Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Дзейны экспанат усталяваны ў адной з прыбіральняў музэю Ґуґенгайма.

Калі вам калі-небудзь хацелася скарыстацца залатым унітазам, цяпер маеце такую магчымасьць. Знакаміты музэй Ґуґенгайма ў Нью-Ёрку ўсталяваў у адной з прыбіральняў поўнафункцыянальны ўнітаз з 18-каратнага золата.

Элітны сантэхнічны прыбор, скарыстацца якім прапануецца заўсёднікам музэю, быў створаны італьянскім мастаком Маўрыцыё Катэлянам, які сьцьвярджае, што праца прысьвечаная праблеме эканамічнай няроўнасьці.

У музэі залаты ўнітаз называюць «сьмелай і дзёрзкай працай, якая нагадвае нам пра непазьбежныя фізіялягічныя рэаліі чалавечага існаваньня». Сьцьвярджаецца таксама, што сэнс экспаната ў тым, каб «даць шырокай грамадзкасьці доступ да раскошы, якая, здавалася б, прызначаная для славутага 1 адсотка».

Журналіст газэты The New York Times, якому ўдалося скарыстацца залатым тронам да афіцыйнага адкрыцьця экспаната, адзначыў, што ён «лепш за ўсё глядзіцца ў момант выкарыстаньня і зьзяе так, што балюча глядзець, асабліва падчас змываньня, што можна разглядаць як новы постмадэрнісцкі шык».

Паводле дадзеных газэты, адкрыцьцё дзіўнага экспаната затрымалася празь цяжкасьці з усталяваньнем. Унітаз быў аплочаны прыватнымі донарамі, яго кошт не называецца. З гэтага часу ён будзе ўвесь час даступны для карыстаньня ў прыбіральні на шостым паверсе музэю.

Гэта ўжо ня першы раз у гісторыі мастацтва, калі мастакі зьвяртаюцца да «туалетнай» тэмы. У 1917 годзе Марсэль Дзюшан зрабіў з прымацаванага да сьцяны фарфоравага пісуара экспанат пад назвай «Фантан».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG