Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Конкурс па мэмарыялізацыі Курапатаў: «Менш рамантыкі і больш крывавай рэальнасьці»


У Курапатах адбылася сустрэча патэнцыйных удзельнікаў творчага конкурсу па мэмарыялізацыі Курапатаў, якую правялі чальцы аргкамітэту конкурсу і лідэры грамадзкай ініцыятывы «Экспэрты ў абарону Курапатаў».

Актывісты ініцыятывы пазнаёмілі мастакоў, скульптараў і дызайнэраў з новымі фактамі ў дасьледаваньні гісторыі ўрочышча. Мэта — найбольш поўна і праўдзіва ўвасобіць у будучым мэмарыяле трагедыю Курапатаў.

Пра вядомыя і новыя факты ў гісторыі Курапатаў удзельнікам сустрэчы расказаў сябра аргкамітэту Марат Гаравы. Сябра ініцыятывы Вацлаў Арэшка сказаў Свабодзе:

«Апытаныя яшчэ жывыя сьведкі і знойдзеная новая інфармацыя пра Курапаты. І для нас гэтая інфармацыя стварае новае аблічча Курапатаў. Мы звыкліся з мастацкім уяўленьнем пра Курапаты, а насамрэч ёсьць не рамантычная, а грубая, крывавая рэальнасьць».

Сябра аргкамітэту і ініцыятывы «Экспэрты ў абарону Курапатаў» Вінцук Вячорка падсумаваў сустрэчу:

«НКВДшны плот, вароты, меркаваная будка, артэфакты, пра якія апавялі апытаныя сьведкі, — гэта крайне важна для мастацкага ўвасабленьня той жудаснай эпохі. Я спадзяюся, што тыя мастакі, дызайнэры, якія прыйшлі, яны вынесуць плённыя і важныя для сябе эмацыйныя і практычныя інфармацыйныя імпульсы для конкурсу».

Творчы конкурс па мэмарыялізацыі Курапатаў грамадзкая ініцыятыва «Экспэрты ў абарону Курапатаў» абвясьціла летась падчас правядзеньня першай у гісторыі сучаснай Беларусі мастацкай выставы пра Курапаты, якая прайшла ў Палацы мастацтваў у Менску.

XS
SM
MD
LG