Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

У вызначэньні нашага стаўленьня да падзеяў 1920-х і 1930-х гадоў мы не абавязаныя рабіць выбар паміж Польшчай ці СССР.

Афіцыйная дзяржаўная ідэалёгія ў Беларусі мае адназначную вэрсію таго, што адбылося 17 верасьня 1939 году. У той дзень савецкія войскі перайшлі савецка-польскую мяжу і занялі акупаваную Польшчай заходнюю частку былой Беларускай Народнай Рэспублікі. У афіцыйнай гісторыяграфіі дзеяньні СССР называюцца «вызваленчым паходам», а анэксія Заходняй Беларусі — яе ўзьяднаньнем з БССР.

На хвалі гэтага апазыцыйная грамадзкасьць часта рэагуе сыходам у іншую крайнасьць і пачынае выяўляць польскую акупацыю як нейкі сьветлы настальгічны час. Тут і выставы пра беларусаў у польскім войску, і пераапрананьне ў жаўнераў Корпусу Аховы Памежжа, дый нават працяты настальгіяй «Народны альбом» зь 90-х гадоў. Далучэньне Заходняй Беларусі да СССР у пераважнай большасьці незалежных беларускіх СМІ цяпер разглядаецца адмоўна. Але пра тое, што час польскай акупацыі для Заходняй Беларусі меў таксама шмат нэгатыўных бакоў, згадваць ня прынята.

Так, міжваенная аўтарытарная Польшча была краінай, дзе беларусы былі пэрыфэрыйнай, але часткай заходняга сьвету. Людзі мелі прыватную ўласнасьць і жылі ва ўмовах ня вельмі эфэктыўнае, але рынкавае эканомікі. Хто меў грошы (такіх людзей было няшмат), мог падарожнічаць, вучыцца за мяжой ці хаця б гастарбайтэрстваваць у Францыі і ЗША. Нарэшце, гэта была краіна, дзе адкрытыя беларускія незалежнікі пэўны час былі ажно ў складзе нацыянальнага парлямэнту — у той час, як у БССР іх проста зьнішчалі ў ГУЛАГу і Курапатах. Усё гэта бясспрэчна.

Для многіх сьветлы вобраз Заходняй Беларусі ў складзе Польшчы зьвязаны з успамінамі блізкіх сваякоў, якія былі сьведкамі таго часу.

Разумею таксама, што для многіх сьветлы вобраз Заходняй Беларусі ў складзе Польшчы зьвязаны з успамінамі блізкіх сваякоў, якія былі сьведкамі таго часу. Усе мае беларускія продкі таксама жылі ў Заходняй Беларусі, таксама пасьля вайны не любілі савецкую ўладу і сумавалі па тым, як «за польскім часам» быў парадак і свая ўласная зямля.

Але гэта не касуе таго факту, што заходнія беларусы ў 1939 годзе сустракалі Чырвоную армію кветкамі.

Міжваенная Польшча была краінай, чыя дзяржаўная палітыка была накіраваная на павольную ліквідацыю беларускай нацыі і ператварэньне заходніх беларусаў у палякаў. Уплывовыя польскія шавіністы простым тэкстам казалі пра беларусаў як пра «горшы гатунак палякаў», а пра Беларусь — як пра аб’ект для польскай калянізацыі. Як нацысты ў Нямеччыне, так і «эндэкі» ў Польшчы былі аднолькава заклапочаныя тым, каб самасьцьвердзіцца за кошт іншых нацый: у польскім выпадку — за кошт беларусаў.

Супраць дзеячаў беларускага нацыянальнага руху ішлі безупынныя рэпрэсіі. Кожны раз, калі вы ў сваіх мроях чапляеце на галаву канфэдэратку, падкручваеце даўгі сармацкі вус і зацягваеце песьню пра бравую Пінскую флятылію, успамінайце, калі ласка, што польская дзяржава па палітычных матывах асудзіла Браніслава Тарашкевіча, Сымона Рака-Міхайлоўскага і многіх іншых беларускіх незалежнікаў на тэрміны зьняволеньня, параўнальныя з тэрмінамі Міколы Статкевіча ці Паўла Севярынца ў лукашэнкаўскіх турмах.

Да 1939 году ў Заходняй Беларусі не засталося амаль ніводнай беларускамоўнай навучальнай установы. Беларускія СМІ былі пад жорсткай цэнзурай. Пра адсутнасьць афіцыйнага статусу беларускай мовы і хаця б фармальнай аўтаноміі Заходняй Беларусі можна нават ня згадваць.

Калі б не вайна, празь лічаныя дзесяцігодзьдзі «беларускае пытаньне» ў Польшчы было б канчаткова «вырашанае».

Калі б не вайна, празь лічаныя дзесяцігодзьдзі «беларускае пытаньне» ў Польшчы было б канчаткова «вырашанае», і сёньня Горадня, Берасьце, Баранавічы і Койданава былі б чыста польскімі гарадамі з трошачкі праваслаўным калярытам. Такім цяпер ёсьць Беласток, аддадзены Польшчы Сталінам пасьля вайны. Так, у сучасным Беластоку жывецца лепей, чым у сучаснай Горадні. Але ад некалькісоттысячнай беларускай меншасьці (меншасьці?) ў Падляшшы за гэты час засталіся толькі невялікія рэшткі. Нават нашчадкі праваслаўных беларусаў цяпер збольшага ідэнтыфікуюць сябе ў якасьці «праваслаўных палякаў», а сярод тамтэйшых каталікоў (напрыклад, зь сям’і этнічных беларусаў, відавочна, паходзіў легендарны айцец Ежы Папялушка) беларуская нацыянальная сьвядомасьць нават яшчэ ніжэйшая.

Вось такая беларуская дылема што да 17 верасьня 1939 г. і польскай акупацыі Заходняй Беларусі. У сталінскім СССР беларусы мелі фармальную аўтаномію, якая ў 1991 годзе змагла ператварыцца ў сувэрэнную дзяржаву, але жылі дрэнна ды ва ўмовах жорсткага таталітарнага рэжыму. У міжваеннай Польшчы беларусы жылі ўва ўмовах аўтарытарнага, але больш мяккага рэжыму ды ў лепшых эканамічных умовах — але былі прырэчаныя на зьнікненьне як нацыя.

Ня трэба ставіць сябе ў сытуацыю хлусьлівага выбару, калі за адсутнасьць сталінскіх рэпрэсій і калектывізацыі вам запрапануюць дараваць Польшчы паўзучы этнацыд беларусаў.

Які з гэтых варыянтаў лепшы? Адказ на гэтае пытаньне ў тым, што мы не абавязаныя даваць ніякага адказу. Ня трэба ставіць сябе ў сытуацыю хлусьлівага выбару, калі за адсутнасьць сталінскіх рэпрэсій і калектывізацыі вам запрапануюць дараваць Польшчы паўзучы этнацыд беларусаў (а як гэта яшчэ назваць?) у 20-я і 30-я гады мінулага стагодзьдзя.

Польская акупацыя Заходняй Беларусі 1919-1939 гг. падобная да лукашэнкаўскага рэжыму, прычым ня толькі ўзроўнем дэмакратыі і стаўленьнем да беларускай мовы і беларускага нацыянальнага адраджэньня. Хаця лукашэнкаўскі рэжым за дваццаць гадоў прайшоў ад суцэльнай беларусафобіі ў бок цярпімасьці і сымпатыі да беларускай мовы, а польскі акупацыйны рэжым 20-х і 30-х эвалюцыянаваў роўна ў супрацьлеглым кірунку.

Сымпатыі апазыцыйнай грамадзкасьці да часу міжваеннай польскай акупацыі ў прынцыпе падобныя да сымпатыяў шэрагу беларускіх публічных асобаў да лукашэнкаўскага рэжыму.

Сымпатыі апазыцыйнай грамадзкасьці да часу міжваеннай польскай акупацыі ў прынцыпе падобныя да цяперашніх сымпатыяў шэрагу беларускіх публічных асобаў з грамадзкага сэктару да лукашэнкаўскага рэжыму. Польская акупацыя Заходняй Беларусі чыста па-чалавечы больш сымпатычная за сталінскі тэрарыстычны рэжым у тагачаснай БССР, пагатоў з улікам таго, якую алергію нармальны чалавек мае на афіцыёзную савецкую і постсавецкую дзяржаўную ідэалёгію ў Беларусі. Аналягічна і лукашэнкаўскі рэжым у цяперашні час выглядае (і зьяўляецца) лепшай альтэрнатывай на фоне рызыкі агрэсіі з боку пуцінскай Расеі. Ды толькі ня трэба забывацца, што пры гэтым ён не перастае быць адсталай дыктатурай з цэнзурай, бутафорскімі выбарамі і палітычнымі вязьнямі.

Рамантызацыя міжваеннай Польшчы зь яе дробнабуржуазнымі радасьцямі і антысаветызмам — гэта роўна тое ж самае, што рамантызацыя СССР зь ягонымі фармальна аўтаномнай БССР і фармальна беларускім БДУ.

І Польшча, і СССР для Беларусі былі акупантамі, якія за кошт Беларусі імкнуліся дасягнуць сваіх уласных мэтаў.

Адзіны бок, з кім сучасная незалежная Беларусь можа сябе ідэнтыфікаваць, гэта акупаваная Беларуская Народная Рэспубліка і людзі, якія змагаліся за яе вызваленьне.

Не рамантызуйце ворагаў і акупантаў. У тых часах адзіны бок, з кім сучасная незалежная Беларусь можа сябе ідэнтыфікаваць, гэта акупаваная Беларуская Народная Рэспубліка і людзі, якія змагаліся за яе вызваленьне: Рада БНР у выгнаньні і незалежніцкае падпольле/паўпадпольле на Беларусі — антысавецкае на ўсходзе і антыпольскае на захадзе. Мы павінны шанаваць памяць усіх тых людзей — з «Грамады», Беларускай Хрысьціянскай Дэмакратыі, Таварыства Беларускае Школы і, верагодна, нават КПЗБ — дзякуючы якім Заходняя Беларусь засталася Заходняй Беларусьсю. Трэба імкнуцца будаваць сваю незалежную і свабодную краіну, за якую многія з гэтых людзей ахвяравалі сваімі жыцьцямі і зьяўленьню якой у першай палове 20-га стагодзьдзя аднолькава супраціўляліся і бальшавікі, і палякі.

Калі мы хочам паважаць саміх сябе і каб нас паважалі іншыя, мы мусім глядзець на гісторыю зь «беларусацэнтрычных» пазыцый, а не з пазыцый ворагаў Беларусі. Гэта аксіёма, іначай проста ня можа быць.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG