Гомельскай-Цэнтральнай выбарчай акругі. Гомель, 11 верасьня 2016 году

На Гомельшчыне ў выбарах у Палату прадстаўнікоў бралі ўдзел звыш двух дзясяткаў дэмакратычных кандыдатаў.

Апроч двух вылучэнцаў Аб’яднанай грамадзянскай партыі, усе яны прайшлі палітычную кампанію да канца, сьцьвярджаючы публічна, што выбараў у Беларусі няма, а ёсьць палітычная кампанія пад назвай «выбары».

Афіцыйныя вынікі

Паводле афіцыйных вынікаў, найбольшую падтрымку выбарнікаў атрымаў незалежны кандыдат з Рагачова, айцішнік Уладзімер Літоўчанка — 12,3 адсотка выбарнікаў.

Уладзімер Літоўчанка

Уладзімер Літоўчанка

На адну дзясятую адсотка менш галасоў у прадстаўніка партыі «Зялёныя» з Гомеля Юрыя Грушакова.

Дзесяць адсоткаў галасоў вяскоўцаў набраў у Гомельскай сельскай акрузе № 37 вылучэнец Беларускай партыі левых «Справядлівы сьвет» Уладзімер Сякерка ў «двубаі» зь дзейнай дэпутаткай Палаты прадстаўнікоў Алай Навумчык.

Блізу дзесяці адсоткаў мае ў Гомельскай-Сяльмашаўскай выбарчай акрузе вылучэнец Партыі БНФ лекар Васіль Раманаў.

Усе астатнія прадстаўнікі дэмакратычных партыяў задаволіліся на выбарах пяцьцю адсоткамі набраных галасоў, плюс-мінус паўтара.

Дэмакратычныя кандыдаты не аспрэчвалі вынікаў галасаваньня.

Марат Афанасьеў

Марат Афанасьеў

Былы дэпутат Вярхоўнага савету, сябра АГП са Жлобіна Марат Афанасьеў сваё «кандыдацтва да канца» патлумачыў гэтак:

«Зьняцца можна было, правёўшы агітацыйную кампанію. Але якім чынам сабраць інфармацыю пра арганізацыю выбараў, падлік галасоў, маніпуляцыі? Праз назіральніцтва ў нейкай ступені — так, канечне. Але ж у кандыдата больш магчымасьцяў. І мяне не засмучае, што „намалявалі“ мне гэтыя пяць адсоткаў галасоў. Людзі сустракаюць, кажуць, што галасавалі за мяне, а калі даведваюцца пра вынік, то зьдзіўляюцца: „Што адбываецца?“ Інакш кажучы, задумваюцца, якія гэта мэтамарфозы адбываюцца з выбарамі».

Альтэрнатыва

Сябра АГП Алена Луцковіч зь мястэчка Акцябрскі, кандыдат у дэпутаты ў Калінкавіцкай выбарчай акрузе № 41, абгрунтоўвае свой удзел у выбарчай кампаніі гэтак:

«Людзі ўбачылі і альтэрнатыўную эканамічную праграму, і альтэрнатыўнага кандыдата».

Алена Луцковіч і давераная асоба Дзяніс Рабянок на пікеце

Алена Луцковіч і давераная асоба Дзяніс Рабянок на пікеце

«На выбарчым участку ў Акцябрскім, дзе я жыву і галасую, мне „намалявалі“ 35 галасоў, а начальніку з Мазыра — 595. Людзі адкрыта сьмяюцца з усёй гэтай арытмэтыкі», — кажа экс-кандыдатка.

Пра альтэрнатыву, паказаную выбарцам, гаворыць і прадстаўнік партыі «Зялёныя» Юры Глушакоў з Гомеля:

«Выбарнікі павінны бачыць альтэрнатыву. Зь іншага боку, мы самі ўбачылі, якая моцная сацыяльная напружанасьць пануе ў грамадзтве. Шмат хто застаўся бяз працы, многія жывуць на жабрацкія заробкі. Афіцыйныя ж кандыдаты ня ходзяць па кватэрах і ня чуюць, што пра іх кажуць людзі. І паколькі ўлада не жадае нічога мяняць пры фармаваньні нават прадстаўнічых органаў, то няцяжка прадказаць, чым усё гэта можа скончыцца».

Аляксандар Шарыпаў прадстаўляе ў рэгіёне ствараную партыю «Беларуская хрысьціянская дэмакратыя». І паколькі ўлады яе не рэгіструюць, то, паводле дамоўленасьці, яго вылучала кандыдатам АГП.

«Кіраўніцтва АГП ведала, — тлумачыць Шарыпаў, — што здымацца з выбараў я не наважаны. У дэпутаты ішоў, каб данесьці да ўладаў, што ў горадзе жывуць грамадзяне, а ня проста насельніцтва. Яны ведаюць заканадаўства і ўмеюць карыстацца сваімі правамі».

Гульня ў напарсткі

Гомельскі грамадзкі актывіст, сябра АГП Уладзімер Няпомняшчых балятаваўся ў Юбілейнай акрузе № 31, але напярэдадні датэрміновага галасаваньня зьняўся з выбараў. У заяве на адмову выконваць абавязкі кандыдата ў дэпутаты напісаў:

«Гэта ня выбары, а гульня шарлатанаў з народам у напарсткі пад назвай «выбары». І далей: «Я ня маю права ашукваць сябе, сваю сям’ю і беларускіх выбарнікаў удзелам у падтанцоўцы Лукашэнкі-Ярмошынай ды іх брыгады».

Пікет Уладзімера Няпомняшчых у Гомелі

Пікет Уладзімера Няпомняшчых у Гомелі

Уладзімер перакананы: якія б добрыя намеры ні агучвалі дэмакратычныя вылучэнцы, седзячы «да канца» ў кандыдатах на так званых выбарах, аб’ектыўна яны спрыялі ўмацаваньню і легітымізацыі існуючага рэжыму зь ягонай закаранелай «выбарчай» сыстэмай, дзе дэпутаты не абіраюцца, а прызначаюцца выканаўчай уладай. З гэтай прычыны яны й ня могуць прадстаўляць у так званым парлямэнце інтарэсы шырокіх слаёў насельніцтва.

Зьняўся з выбараў перад датэрміновым галасаваньнем і Ўладзімер Кацора, яшчэ адзін прадстаўнік АГП у Гомелі. Ягоная каманда правяла ў Сяльмашаўскай акрузе № 32, бадай, найлепшую ў рэгіёне агітацыйную кампанію.

Перадвыбарчыя пікеты Ўладзімера Кацоры ладзіліся пад бел-чырвона-белымі сьцягамі

Перадвыбарчыя пікеты Ўладзімера Кацоры ладзіліся пад бел-чырвона-белымі сьцягамі

«Тыя, хто актыўна сустракаўся зь людзьмі падчас збору подпісаў і ў пэрыяд перадвыбарчай агітацыі, хто сказаў людзям праз тэле- і радыёвыступы пра сваё бачаньне сытуацыі ў краіне і зьняўся з выбараў, захавалі твар. Ісьці „да канца“ на такіх, з дазволу сказаць, выбарах без уключэньня ў склад выбарчых камісіяў сваіх прадстаўнікоў, без агульных для большасьці суб’ектаў апазыцыі ўмоваў удзелу — вялікая памылка. У такім разе ўлада заўсёды выбірае слабае зьвяно. Ганна Канапацкая, наша аднапартыйка ў Менску, і ёсьць гэтае слабае зьвяно. Апазыцыя сьцьвярджае, што выбары ў акрузе не адбыліся, але Канапацкая — у „палатцы“. Трэба быць пасьлядоўнымі. АГП праглынула нажыўку. Маем ад гэтай „рыбалкі“ рыбку з душком», — кажа Ўладзімер Кацора.

Некаторыя грамадзкія актывісты, як, прыкладам, Дзяніс Рабянок з Калінкавічаў, давераная асоба на выбарах кандыдата ў дэпутаты ад АГП Алены Луцковіч, таксама лічаць, што лідэр партыі Анатоль Лябедзька зрабіў «вялікую памылку, калі вырашыў ухваліць рашэньне Канапацкай не здаваць свой дэпутацкі мандат».

Летась, як толькі скончыліся прэзыдэнцкія выбары, на якіх дэмакратычныя структуры ня здолелі вылучыць адзінага кандыдата, апазыцыйныя палітыкі загаварылі пра падрыхтоўку да парлямэнцкіх выбараў. Рыхтавацца нібыта й рыхтаваліся, а пра адзінства дзеяньняў зноў не дамовіліся. У шэрагу акругаў сышліся па трое дэмакратычных кандыдатаў, але, бывала, на сустрэчы зь імі зьбіралася толькі паўтара дзясятка выбарнікаў. І нават у такой сытуацыі дэмакратычныя вылучэнцы ўдзельнічалі ў выбарах «да канца».

Намесьнік старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі Васіль Палякоў, які жыве ў Гомелі, падсумоўваючы ўдзел дэмакратаў у сёлетніх выбарах, кажа, што «апазыцыйныя партыі стаміліся і ад байкотаў, і ад удзелу ў псэўдавыбарах». І паколькі ня мелі нейкай іншай слушнай стратэгіі, то вырашылі выкарыстоўваць тыя мажлівасьці кампаніі, якія ёсьць.

«Канечне, ігнараваньне на апошнім этапе гэтай кампаніі было б найлепшай стратэгіяй, — перакананы Палякоў. — Але дзеля гэтага неабходна агульнае рашэньне апазыцыі. Тады гэта было б заўважна, і з такім рашэньнем лічыліся б і ўлады, і Захад».

Што да дэпутацтва сябра АГП Ганны Канапацкай, то палітык лічыць, што новую сытуацыю — афіцыйнае прадстаўніцтва ў парлямэнце — варта выкарыстоўваць максымальна.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG