Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Гэта я. Гэта я тая хамка на вуліцы, што ня радуецца вашым сьлізкім камплімэнтам і не расплываецца ў шчасьлівай усьмешцы ад таго, што вы гучна паведамілі пра свае сэксуальныя жаданьні. Я адказваю злосным позіркам і, у залежнасьці ад сытуацыі, выразамі рознай ступені эмацыйнасьці. Я ня зайка, ня сонейка і не малышка, не дзяўчынка, не маленькая і ня коцік. Я не ўсьміхаюся вам у адказ і адмаўляюся прымаць няпрошаныя заляцаньні і недарэчнае панібрацтва за ветлівасьць і мілы флірт.

Часта кажуць, што няўважлівасьць да чужых асабістых межаў — тэма агульначалавечая, і што гендэрны акцэнт тут — штучнае перацягваньне коўдры. Але па нейкім неверагодным супадзеньні зайкай аказваюся заўжды я, а не незнаёмец у кароткіх шортах, якія так падкрэсьліваюць форму сьцёгнаў. Па іншым неверагодным супадзеньні, як толькі я пачынаю абараняць уласныя межы, я перастаю быць зайкай і станаўлюся няўдзячнай, фанабэрыстай і ўвогуле неадэкватнай. Ад любові да нянавісьці адзін крок? Толькі вось любові не было першапачаткова, а было толькі выбудоўваньне герархіі, у якой мяне паставілі на ніжэйшую ступень.

Па нейкім неверагодным супадзеньні зайкай аказваюся заўжды я, а не незнаёмец у кароткіх шортах.

Няпрошаныя парады і камэнтары з нагоды зьнешнасьці і паводзінаў — у большасьці выпадкаў прыхаванае альбо непрыхаванае жаданьне ўлады і кантролю. «Ну ты цяпер проста супэр! Але больш не худней, мужчыны любяць, каб было за што патрымацца. Трэба каб былі формы.» — кажа мне айчым пасьля таго, як я перамагла непрыемны дыягназ і схуднела на 17 кіляграмаў. «Эй, цёлачка, паехалі катацца» — крычаць мне на пустой цёмнай вуліцы з машыны на перакрыжаваньні. На мае шчырыя адказы пакрыўдзіліся ў абодвух выпадках.

Ні рост, ні вага, ні стыль вопраткі, ні манэра паводзінаў нічога не вырашаюць для тых, хто лічыць прымальным нахабна парушаць асабістыя межы. Спробы патлумачыць усё кароткімі спадніцамі, яркім макіяжам, цёмным завулкам, доўгімі валасамі — чарговае абвінавачваньне ахвяры. Безумоўна, вопратка грае камунікатыўную функцыю і зьяўляецца пэўным паведамленьнем навакольлю, але (сюрпрыз!!!) кароткая спадніца — гэта не запрашэньне ў госьці і нават не заклік да размовы.

У доме, дзе я жыву, няма гарачай вады з сярэдзіны лютага. Безьліч прадстаўнікоў розных арганізацый фактычна пасяліліся ў нашым двары. Сярэднестатыстычны працоўны любой іх брыгады — саракагадовы мужчына з трохдзённай няголенасьцю, двухдзённай нямытасьцю, так званым піўным жыватом, нізкім узроўнем агульнай эрудыцыі і сьвятой упэўненасьцю, што я сплю і бачу, як ён са мной фліртуе.

Ён думае, што «гаспадынька, а ты з якой кватэры? Мы да цябе на гарбатку прыйдзем!» — гэта міла і радасна.

Ён думае, што «гаспадынька, а ты з якой кватэры? Мы да цябе на гарбатку прыйдзем!» — гэта міла і радасна. І праўда, як жа гэта магчыма, каб жанчыне не падабалася яго хамаватая ўвага. Па чарговым неверагодным супадзеньні аб’ём увагі прапарцыйны нямытасьці.

У паліклініцы я не «мая дзяўчынка», у аўтобусе ня «мілачка», і ў пашпартным стале не «душанька». Я разумею, што ў сучаснай беларускай маўленчай культуры ёсьць праблема са зваротамі, асабліва да незнаёмых людзей. Тым ня менш, існуе нямала ветлівых і паважлівых, збольшага безасабовых, формаў. «Будзьце ласкавы», «калі ласка», «прашу» — гэтымі выразамі дарэчы пачынаць абсалютную большасьць рэплік у дачыненьні на незнаёмак і незнаёмцаў. Ня «мілачка, перадай за праезд», а «будзьце ласкавы, перадайце за праезд».

Нас вучаць быць зручнымі для навакольных і абясцэньваць уласныя эмоцыі і жаданьні.

Зь дзяцінства большасьць беларускіх дзяўчат вучаць быць ветлівымі, падатлівымі і ўдзячнымі, што на самой справе найчасьцей значыць быць зручнымі. Нас вучаць быць зручнымі для навакольных і абясцэньваць уласныя эмоцыі і жаданьні. «Ну што табе, цяжка ўсьміхнуцца ў адказ?». Цяжка. Мне цяжка. І я ня буду ўсьміхацца ў адказ на няпрошаныя парады і псэўдакамплімэнты. Мяжа маёй ветлівасьці — гэта сказаць «я ведаю» ў адказ на пачутае на вуліцы «оў, якія ножкі!». І я не буду выбачацца за тое, што патрабую да сябе павагі.

Нас тысячы, нас мільёны па ўсім сьвеце. Мы стаміліся ад бясконцых памяншальна-ласкальных зваротаў у свой адрас, ад нежаданых псэўдакамплімэнтаў і няпрошаных парадаў. Мілыя, будзьце душанькамі! Не трэба так.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG