Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь адмовіла ў прытулку іранцу, якога могуць пакараць сьмерцю на радзіме


Менскі гарадзкі суд не скасаваў рашэньне аб адмове надаць статус бежанца іранцу Мэгрдаду Джамшыдыяну, паведамляе сайт Naviny.by.

Джамшыдыян жыў у Беларусі з 1993 году, быў затрыманы ў 2012 годзе па запыце аб экстрадыцыі з іранскага боку. Іран падазрае яго ў падвойным забойстве — маці і роднага брата, які быў лідэрам апазыцыйнага руху — за што прадугледжана сьмяротнае пакараньне. Таксама Джамшыдыян у 2002 годзе зьмяніў рэлігію — перайшоў з ісламу ў хрысьціянства, што таксама можа карацца сьмерцю.

Абвінавачаны сьцьвярджае, што не забіваў родзічаў: забойства здарылася ў верасьні 2012 году, а ён вярнуўся ў Беларусь яшчэ 25 жніўня. Пляменьніца і другі брат Джамшыдыяна, прызнаныя пацярпелымі, ня раз зьвярталіся ў праваахоўныя органы з просьбай спыніць крымінальную справу супраць Мэгрдада: сям’я лічыць яе «палітычнай расправай».

Іранец, які хаваецца ў Беларусі ад «вартавых рэвалюцыі»: Статусу ўцекача не даюць, часовай працы ня стала

З просьбай не высылаць Джамшыдыяна да Беларусі зьвярнуўся Камітэт па правах чалавека ААН, але Беларусь можа праігнараваць просьбу, бо тая носіць рэкамэндацыйны характар.

Раней Генпракуратура Беларусі двойчы адмаўлялася выдаць яго іранскаму боку. Па словах адвакаткі Джамшыдыяна Натальлі Мацкевіч, іранскі бок не прадставіў Беларусі пастанову аб прыцягненьні да адказнасьці і ордэр на арышт. Іран заяўляе, што абвінаваўцам у справе выступае бацька Мэгрдада, які насамрэч памёр у 2007 годзе.

Іранец, які жыве ў Беларусі: На грошы, якія Іран заробіць на продажы нафты, зноў закупяць зброю ў Расеі

Джамшыдыян яшчэ мае права зьвярнуцца са скаргай у Вярхоўны суд, на час разгляду скаргі ўлады могуць прыпыніць высылку, але могуць і выслаць іранца ў любы момант. У Беларусі ў Джамшыдыяна жонка і трое дзяцей.

XS
SM
MD
LG