Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Ужо сёньня, 16 верасьня: гадавіна зьнікненьня Ганчара і Красоўскага, 70 гадоў Законьнікаву


Падзеі для ў Беларусі, сьвеце, гісторыі.

Афіша:

Дэнвэр (штат Калярада, ЗША) — Разьвітаньне зь Юрасём Хадыкам і царкоўнае адпяваньне паводле ўніяцкага абраду. Адрас: 1338 S Jayson Street, Denver, CO 80223.

Менск — паніхіда па Юрыю Хадыку ў капліцы грэка-каталіцкага душпастырскага цэнтру Праведнага Язэпа ў Менску (вуліца Арджанікідзэ, дом 6; мэтро «Аўтазаводзкая»). Пачатак а 19-ай.

Эйндховэн, Нідэрлянды — у сямнаццатую гадавіну гвалтоўнага зьнікненьня Віктара Ганчара і Анатоля Красоўскага ў Эйндховэне пройдзе традыцыйная штогадовая цырымонія ўшанаваньня памяці зьніклых беларусаў.16 верасьня 2008 года пры ўдзеле муніцыпальных уладаў у цэнтры Эйндховэна, які ў 1995-2012 гг. зʼяўляўся горадам-пабрацімам Менску, былі пасаджаныя чатыры дуба ў памяць аб Юрыю Захаранку, Віктару Ганчару, Анатолю Красоўскім, Зьмітры Завадзкім.

З тых часоў кожны год 16 верасьня ў Эйндховэне праходзіць цырымонія ўшанаваньня памяці гвалотоўна зьніклых беларусаў. У гэтым годзе цырымонія пачнецца ў 16:00 на Paradijslaan. Адкрые цырымонію дачка гвалтоўна зьніклага Анатоля Красоўскага Валерыя. З прамовай выступяць Крысьці Мтдэма («Міжнародная Амністыя»), Вім Дэкэрс (Фэдэрацыя Нідэрляндзкіх Прафсаюзаў), Мары-Эн Схрэўрс (прадстаўнік гарадзкіх уладаў Эйндховэна). Мерапрыемства арганізавана «Міжнароднай Амністыяй», Фэдэрацыяй Нідэрляндзкіх Прафсаюзаў (FNV), і фондам «Мы памятаем».

У гэты ж дзень у 14:30 арганізатары цырымоніі ўшанаваньня памяці правядуць пікет супраць сьмяротнага пакараньня ў Беларусі на плошчы 18 Septemberplein.

У гісторыі:

1810 — Мэксыка абвясьціла незалежнасьць ад Гішпаніі.

1908 — заснавана амэрыканская кампанія General Motors, якая была найбуйнейшым вытворцам аўтамабіляў на сьвеце да 2007 году, калі гэты тытул забрала ў яе японская Таёта.

1963 — узьнікла фэдэратыўная дзяржава Малайзія.

1970 — у апытаньні музычнага часопісу «New Musical Express» тытул найлепшай групы году дастаўся «Led Zeppelin». Гэты рок-гурт перамог і ў апытаньні чытачоў газэты «Melody Maker». Да гэтага апытаньня сем гадоў запар найлепшай музычнай групай Вялікабрытаніі брытанцы нязьменна называлі «The Beatles», якая ў верасьні 1970 ужо не існавала.

1999 — зьніклі беларускі палітык Віктар Ганчар і прадпрымальнік Анатоль Красоўскі.

У гэты дзень нарадзіліся:

1909 —Лукаш Калюга, беларускі пісьменьнік. У 1931 скончыў Беларускі пэдагагічны тэхнікум, уваходзіў у літаратурнае аб’яднаньне «Узвышша». Пачаў публікаваць аповесьці і апавяданьні з 1927. У студзені 1933 арыштаваны і асуджаны на 5 гадоў пазбаўленьня волі, сасланы ў Ірбіт (цяпер Краснаярскі край). Паўторна арыштаваны 5 кастрычніка 1937 і ў той самы дзень расстраляны. У 1974 выйшаў яго зборнік апавяданьняў і аповесьцяў «Ні госьць ні гаспадар».

1937 — Барыс Луцэнка, тэатральны рэжысёр

1937 — Аляксандар Мядзьведзь, выбітны спартовец, барэц вольнага стылю, трохразовы алімпійскі чэмпіён.

1938 —Віктар Дашук, беларускі кінарэжысэр-дакумэнталіст.

1946 —Сяргей Законьнікаў, беларускі паэт і публіцыст. У гэты дзень памерлі

1744 — Міхал Сервацы Вішнявецкі, дзяяч Вялікага Княства Літоўскага.

1940 — Сяргей Паўловіч, багаслоў і перакладчык.

1965 — Адам Трыпус, дзеяч БНР. Трагічна загінуў у Берасьці ў 1965 годзе. Быў знойдзены на вуліцы ў выніку зьбіцьця невядомымі пры нявысьветленых абставінах. Памёр ва ўзросьце 70 гадоў. У пасьведчаньні аб сьмерці прычынай сьмерці быў пазначаны «гіпэртанічны крыз».

Цытата:

"Мне сорамна не столькі за беларусаў, колькі перад самім сабой. Сорамна, што я магу крыкнуць, а не крычу. Сорамна за маўклівых людзей, а іх не становіцца менш. Хоць з часам, можа быць..."

Віктар Дашук

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG