Лінкі ўнівэрсальнага доступу

За сьмерць зьбітага вязьня СІЗА Пцічкіна ў судзе адказвае фэльчар


Партрэт памерлага Ігара Пцічкіна. Падчас пікету ля турмы на вуліцы Валадарскага, 14 верасьня 2013 году

Партрэт памерлага Ігара Пцічкіна. Падчас пікету ля турмы на вуліцы Валадарскага, 14 верасьня 2013 году

У Маскоўскім судзе пачынаецца працэс, якога пацярпелыя і грамадзкасьць дамагаліся з 2013 году.

16 верасьня ў Маскоўскім раённым судзе Менску будуць судзіць фэльчара «Валадаркі» Крылова, якому пракуратура выставіла абвінавачаньне ў неналежным выкананьні службовых абавязкаў, што прывяло да сьмерці вязьня ізалятара Ігара Пцічкіна.

Трагічная гісторыя адбылася ў пачатку жніўня 2013 году. У СІЗА нумар 1 на вуліцы Валадарскага ў Менску ўсяго празь некалькі дзён адбыцьця арышту за ваджэньне аўтамабіля без правоў памёр малады мянчук Ігар Пцічкін. Адміністрацыя ўстановы спачатку заявіла, што сьмерць вязьня наступіла ад хваробы сэрца, потым прызнала, што ў дачыненьні да Ігара Пцічкіна былі ўжытыя спэцсродкі, але нібыта ў межах закону, а памёр вязень нібыта таму, што быў наркаманам і ня вытрымаў устрыманьня ад наркотыкаў.

Сваякі Ігара Пцічкіна тры гады даказвалі, што ягоная сьмерць магла быць гвалтоўнай. Родныя дамагліся эксгумацыі цела памерлага і экспэртызы, якая пацьвердзіла наяўнасьць на целе сьлядоў гвалтоўнага ўзьдзеяньня. Таксама экспэртыза не знайшла ў целе Ігара Пцічкіна сьлядоў ужываньня наркатычных сродкаў. За тое, каб прычыны сьмерці Ігара Пцічкіна былі дасканала расьсьледаваныя, змагаліся таксама беларускія праваабаронцы ды прадстаўнікі грамадзкасьці. Гэтак, пад мурамі «Валадаркі» ў верасьні 2013 году прайшоў несанкцыянаваны пікет, які скончыўся затрыманьнямі і арыштамі, у тым ліку журналістаў.

Улетку 2016 году стала вядома, што пракуратура Беларусі перадала ў Маскоўскі суд крымінальную справу супраць фэльчара «Валадаркі» А. Крылова, які дзяжурыў у дзень сьмерці Ігара Пцічкіна. Фэльчар нібыта не надаў вязьню належную мэдычную дапамогу, і гэта прывяло да сьмерці Ігара Пцічкіна, лічаць у пракуратуры. Між тым у завядзеньні крымінальнай справы на ахоўнікаў «Валадаркі», якія ўжывалі адносна Ігара Пцічкіна фізычную сілу, пракуратура дагэтуль адмаўляе.

«Выявіць паходжаньне цялесных пашкоджаньняў як у ходзе расьсьледаваньня крымінальнай справы, так і пры правядзеньні праверкі па вылучаных матэрыялах, не ўяўляецца магчымым», — паведамілі маці памерлага Жане Пцічкінай з Маскоўскага РУУС Менску, дзе праводзілі чарговую праверку сьмерці вязьня.

Жанна Пцічкіна і праваабаронцы працягваюць дамагацца прыцягненьня да крымінальнай адказнасьці супрацоўнікаў менскага СІЗА.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG